Знайсці
04.05.2020 / 17:137РусŁacБел

Дактары кажуць, што раннюю пнеўманію выяўляе камп'ютарная тамаграфія. Дзе можна запісацца на КТ і каму гэта патрэбна?

У гісторыях тых, хто захварэў на каранавірус і меў запаленне лёгкіх, часта сустракаецца такі момант: пнеўманію выявіла камп'ютарная тамаграфія. Ад медыкаў таксама можна пачуць, што запаленне лёгкіх на ранняй стадыі больш дакладна дыягнастуе КТ, а не флюараграфія.

У паліклініках накіраванне на бясплатнае КТ даюць тым, у каго выяўлены каранавірус ці хто мае сіптомы хваробы і з'яўляецца кантактам першага ўзроўню.

Але не ўсім, хто мае павышаную тэмпературу ці нават такі трывожны сімптом, як страта нюху, робяць тэст на каранавірус. Ці можна самому платна запісацца на КТ, каб не занядбаць пнеўманію?

Фота Надзеі Бужан.

«Наша Ніва» абзваніла 17 мінскіх медустаноў, дзе ёсць такая паслуга. У большасці з іх платных абследаванняў цяпер не робяць — у сувязі з каранцінам у бальніцах. Калі адновяць, невядома. У адной з устаноў выказалі меркаванне, што мінімум да канца мая кабінет платных паслуг будзе закрыты.

У 38-й гарадской паліклініцы нельга запісацца, бо зламаны апарат. «Няхутка адрамантуюць», — адказалі ў паліклініцы.

Толькі ў трох установах з тых 17 платнае КТ яшчэ ў сіле. Гэта Гарадская дзіцячая клінічная інфекцыйная бальніца, бальніца хуткай медыцынскай дапамогі і прыватны медцэнтр «Ладэ».

У дзіцячай інфекцыёнцы можна патрапіць на КТ на наступным тыдні. У БХМД таксама ёсць месцы на абследаванне на наступны тыдзень — запіс вядуць па пятніцах. У «Ладэ» найбліжэйшы сеанс — у канцы мая. Цэны ў дзяржустановах удвая ніжэйшыя.

Важная ўмова: для КТ у любым выпадку патрэбна накіраванне ці рэкамендацыя доктара (даведка, выдадзеная ў прыватных цэнтрах, таксама прымаецца).

Тэрапеўт Наталля Кузняцова перасцерагае: усім бегчы на камп’ютарную тамаграфію не трэба. Яна тлумачыць, у якіх выпадках прызначаецца гэта абследаванне.

Пры звычайных сімптомах ВРВІ (насмарк, боль у горле, кашаль, вяласць) пацыентаў накіроўваюць на флюараграфію. Калі апроч гэтых сімптомаў ёсць падазрэнне на каранавірус (напрыклад, цяжкае дыханне, задышка, ламота ў цягліцах, гарачка), рэкамендуюць КТ.

КТ у параўнанні з флюараграфіяй — больш дакладны метад для вызначэння пнеўманіі.

«Рэнтген адстае ад клінічнай карціны прыкладна на тры дні. Бывае, чуеш хрыпы ў грудзях, а на рэнтгене іх не відаць», — заўважае доктарка.

Пнеўманія — гэта ўскладненне пасля прастуды. Запаленне лёгкіх звычайна падазраюць, калі прастуда не праходзіць тыдзень, асабліва калі самаадчуванне пацыента пагаршаецца. Трывожны званочак — калі тэмпература не збіваецца гарачкапаніжальнымі лекамі. Сама тэмпература пры гэтым можа быць ад 37,2 да 40 градусаў.

Сярод сімптомаў пнеўманіі — боль у грудзях, задышка ў стане спакою, кашаль пасля ўдыху, пастаянны сухі кашаль, моцны галаўны боль, патлівасць, азноб, заўважная слабасць.

Наталля Кузняцова кажа, што сімптомы не ва ўсіх праяўляюцца ярка: тут іграе ролю і ўзрост чалавека, і імунітэт, і спадарожныя захворванні.

Накіраванне на КТ, як правіла, выдае тэрапеўт. Пры гэтым доктар узважвае рызыкі і часам адгаворвае ад абследавання.

«Усё ж такі прамянёвая нагрузка — не бяскрыўдная мера. Калі пры флюараграфіі ў паліклініцы апраменьванне — 0,18 м3в, то на КТ — 2,5-3 м3в», — папярэджвае тэрапеўт.

Яна звяртае ўвагу, што метады прамянёвага даследавання не з’яўляюцца асноўнымі для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі. Асноўны метад — мазок.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера