Знайсці
03.05.2020 / 16:4146РусŁacБел

Рымашэўскі хоча зняць Губарэвіча з праймерыз «за амаральныя паводзіны». У апазіцыі ўсё складана

У апошні дзень красавіка скончылася інтэрнэт-галасаванне на праймерыз апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Перамогу ў інтэрнэце атрымаў кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, якога падтрымала амаль 40% удзельнікаў, на другім месцы лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч — 36%, трэцяя — самавылучэнка Вольга Кавалькова з 24%.

Злева направа: Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч і Мікалай Каўзлоў. Фота Надзеі Бужан.

З гэтым этапам усё зразумела, але апазіцыйныя партыі, якія дамаўляліся між сабой, планавалі, што праймерыз будуць складацца з трох этапаў: паездкі па рэгіёнах, галасаванне ў інтэрнэце і кангрэс. Па выніках ўсіх гэтых этапаў паміж кандыдатамі павінны былі размяркоўвацца па 30 галасоў. Яшчэ па 2 галасы мелі кожная з структур (БХД, АГП, Рух «За Свабоду», БСДП і Партыя БНФ). Балы ад БНФ не дастануцца нікому, бо партыя выйшла з працэдуры.

Такім чынам: паездкі. У сакавіку пяцёрка кандыдатаў (тады яшчэ ўдзельнічалі Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч) аб’ездзілі 13 гарадоў і мястэчак Віцебскай і Брэсцкай абласцей.

Агулам кандыдаты меліся завітаць аж у 56 населеных пунктаў, але ў справу ўмяшалася пандэмія. Таму паездкі давялося адмяніць цалкам. Фармальна па працэдуры кандыдаты яшчэ могуць ездзіць па краіне ў першай палове мая, але ўсе яны разумеюць, што эпідэміялагічная сітуацыя не палепшыцца. Таму на паездках у рэгіёны можна ставіць крыж.

Што цяпер будзе ў гэтай сітуацыі? Юрась Губарэвіч распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім падвёў вынікі адразу двух этапаў. «Па выніках першага этапу праймерыз галасы размеркаваліся такім чынам: Юрый Губарэвіч — 73,59% (248 галасоў), Мікалай Казлоў — 18,1% (61 голас), Вольга Кавалькова — 8,31% (28 галасоў)», — гаворыцца ў паведамленні.

Гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў БХД. Хрысціянскія дэмакраты распаўсюдзілі свой зварот: «Фантастычныя лічбы «перамогі» Юрыя Губарэвіча з’яўляюцца прыватным меркаваннем гэтай персоны і ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі кампаніі праймерыз не маюць», — гаворыцца ў заяве.

Больш за тое, кіраўніцтва БХД настолькі абурылі гэтыя лічбы ад Губарэвіча, што яны збіраюцца ставіць перад наступнай радай пытанне аб выключэнні кіраўніка РЗС з праймерыз. Гэтую інфармацыю «НН» пацвердзіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«Гэта праўдзівая інфармацыя. БХД лічыць, што амаральныя паводзіны Юрася Губарэвіча даюць падставы для выключэння яго з праймерыз. У нас ёсць працэдура: калі кандыдат парушае прынцыпы, то ён можа быць выключаны з працэдуры. Юрый фэйкавым распаўсюдам інфармацыі ўвёў у зман вялікую колькасць людзей. 72% — гэта гучала з аднаго боку смешна, а з іншага нам давялося даваць каментары, што гэта дэзынфармацыя», — адзначае Рымашэўскі.

Сумнеўна, што Губарэвіч будзе выключаны, бо для гэтага патрэбнае кансэнсуснае рашэнне ўсіх суб’ектаў, а рух «За Свабоду», вядома, не прагаласуе за гэта. «Але гэта прынцыповы момант», — адзначае Рымашэўскі.

АГП таксама не зацікаўленае ў тым, каб вынікі першага этапа зацвярджаліся па двух абласцях. «Мы за справядлівасць. Не атрымалася паўнавартасна аб’ехаць краіну, трэба гэта прызнаць. Нельга прымаць вынікі на аснове двух абласцей. Можа, у кагосьці больш моцныя пазіцыі ў Магілёўскай ці Гомельскай абласцях? Важна ахапіць усю краіну», — кажа Мікалай Казлоў. Сітуацыю з тым, што Губарэвіч абвясціў сябе пераможцам першага этапа праймерыз, Казлоў называе «тролінгам» і сур’ёзна да гэтага не ставіцца.

Сам Юрась Губарэвіч робіць акцэнт на тым, што патрэбна выконваць першапачатковыя дамоўленасці. «У дакументах не ўтрымліваецца фіксаваны спіс гарадоў. Нават ёсць пазнака, што спіс можа карэктавацца ў залежнасці ад сітуацыі. Могуць адмяняцца сустрэчы ў гарадах, калі зразумела, што там немагчыма прыцягнуць на сустрэчу больш за 12 чалавек, а таксама з іншых прычын. Віцебская і Брэсцкая вобласці былі абраныя адвольна, там магла быць Магілёўская ці Гомельская вобласці», — кажа Губарэвіч. Вядома, што ён настройвае на тым, каб першы этап быў зацверджаны па стане на наведванне апошняга горада.

Юрась Губарэвіч кажа, што яшчэ не зацверджаныя і вынікі інтэрнэт-галасавання. Праводзіцца праверка. «За аднаго з кандыдатаў за апошнія суткі прагаласавала прыкладна столькі ж, як раней цягам тыдня», — кажа ён, хутчэй за ўсё, маючы на ўвазе Мікалая Казлова.

Што тычыцца галасоў за Паўла Севярынца і Аляксея Янукевіча, то яны проста ануляваныя. Няма такой працэдуры, каб гэтыя кандыдаты маглі перадаць свае галасы за кагосьці з іншых прэтэндэнтаў.

Працэдурныя моманты ўжо абмяркоўвалі на сустрэчы суб’ектаў праймерыз 1 мая. Ні да чога канкрэтнага палітыкі дамовіцца не змаглі. Наступны сход адбудзецца 6 мая.

Па-ранейшаму няма яснасці з Кангрэсам, які мусіў адбыцца напрыканцы мая. На ім мусілі прысутнічаць па сто чалавек ад кожнай палітычнай структуры. Удзельнікі згаджаюцца, што час хоць і ёсць, але наўрад ці сітуацыя настолькі палепшыцца, што яго можна будзе правесці ўжывую.

Віталь Рымашэўскі кажа, што ёсць згода на правядзенне Кангрэсу анлайн, магчыма, з прапарцыйным змяншэннем колькасці ўдзельнікаў, але рашэнне блакуе Юрась Губарэвіч. Сам Губарэвіч кажа, што гэта дыскусійнае пытанне і яно павінна яшчэ абмяркоўвацца.

Яшчэ цікавым момантам з’яўляецца дылема, каму дастануцца 2 балы ад БХД? Раней бы яны адышлі да Паўла Севярынца як вылучэнца ад партыі. У праймерыз удзельнічае сяброўка БХД Вольга Кавалькова — гэта значыць, што тыя два балы атрымае яна?

«Будзе вырашацца. Магчыма, падтрымаем Вольгу, магчыма, Казлова. Можа быць, абаіх, можа быць, нікога. Але дакладна, што гэтыя балы не атрымае Юрась Губарэвіч», — кажа Віталь Рымашэўскі.

Калі прэзідэнцкія выбары ўсё ж адбудуцца ў жніўні, то часу да іх застаецца ўсё меней, а супярэчнасцяў і спрэчак у стане апазіцыі — болей. Адзіны кандыдат мусіць быць названы напрыканцы мая.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930