Знайсці
02.05.2020 / 22:031РусŁacБел

І Сталін сказаў: «Хто першы ўварвецца, той няхай і бярэ Берлін»

Пад Берлінам столькі людзей паклалі дзеля спешкі, піша Андрэй Акушка.

Амерыканскі і савецкі лейтэнанты Уільям Робэртсан і Аляксандр Сільвашка. Сустрэча на Эльбе каля Таргау, Нямеччына. Фота Уільяма Паўлсана, U.S. National Archives and Records Administration.

Пераламіўшы спачатку неспрыяльны для сябе ход вайны з немцамі, якая пачалася 22 чэрвеня 1941 года, Чырвоная армія ў 1942—1944 гадах нанесла вермахту шэраг паражэнняў, заняла Усходнюю Еўропу і ў пачатку 1945-га была ўжо на тэрыторыі Германіі. Заставаўся апошні крок — штурм варожай сталіцы. 

Дыпламатычная гульня

Пра Берлін марыў не толькі СССР. У жніўні 1944-га заходнія саюзнікі, якія за два месяцы да таго адкрылі другі фронт у Еўропе, вызвалілі Парыж і рушылі на ўсход. План аперацыі MarketGarden («Агарод») прадугледжваў штурм нямецкіх пазіцый у Нідэрландах. Далей арміі Вялікабрытаніі і ЗША планавалі ўварвацца на тэрыторыю Германіі, а Раство 1944-га яны марылі адсвяткаваць на руінах варожай сталіцы.

Немцы, аднак, супраціўляліся да апошняга. Брытанскі фельдмаршал Бернард Лоў Мантгомеры пасля вайны пісаў:

«Берлін быў страчаны для нас, калі мы не здолелі распрацаваць добры аператыўны план пасля перамогі ў Нармандыі».

Прыкладна тады ж з’явілася дамоўленасць пра акупацыйныя зоны ў Германіі. Мяжа савецкай зоны праходзіла на захад ад нямецкай сталіцы. Вясной 1945-га галоўнакамандуючы войскамі заходніх саюзнікаў Дуайт Эйзенхаўэр атрымаў некалькі тэлеграм ад брытанскага прэм’ера Уінстана Чэрчыля з прапановай захапіць Берлін, але выкінуў іх у сметніцу. Калі праводзіць гэтую аперацыю хутка, гэта запатрабавала б занадта вялікіх ахвяр. Эйзэнхаўэр бачыў, што вораг будзе абараняцца фанатычна. І на аўрал не пагадзіўся.

Але Савецкі Саюз гэтага не ведаў. Да Іосіфа Сталіна неаднаразова даносілі чуткі пра перамовы Вялікабрытаніі і ЗША з немцамі пра сепаратны мір. Пагаворвалі таксама, што Мантгомеры ўжо рыхтуе моцны ўдар на сталіцу Германіі. Таму Сталін загадаў паскорыць рух да Берліна любой цаной.

Заставалася вызначыцца, хто з военачальнікаў будзе браць сталіцу.

Спаборніцтва паміж франтамі

Адным з кандыдатаў быў Канстанцін Ракасоўскі. У 1944-м маршал-паляк, маці якога паходзіла з беларускіх Тэлеханаў, спланаваў бліскучую аперацыю «Баграціён». Дзякуючы ёй Чырвоная армія з мінімальнымі стратамі вызваліла Беларусь і ўвайшла ў Польшчу. Але кандыдатуру Ракасоўскага адхілілі. Сам ён пісаў, што па палітычных прычынах, бо штурмаваць Берлін павінен быў абавязкова рускі.

Пасля цырымоніі. Фельдмаршал Мантгомеры ўзнагародзіў маршала Жукава (у стужцы цераз плячо), маршала Ракасоўскага (першы з крыжам на стужцы) і генерала-беларуса Васіля Сакалоўскага каля Брандэнбургскай брамы ў Берліне. 12 ліпеня 1945 года. Wikimedia Commons

У пачатку вясны вырашылі, што план будзе рэалізоўваць камандуючы 1-м Беларускім фронтам Георгій Жукаў. 1 красавіка ў Стаўцы вярхоўнага галоўнакамандавання прайшла нарада. На ёй выступіў іншы вядомы маршал, Іван Конеў. Ён заявіў, што правае крыло ягонага 1-га Украінскага фронту таксама можа ўзяць Берлін, бо перад ім няма добрых абарончых палос, як перад дывізіямі Жукава. Конева падтрымаў кіраўнік Генштаба Чырвонай арміі Аляксей Антонаў, і не толькі ён. І Сталін сказаў: «Хто першы ўварвецца, той няхай і бярэ Берлін».

Праўда, у дырэктыве Стаўкі № 41060, падпісанай 3 красавіка, гэтых слоў не было, але пра іх узгадваў у мемуарах і Жукаў. Ды і ход падзей паказаў, што спаборніцтва паміж двума франтамі сапраўды існавала. Часам даходзіла нават да перастрэлак, калі прадстаўнікоў канкурэнта выпадкова (ці наўмысна) прымалі за ворагаў.

Не шкадаваў нікога і нічога

Гонка да Берліна пачалася раніцай 16 красавіка. Наперад пайшлі звыш 2 мільёнаў салдат, якіх падтрымлівалі 6 тысяч танкаў, амаль 8 тысяч самалётаў і больш за 41 тысячу гармат і мінамётаў. Немцаў было ў разы менш, але на іхным баку былі добра падрыхтаваныя ўмацаванні. Асабліва моцнымі яны былі там, дзе наступаў Жукаў — на Зеелаўскіх вышынях за 70 кіламетраў ад Берліна.

Георгій Жукаў. Фота РИА Новости.

1-ы Беларускі фронт хутка прарваў першую паласу абароны, але загруз у другой -‑ пяхота не магла прабіцца праз нямецкія пазіцыі. І Жукаў дастаў козыр — дзве гвардзейскія танкавыя арміі. Ён планаваў выкарыстаць іх потым, каб адправіць у прарыў. Але замест гэтага прыйшлося кідаць тэхніку на міны, супрацьтанкавыя гарматы, равы і пяхоту з гранатамётамі.

Да ўсіх гэтых перашкод яшчэ трэба было дайсці. 17 і 18 красавіка пад няспынным абстрэлам байцы праходзілі не больш за 4 кіламетры на суткі. Жукаў лютаваў і патрабаваў паскорыць рух. У загадзе ад 17 красавіка было напісана, што танкавыя арміі дзейнічаюць «няўмела і нерашуча, топчучыся перад слабым праціўнікам». Але 19-га байцы Жукава ўсё ж выйшлі на аператыўны прастор. Дарагой цаной — толькі 1-я гвардзейская танкавая армія Міхаіла Катукова за некалькі дзён незваротна страціла 128 танкаў і самаходак, не кажучы пра людскія страты.

Ці быў іншы варыянт, акрамя штурму ў лоб? Хутчэй так, чым не. Можна было паўтарыць нямецкі досвед 1940-га з французскай Лініяй Мажыно, каб проста абысці лінію абароны. Але Жукаў спяшаўся стаць тым маршалам, што нанясе апошні ўдар ворагу. Дзеля гэтага ён не шкадаваў нікога і нічога. Маршал патрабаваў «да 4 гадзін раніцы 21 красавіка любой цаной прарвацца на ўскраіну Берліна».

У ноч на 21 красавіка савецкая дальнабойная артылерыя даслала Адольфу Гітлеру падарунак на ягоны 56-ы дзень нараджэння: абстраляла Берлін.

 Конеў дыхае ў патыліцу

Жукаў спяшаўся, бо ведаў, што Конеў рухаецца хутчэй. 16-га яго дывізіі паспяхова фарсіравалі раку Нысу — будучую новую мяжу між Польшчай і Нямеччынай. На наступны дзень у прарыў пайшлі 3-я і 4-я гвардзейскія танкавыя арміі (камандзіры — Павел Рыбалка і Дзмітрый Лелюшэнка), якія ўвечары 17-га апынуліся перад ракой Шпрэе. На той момант Конеў нарэшце атрымаў дазвол Стаўкі павярнуць іх на сталіцу Рэйха. І аддаў загад: «Нашы войскі павінны быць першымі ў Берліне, і яны здолеюць гэта зрабіць». Дзеля гэтага танкістаў кінулі наперад амаль без пяхотнай падтрымкі, абы дайшлі да горада як мага раней.

Іван Конеў. Фота Wikimedia Commons.

Наступленне развівалася добра, пакуль перадавыя часткі не дайшлі да горада Цосэн, дзе знаходзіўся штаб вермахта. Немцы сцягнулі туды ўсё, што змаглі знайсці, і падрыхтавалі абарону з супрацьтанкавымі равамі, за якімі стаялі танкі, артылерыя і пяхота. Наступленне замарудзілася.

Конеў злаваўся і бамбіў падначаленых злоснымі вымовамі. Не дапамагло: Рыбалку і Лелюшэнку не хапіла некалькіх гадзін, каб апярэдзіць салдат Жукава на ўскраінах Берліна 21 красавіка.

У выніку галоўную ролю ў штурме адвялі 1-му Беларускаму. Маршал Жукаў святкаваў гэта так, быццам вайна ўжо скончылася. А маршал Конеў быў у роспачы. Але Стаўка троху падсаладзіла яму пілюлю і дазволіла танкістам Конева дапамагаць падчас штурму.

Штурм Берліна

У красавіку 1945-га Чырвоная армія ўжо добра ўмела захопліваць гарады. Для гэтага ствараліся штурмавыя групы, у якія ўваходзілі пяхота, сапёры, артылерыя і танкі. Пяхота займала будынкі, артылерыя і танкі падтрымлівалі яе агнём, а сапёры ўзрывалі барыкады. Дапамогу ім аказвалі авіяцыя і нават флот! Караблі Дняпроўскай флатыліі перавезлі на машынах і выгрузілі ў берлінскія каналы. Яны дапамагалі салдатам перабірацца на іншы бераг.

Немцы супраціўляліся фанатычна. Кожны квартал прыходзілася браць з боем. Танкі гарэлі ад агню артылерыі і гранатамётаў. Гінула і пяхота, але Чырвоная армія ішла да Рэйхстага. Гэты вялізны будынак, добра бачны здалёк, стаў галоўнай мэтай для ўсіх байцоў. Сам Гітлер сядзеў у Рэйхсканцылярыі, але яна знаходзілася непадалёк.

29 красавіка прайшоў першы штурм Рэйхстага, пра які ў савецкай літаратуры звычайна не пісалі. Зразумела чаму — ён быў няўдалым. У журнале баявых дзеянняў 79-га корпуса было адзначана:

«Немцы ў перадсмяротных сутаргах, са зброяй у руках з выключнай упартасцю абаранялі кожнае акно, кожныя дзверы і кожную лесвічную клетку».

30-га пачаўся другі штурм, і ў 14:20 у будынак уварваўся капітан Канстанцін Самсонаў з 171-й стралковай дывізіі, за ім беглі і іншыя. Увечары на даху залуналі чырвоныя сцягі. Іх было шмат, некалькі дзясяткаў. Хто насамрэч першым апынуўся на даху Рэйхстага, сказаць цяжка, але афіцыйная версія прыпісвае першынства сяржанту Міхаілу Ягораву з Рудні, якая на мяжы Беларусі і Расіі, і малодшаму сяржанту Мелітону Кантарыя.

 

Савецкія артылерысты з гарматай «ЗиС-3» на вуліцы Берліна. 28 красавіка 1945 года. Broneboy.ru

Капітуляцыя Трэцяга рэйха

1 мая немцы прапанавалі спыніць агонь, але СССР запатрабаваў безумоўнай капітуляцыі. Генерал Гельмут Вейдлінг, які камандаваў абаронай Берліна, пагадзіўся, не чакаючы рашэння перапалоханых самагубствам Гітлера палітыкаў. Яго гарнізон склаў зброю ўвечары 2 мая.

Падчас Берлінскай аперацыі, за пару дзён да міру, загінула каля 80 тысяч савецкіх салдат, былі параненыя яшчэ 274 тысячы. Гэтыя лічбы маглі быць меншымі, каб савецкія генералы не спяшаліся. Яны і падчас штурму супернічалі, хто хутчэй дойдзе да Рэйхстага.

Праз некалькі дзён здалася і ўся Германія. Першы акт аб капітуляцыі падпісалі 7 мая ў французскім Рэймсе. Але Сталіну ён не спадабаўся — у Маскве вырашылі, што ў дакуменце завышаная роля заходніх саюзнікаў. Таму ў Берліне быў падпісаны другі акт, які ўвайшоў у сілу, калі ў Еўропе было 8 мая, а ў Маскве 9-га. Менавіта таму перамогу над нацызмам у розных краінах адзначаюць у розныя дні.

Пасля перамогі

Тое, што вайны больш няма, байцы зразумелі не адразу. Камандзір 39-й гвардзейскай стралковай дывізіі Яўхім Марчанка, беларус з-пад Бялыніч, адзначаў:

«Першы дзень пасля вайны асабліва выразна захаваўся ў памяці. Для нас гэтым днём стала 2 мая 1945 года. Наступіла нязвыклая цішыня. Пасля бесперапынных разрываў і траскатні з ружжаў і кулямётаў звычайныя чалавечыя размовы і нават шум машын вухам не лавіліся… Камандзіры збіралі людзей і строілі шэрагі сваіх падраздзяленняў. Калоны ротаў былі маленькія. Цяпер усе наглядна пабачылі страты.

У кіно чамусьці паказваюць, што людзі ў гэтыя першыя хвіліны знаходзяцца ў нейкім нястрымным захапленні. Крычаць, кідаюць угару шапкі, гучна рагочуць і гэтак далей. Было гэта не так. Паводзіны і настрой людзей былі нейкія запытальныя: няўжо сапраўды скончылася гэтая страшэнная і непрыемная праца? Настрой людзей азмрочвалі трупы іх таварышаў, стогны і бінты параненых».

Гэта фота — сімвалічнае, яно, бадай што, найбольш вядомае і пазнавальнае з тых, якія тычацца штурму Берліна. Звычайна лічаць, што тут зафіксаваны момант вывешвання савецкага сцяга на Рэйхстагу Міхаілам Ягоравым, Мелітонам Кантарыя і Аляксеем Берастам. Але на самай справе той гістарычны момант на фотаплёнку не фіксаваўся. Гэты ж здымак (дакладней, цэлая іх серыя) быў пастановачным, ён зроблены фатографам Яўгеніем Халдзеем па заданні ТАСС 2 мая 1945 года, калі Берлін быў ужо ўзяты і баі сціхлі. Але склад удзельнікаў вывешвання сцяга і тут быў інтэрнацыянальны. Пазіравалі для здымка ўраджэнец Казахстана, які пасля вайны жыў у Кіеве, Aляксей Кавалёў (наверсе прымацоўвае сцяг), кумык з Дагестана Абдулхакім Ісмаілаў і беларус Леанід Горычаў. Пра нашага земляка, мінчаніна Горычава, вядома мала, ён памёр неўзабаве пасля вайны ад наступстваў атрыманых на ёй ран. Pinterest.com

Але жыццё працягвалася. Байцы знайшлі сабе больш пазітыўныя заняткі. Напрыклад, даглядалі жывёл у заапарку. 39-я дывізія Марчанкі занялася гэтым ужо 1 мая: «Жаўнеры даволі актыўна кармілі і паілі жывёл. Адзін з байцоў папрасіў мяне аддаць загад, каб вялікаму слану не давалі больш вады, бо ён, па падліках, выпіў ужо 12 вёдраў. І калі яму даць яшчэ, яму можа стаць дрэнна».

Паступова на вуліцах з’явіліся гараджане. Яны выходзілі з разбураных дамоў нясмела. На жаль, не абышлося без выпадкаў марадзёрства і гвалтаванняў. Тут усё залежала ад камандзіраў асобных часцей. Адныя жорстка сачылі за сваімі салдатамі і спынялі спробы «адпомсціць фашыстам» гэтакімі метадамі. Але былі і іншыя, хто глядзеў на ўсё скрозь пальцы.

А Берлін саюзнікі хутка падзеляць, і ён застанецца такім да канца Халоднай вайны.

Андрэй Акушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930