Знайсці
30.04.2020 / 18:381РусŁacБел

Закон выжывання: як суседзі Кітая перамаглі каранавірус

У адносінах да рэцэптаў барацьбы з пандэміяй экспертная супольнасць падзялілася на ўмоўных «эканамістаў» і «гуманістаў». Адпаведным чынам спектр рэкамендацый вар’іруецца ад стратэгіі хутчэйшай выпрацоўкі «статкавага імунітэту» да жорсткага лакдаўну. Імавернасць прапанаваных сцэнароў тэстуе сама рэчаіснасць, а кошт памылак вымяраецца тысячамі памерлых і зруйнаванымі галінамі эканомікі. Між тым існуе пэўная колькасць прыкладаў, якая, у сувязі з інерцыяй еўропацэнтрычнасці, згадвацца зрэдку, а то і цалкам застаецца па-за ўвагай. Гэта прыклады паспяховых стратэгій. Стратэгіі, якімі скарысталіся розныя па палітычным ладзе, узроўні эканамічнага развіцця і культурных традыцыях краіны. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, — усе яны суседзі Кітая, расказвае Павел Церашковіч.

Манголія

Яшчэ 25 студзеня Манголія прыняла рашэнне закрыць дзіцячыя садкі, спыніць заняткі ў школах і ВНУ. Каранцін працягваўся ўжо двойчы і дзейнічае да 30 красавіка. Былі забаронены масавыя мерапрыемствы, спартовыя спаборніцтвы. З 27 студзеня зачыненая мяжа з Кітаем. Пазней, 10 сакавіка, былі зачыненыя ўсе памежныя пераходы, спынілася рэгулярныя міжнародныя авіязносіны, а 16 сакавіка — пасажырскія перавозкі ўнутры краіны. 

Разам з тым закрыццё мяжы выклікала раздражненне Кітая. Таму 27 лютага прэзідэнт Манголіі Халтмаа Бутулгой наведаў Пекін. Ён стаў першым замежным лідарам, які сустрэўся з Сі Цзянпінам пасля выбуху эпідэміі ў самім Кітаі. Апроч гэтага, Кітаю была аказаная гуманітарная дапамога харчаваннем. Усё гэта дазволіла змякчыць двухбаковыя адносіны.

Радыкальныя рашэнні мангольскіх уладаў шмат у чым былі звязаныя з эпідэміяй грыпу H3N2, якая апанавала краіну ў канцы 2019 года і закранала ў першую чаргу дзетак. Мангольскія крыніцы паведамляюць, што каранцін з нагоды каранавіруса спыніў эпідэмію грыпу. Але самае галоўнае: на 27 красавіка ў краіне 38 пацверджаных выпадкаў COVID-19, паправілася — 9, ніхто не памёр.

З той нагоды, што маштабны лакдаўн у Манголіі не быў уведзены, негатыўныя наступствы пандэміі там чакаюць ад спаду эканамічнай актыўнасці ў Кітаі. Эканоміка Манголіі моцна залежыць ад экспарту сыравіны (вугалю, медзі, малібдэнавага канцэнтрату), які за першыя два месяцы 2020 года скараціўся амаль на 30%. Чакаецца, што спад вытворчасці ў 2020 годзе складзе 1% ад ВУП. Разам з тым Манголія мае дастаткова вялікія для 3-мільённай краіны валютныя рэзервы — $4,3 млрд. Апроч гэтага, Банк Манголіі павялічыў у 10 разоў закуп золата з айчыннага радовішча.

Да гэтага я б хацеў дадаць, што Манголія мае, насуперак некаторым стэрэатыпам, дынамічную эканоміку, якая ў апошні час расла на 5—7% у год. Амаль 69% з трох мільённага насельніцтва складаюць гараджане, а ў сталіцы Улан-Батары жыве 1,4 млн чалавек. ВУП на душу насельніцтва па намінале летась склаў 4,1 тысячы даляраў (у Беларусі — 6,3 тысячы).

Непал

У параўнанні з Манголіяй, яшчэ адзін сусед Кітая, Непал, незаможная і пераважна аграрная краіна. ВУП на душу насельніцтва тут складае ўсяго 1 тысячы даляраў, у гарадах жыве трошкі больш за 20% ад 30-мільённага насельніцтва. Шмат непальцаў працуе за мяжой. Іх грашовыя пераводы надзвычай істотныя для падтрымання эканомікі. Па ступені залежнасці ад іх Непал займае пятае месца ў свеце.

Мяжу з Кітаем непальскія ўлады зачынілі на дзень пазней за мангольскія — 28 студзеня. 14 лютага ўрад распрацаваў план дзеянняў ва ўмовах пашырэння эпідэміі. 12—15 сакавіка была спынена выдача турыстычных віз, перакрытыя ўся сухапутныя межы. 18—19 сакавіка ўведзены каранцін ва ўсіх навучальных установах, перанесеныя тэрміны здачы выпускных іспытаў. Адначасова была абвешчана забарона на сходы болей чым 25 чалавек, зачыненыя ўсе культурныя ўстановы, культавыя будынкі. А 24 сакавіка ўрад Непала стаў першым у Паўднёвай Азіі, які абвясціў лакдаўн. Пазней яго працягнулі да 27 красавіка. На сённяшні дзень на COVID-19 захварэла 39 асоб, паправілася — 12, памерлых — няма.

Закрыццё мяжы з Кітаем амаль цалкам спыніла гандаль з ім. Аднак аддзелены ад яго Гімалаямі Непал не на столькі моцна залежыць ад яго. Гэта ўсяго 7% гандлёвага абароту. Значна горш для краіны, што цалкам абрынўся міжнародны турыстычны бізнэс, які дае значны ўнёсак у эканоміку краіны. У ім занята да 400 тысяч чалавек (каля 3% занятых). Яшчэ большыя страты чакаюць эканоміку ад спынення грашовых паступленняў з-за мяжы. Дарэчы, ад каранавіруса ў Брытаніі, ЗША, ААЭ памерла 27 непальскіх мігрантаў.

У цэлым эканамісты Непала пакуль што чакаюць толькі зніжэння тэмпаў прыросту эканомікі: з 7% да 1%. Ёсць думкі, што сітуацыя пандэміі паспрыяе рэалізацыі структурных рэформ, вырашэнню праблем, якія адкладаліся апошнія 30 гадоў.

На фоне эпідэмічнага крызісу адбылося абвастрэнне адносінаў з Кітаем. 18 лютага амбасада КНР абрынулася з крытыкай на газету «Катманду Пост» за перадрук паўднёвакарэйскага артыкула аб сітуацыі ў Кітаі. У адказ 17 рэдактараў найбуйнейшых непальскіх перыядычных выданняў апублікавалі калектыўную заяву, у якой абвінавацілі кітайскіх дыпламатаў ва ўмяшчальніцтве ва ўнутраныя справы Непала. Было адзначана, што раней нічога падобнага ва ўзаемных адносінах не здаралася.

В’етнам

Нягледзячы на зайздросныя эканамічныя поспехі (штогадовы прырост ВУПу на 7%), В’етнам са сваім 99-мільённым насельніцтвам застаецца пакуль што адносна беднай краінай. У намінальным вылічэнні ВУП на адну душу ў мінулым годзе склаў 2,7 тысячы даляраў. У вёсках жыве да 62% усіх в’етнамцаў. Тым не менш, В’етнам адносяць да ліку чатырох краін (поруч з Тайванем, Сінгапурам і Паўднёвай Карэяй), якія найлепшым чынам арганізавалі барацьбу з эпідэміяй.

Падрыхтоўка да магчымай эпідэміі пачалася яшчэ ў сярэдзіне снежня 2019 года, калі з’явілася інфармацыя аб новай хваробе ў Кітаі. Першы выпадак захворвання на COVID-19 на тэрыторыі В’етнама быў зафіксаваны 23 студзеня. На наступны дзень у становішча падвышанай гатоўнасці быў пераведзены нацыянальны супрацьэпідэмічны цэнтр. 29 снежня былі сфарміраваны 40 спецыяльных мабільных брыгад для дапамогі мясцовым уладам і шпіталям. Яны займаліся перавозкай хворых, арганізацыяй каранціну, дэзынфекцыі памяшканняў і г. д.

У лютым былі спынены заняткі ва ўсіх навучальных установах краіны. Каранцін дзейнічаў да 27 красавіка.

Аднак асноўным інструментам змагання стала жорсткае адсочванне кантактаў хворых да чацвёртага (!) узроўню і не менш жорсткі каранцін. Кожны, хто прыязджаў у краіну, праходзіў медыцынскі кантроль і запаўняў дэкларацыю здароўя. Пазней падобныя працэдуры былі зробленыя пры ўездзе ў вялікія гарады, асобныя правінцыі, а таксама пры ўваходзе ва ўрадавыя будынкі, банкі, шпіталі, буйныя жыллёвыя комплексы.

Пры з’яўленні носьбітаў інфекцыі адбывалася лакальная ізаляцыя кварталаў, вёсак, невялікіх гарадоў.

Па некаторых звестках, агульная колькасць тых, хто знаходзіўся ў каранціне, склала 100 тысяч чалавек.

Колькасць тых, хто захварэў, да канца сакавіка склала ўсяго каля двух соцень асоб. Тым не менш, каб прадухіліць усплёск эпідэміі ў сувязі з масавым вяртаннем в’етнамскіх мігрантаў з-замежжа, з 1 красавіка ў краіне быў уведзены агульнанацыянальны двухтыднёвы лакдаўн. У вялікіх гарадах яго працягнулі да 22 красавіка.

Аднак і пасля заканчэння лакдаўна забароненыя рэлігійныя сходы, спартовыя спаборніцтвы, фестывалі, застаюцца зачыненымі бары, салоны прыгажосці і г. д. Абавязковым з’яўляецца нашэнне масак.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на сённяшні дзень у В’етнаме 270 пацверджаных выпадкаў COVID-19, 225 чалавек паправіліся, ніхто не памёр.

Назіральнікі адзначаюць рост антыкітайскіх настрояў, у тым ліку выпадкаў, калі ў гатэлях, рэстаранах і крамах з’яўляліся абвесткі, што кітайцы абслугоўвацца не будуць. У лютым у сацыяльных сетках была арганізаваная кампанія за закрыццё ўсіх памежных пераходаў з Кітаем (зачынена была толькі частка з іх).

В’етнамскі ўрад выдаткаваў 2,7 млрд даляраў на ліквідацыю эканамічных наступстваў эпідэміі. Краіна вельмі хутка наладзіла вытворчасць тэстаў, сродкаў аховы. В’етнам нават выслаў гуманітарную дапамогу маскамі і камбінезонамі Японіі, ЗША, краінам Заходняй Еўропы. Эканамічны рост у першым квартале знізіўся да 3,8%. Згодна з прагнозамі, за год ён складзе ўсяго 2,7%. Разам з тым поспех у барацьбе з эпідэміяй робіць краіну яшчэ больш прыцягальнай для замежных інвестыцый. Ужо вядома аб намерах японскіх і паўднёва-карэйскіх карпарацый перанесці вытворчасці з Кітая ў В’етнам.

Якія ж можна зрабіць высновы? Відавочна, што ў эканамічных адносінах ўсе тры краіны адрозніваюцца хіба толькі розным узроўнем незаможнасці. У гэтакіх умовах цяжка разлічваць на моцную сістэму аховы здароўя. Іх галоўны сацыяльны капітал — гэта назапашаныя стагоддзямі веды пра вялікага суседа. А менавіта: калі там нешта не тое — гэта заўсёды сур’ёзна. І дзейнічаць трэба надзвычай хутка і рашуча. Гэта закон выжывання.

Павел Церашковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930