Даслаць навіну
Знайсці
28.04.2020 / 10:37

Камбербэтч, грузінскія танцы і «1984» у балеце: сем пастановак на тыдзень, якія з прычыны каранавіруса можна паглядзець анлайн

Шоу павінна працягвацца, таму творчыя калектывы і тэатры па ўсім свеце не перастаюць дзяліцца сваімі працамі ў рэжыме анлайн. На гэтым тыдні глядзім камедыі Мальера, кубінскі танцавальны тэатр, Камбербэтча ў ролі Франкенштэйна і шмат чаго іншага.

 

Панядзелак: «Школа жонак» і «Мізантроп» Стэфана Браўншвейга, тэатр «Адэон» (Парыж)

Павялічыць

Тыдзень пачынаем з камедыі, прычым не абы якой. У час пандэміі «Адэон — Тэатр Еўропы» паказвае на сваім «Vimeo» запісы рэпертуарных спектакляў і называе гэта «Théâtre et canapé», то-бок «Тэатр на канапе». Гэтымі днямі тут можна паглядзець дзве пастаноўкі кіраўніка «Адэона» Стэфана Браўншвейга — вядомага рэжысёра, што ставіў спектаклі і оперы ў «Камедзі Франсэз», Ла Скала і Берлінскай дзяржаўнай оперы. Браўншвейг вядомы актуалізацыяй класікі, і гэтае яго майстэрства якраз можна ацаніць праз «Школу жонак» і «Мізантропа» Мальера. Абодва спектаклі суправаджаюцца англійскімі субтытрамі.

Дзе глядзець: спасылкі даступныя на сайце тэатра.

Калі глядзець: чым хутчэй, тым лепш.

 

Аўторак: «Целы» Сашы Вальц, Шаўбюне (Берлін)

Павялічыць

Востры, правакацыйны і адзін з самых крутых тэатраў «Шаўбюне», якім кіруе сусветна вядомы рэжысёр і дэканструктар класікі Томас Астэрмаер, кожны дзень транслюе відэапаведамленне і паказвае сваю пастаноўку анлайн. Панядзелак — выхадны, а ў аўторак праграма пачынаецца з запісу «Целаў» вядомай у Германіі харэографкі Сашы Вальц, паплечніцы Астэрмаера, а сёння дырэктаркі Дзяржаўнага балета Берліна.

Пасля, калі сачыць за праграмай, можна паглядзець і Пітэра Штайна, пад кіраўніцтвам якога «Шаўбюне» ў свой час перайшоў на новы этап развіцця і выпрацаваў уласны стыль, і самога Томаса Астэрмаера. Кіраўнік тэатра на гэтым тыдні будзе прадстаўлены сваёй пастаноўкай скандальнай п’есы «Падарваныя» брытанскай сцэнарысткі Сары Кейн. Тэатр папярэджвае, што не кожны са сваіх анлайн-паказаў можа суправадзіць субтытрамі.

Дзе глядзець: спасылкі шукайце на сайце тэатра.

Калі глядзець: відэапаведамленне ідзе з 19 да 19.30 па беларускім часе, запісы спектакляў даступныя з 19.30 да гадзіны ночы.

 

Серада: «1984» паводле Джорджа Оруэла, «Паўночны балет» (Лідс, Вялікабрытанія)

Павялічыць

Гэтай пастаноўкай, якая «пашырае межы сучаснага балета», трупа абяцае перавярнуць наша ўяўленне пра гэты від мастацтва. Створаны харэографам і танцорам Джонатанам Уоткінсам «1984» паказвае, якім балет можа быць сёння. Тым больш прыцягальна ўбачыць, як у танцы ўвасабляецца знакамітая антыўтопія Джорджа Оруэла, дзе галоўны герой Уінстан Сміт жыве пад пільным позіркам Вялікага Брата, але ўрэшце рызыкуе закахацца і паспрабаваць усё змяніць.

Дзе глядзець: на сайце тэатра.

Калі глядзець: да 2 мая.

 

Чацвер: «Франкенштэйн», Каралеўскі Нацыянальны тэатр (Лондан)

Павялічыць

Каралеўскі Нацыянальны тэатр гатовы бясплатна паказаць свой хіт — пастаноўку «Франкенштэйн» паводле рамана Мэры Шэллі, у якой Бенедыкт Камбербэтч і Джоні Лі Мілер па чарзе іграюць то стваральніка, то стварэнне. Увасоблены рэжысёрам Дэні Бойлам — вы можаце ведаць яго, напрыклад, па фільмах «На ігле» альбо «Мільянер з трушчоб» — спектакль выклікаў абсалютнае захапленне публікі і гадамі паспяхова ішоў у праекце Theatre HD. Тым самым, што паказвае трансляцыі і запісы тэатральных пастановак на вялікім экране. Фішка з абменам ролямі паміж двума выбітнымі акцёрамі прымушае адкрыць два варыянты «Франкенштэйна», каб убачыць найвышэйшы акцёрскі пілатаж і выбраць для сябе, хто ў якой ролі глядзіцца лепш. Тэатр зробіць даступнымі да прагляду абодва спектаклі.

Дзе глядзець: спасылкі шукаць на сайце тэатра.

Калі глядзець: з Камбербэтчам у ролі Франкенштэйна з 30 красавіка да 7 мая; з Джоні Лі Мілерам у ролі Франкенштэйна — з 1 да 8 мая.

 

Пятніца: «24 гадзіны і сабака», Malpaso Dance Company (Гавана)

Павялічыць

Пятніцу аддаём сучаснаму танцавальнаму тэатру, у прыватнасці Кубінскаму калектыву Malpaso Dance Company, які з часу свайго стварэння ў 2012 годзе стаў у сябе на радзіме адной з самых запатрабаваных танцавальных труп. Malpaso дае дарогу маладым кубінскім творцам, а таксама супрацоўнічае з міжнароднымі харэографамі, набіраючы балы на карысць сваёй міжнароднай рэпутацыі. Калектыў паспяхова выступае на замежных пляцоўках, але першым за межамі Кубы яго паказаў Тэатр Джойс, адзін з цэнтраў сучаснага танца ў Нью-Ёрку. Уласна Тэатр Джойс і ўключыць адну з пастановак Malpaso Dance Company анлайн — гэта будзе «24 гадзіны і сабака» пад музыку ўладальніка Грэмі Артура О’Фарыла.

Дзе глядзець: спасылку шукаць на сайце Тэатра Джойс.

Калі глядзець: 1 мая а сёмай паводле нью-ёркскага часу і а другой гадзіне ночы паводле беларускага часу.

 

Субота — «Кароль Лір» Уладзіміра Шчэрбаня, Беларускі Свабодны тэатр

Павялічыць

Той самы спектакль, дзякуючы якому шэкспіраўскія персанажы на шэкспіраўскай сцэне загаварылі па-беларуску — прэм’ера «фарс-нуарнага» спектакля «Кароль Лір» у драматургічнай апрацоўцы Мікалая Халезіна і пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня адбылася ў 2012 годзе ў лонданскім тэатры «Глобус». Па словах відавочцаў, трупа тады выходзіла на паклон да публікі сем разоў.

Свабодны тэатр піша, што пры стварэнні сучаснага Ліра абапіраўся на ўласны досвед «тыраніі і выгнання», а сама гісторыя Караля Ліра ўтрымлівае ў сабе паралелі з беларускай гісторыі.

Дзе глядзець: на YouTube-канале тэатра.

Калі глядзець: а 19 гадзіне 2 мая.

 

Нядзеля: Канцэрт грузінскага ансамбля «Эрысіёні»

Павялічыць

Адзін з вядучых у Грузіі і, напэўна, адзін з найвыключнейшых у свеце ансамбль песні і танца «Эрысіёні» ў час пандэміі выклаў у агульны доступ свой колішні канцэрт, а гэта пышныя касцюмы, віртуозная інструментальная музыка, шматгалосыя спевы, танцы і імітацыя паядынкаў. То-бок усё тое, чым створаны ў 1885 годзе «Эрысіёні» скараў і скарае публіку па ўсім свеце.

Дзе глядзець: на Facebook-старонцы ансамбля.

Калі глядзець: калі заўгодна.

Ірэна Кацяловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30