Знайсці
06.04.2020 / 17:4033РусŁacБел

У Віцебску ад каранавіруса памерла 68-гадовая жанчына. Яе сын напісаў у міліцыю заяву на Лукашэнку

2 красавіка ў Абласной клінічнай бальніцы ў Віцебску ад пнеўманіі памерла 68-гадовая жанчына. У яе быў выяўлены каранавірус. Аднак у афіцыйных крыніцах пра ейную смерць так і не паведамілі. У сацыяльных сетках інфармацыя з’явілася 3 красавіка. Пра выпадак піша «Белсат». 

Лідзія Мацвеева. Фота з асабістага архіву

68-гадовая жыхарка Полацка Лідзія Мацвеева ляжала ў аддзяленні неўралогіі ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы на працягу некалькіх тыдняў. «Маме доўгі час балела спіна, яна пачала хадзіць да дактароў, яе паклалі ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу. І пасля таго як зрабілі МРТ, выявілі дабраякасную пухліну на хрыбетніку. Правялі аперацыю, яна прайшла паспяхова. І літаральна праз два дні яна пачала кашляць, паднялася высокая тэмпература. Дыягназ мянялі тры разы», — каментуе сітуацыю яе сын Аляксандр.

Аляксандр жыве ў Францыі і не можа прыехаць у Беларусь, пакуль зачыненыя межы. Ён рэгулярна падтрымліваў сувязь з мамай праз тэлефон, пакуль яе не перавялі ў рэанімацыю. Пасля гэтага пра стан жанчыны інфармавалі сваякі, якія жывуць у Беларусі:

«Ёй прапісалі антыбіётыкі, і праз некалькі дзён яна аказалася ў рэанімацыі з цяжкай формай пнеўманіі пад апаратам ШВЛ. 2 красавіка яна памерла. Ніякіх афіцыйных каментароў ад бальніцы мы не атрымалі, дазваніцца было немагчыма. Пра ейны стан і смерць мы змаглі даведацца толькі праз знаёмых лекараў. Дыягназ каранавірус быў пастаўлены толькі ў моргу», — гаворыць адна са сваячак Лідзіі Мацвеевай.

Пасведчанне аб смерці Лідзіі Мацвеевай

Паводле сваякоў памерлай жанчыны, да таго моманту як Лідзію Мацвееву перавялі ў рэанімацыю, яе лячылі ў адной палаце: «Аддзяленне неўралогіі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, там яна ляжала, нікуды яе не перавялі. У звычайнай палаце, побач было некалькі чалавек. Што з тымі людзьмі, мы не ведаем».

Аляксандр Мацвееў быў шакаваны здарэннем і ў роспачы звярнуўся з заявай у Полацкі РАУС:

«Патрабую распачаць крымінальную справу ў адносінах Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, які, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не прыняў неабходных мер па абароне насельніцтва ад распаўсюду асабліва небяспечнага віруса, у выніку чаго 02.04.2020 года ў Абласной клінічнай бальніцы горада Віцебска памерла Мацвеева Лідзія Дзмітрыеўна».

Сваю заяву Аляксандр Мацвееў каментуе наступным чынам: «Страшна тое, што ніякай інфармацыі людзям не паступае, прозвішчы загінулых не публікуюцца афіцыйна, усё хаваецца. Людзі павінныя ведаць, што адбываецца ў нас у краіне. Каранцін неабходны, неабходна абараніць лекараў».

4 красавіка Лідзію Мацвееву пахавалі ў закрытай труне ў Полацку. У той жа дзень да сваякоў памерлай прыехалі супрацоўнікі міліцыі з праверкай па заяве.

Віктар Старавойтаў, «Белсат»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера