Знайсці
06.04.2020 / 13:573РусŁacБел

Прэм'ер Літвы: На Вялікдзень будзе абмежаваны ўезд ва ўсе гарады краіны. Трэба пацярпець

DELFI / Tomas Vinickas

Прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у фэйсбуку інфармаваў пра абмежаванні, якія чакаюць у велікодныя выходныя (11—13 красавіка), піша Delfi.

Ён пісаў, што разумее — усе мы сумуем па блізкіх.

«Але найлепшае, што сёння можам зрабіць дзеля іх і дзеля саміх сябе — не ехаць да іх на Вялікдзень», — пісаў ён.

Сквярняліс падкрэсліў, што зараз не час расслабляцца. «Мы не можам рызыкаваць, гэта ўсё яшчэ занадта небяспечна. Таму прашу: устрымайцеся ад паездак у госці і падарожжаў, давайце віншаваць адзін аднаго і блізкіх дыстанцыйна», — пісаў ён.

Прэм'ер падкрэсліў, што будуць прыняты дадатковыя меры.

«У святочныя выходныя будзе абмежаваны ўезд ва ўсе гарады і мястэчкі Літвы. Гэта забяспечыць паліцыя, калі трэба, з дапамогай вайскоўцаў, стралкоў і іншых валанцёраў. На дапамогу мы паклічам муніцыпалітэты, папросім тэхнічна абмежаваць непатрэбныя пераезды з горада ў горад», — паведаміў прэм'ер у фэйсбуку.

Будуць і выключэнні. «Яны будуць прымяняцца ў тым выпадку, калі паездка выкліканая смерцю блізкіх, цяжкай хваробай, няшчасцем, а таксама калі яна звязаная з выкананнем неабходнай працы ці прадастаўленнем медыцынскай дапамогі. Забарона не будзе тычыцца тых, хто паедзе ў той муніцыпалітэт, дзе ў яго ёсць нерухомасць», — сказаў прэм'ер.

Жорсткі кантроль чакае таксама тых, хто павінен знаходзіцца ў самаізаляцыі.

«Набліжаецца крытычна важны перыяд. Прашу ўсіх згуртавацца і паводзіць сябе адказна. Калі ўсё будзе добра, магчыма, патроху будзем пераходзіць да палегчанага рэжыму», — пісаў прэм'ер.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера