Знайсці
06.04.2020 / 14:0910РусŁacБел

Прыйшоў з жанчынай, выгнаў маці. У вёсцы пад Слуцкам знайшлі закапаны труп, падазраюць 19-гадовага хлопца

5 красавіка ў адным з двароў вёскі Ленькі, што ў Слуцкім раёне, знайшлі цела жанчыны. Гэта была 43-гадовая Алена Кумагерчык, якая знікла яшчэ ў лютым. Апошні раз яе бачылі ў Слуцку.

Алена Кумагерчык

Нявестка Алены распавядала Tut.by, што зніклая жанчына наведала яе ў бальніцы, потым дапамагла сваёй невідушчай суседцы купіць прадукты ў краме, пасля ўвечары заскочыла ў госці да сяброўкі і перастала адказваць на званкі.

«Сяброўка запэўнівала, што Алена пакінула ў яе тэлефон і пайшла па нейкіх справах. Занепакоіліся мы толькі на наступны дзень. У нас дома нікога не было — муж з братам працавалі за мяжой вахтавым метадам, а я знаходзілася ў бальніцы», — казала дзяўчына.

Пасля з’явіліся чуткі, што апошні раз Алену Кумагерчык бачылі ў слуцкім бары а 5-й раніцы. Але сваякі паглядзелі відэа з камер і ўпэўніліся, што на запісу не Алена.

Пошукі працягваліся, але ніякіх звестак пра жанчыну не было. Амаль месяц была цішыня. І раптам стала вядома, што труп Кумагерчык адшукалі ў двары аднаго з дамоў вёсцы Ленькі.

Следчы камітэт пакуль не пракаментаваў здарэнне. Але вось што распавялі «Нашай Ніве» мясцовыя жыхары.

У забойстве падазраюць Андрэя М. Яму 19 гадоў.

Андрэй М.

Труп Кумагерчык знайшлі ў двары дома, дзе жыў Андрэй М. з мамай. Цела было закапанае ў недабудаваным куратніку.

«Андрэй жыў з маці і айчымам, яны працавалі на ферме. А хлопец не вучыўся, не працаваў нідзе, нічога не рабіў. Ён увогуле не так даўно выйшаў з калоніі — была старая гісторыя з нейкімі кіёскамі, здаецца… Карацей, ці то рабаўніцтва, ці то крадзеж. Андрэю далі давучыцца, а пасля пасадзілі. Адседзеў месяцаў восем, здаецца. Якраз узімку і выйшаў, — расказваюць у Леньках.

— Прычым школьную адукацыю ён атрымліваў на хатнім навучанні. Настаўнікі да яго ездзілі. Кажуць, штосьці з псіхікай у яго было, у школу не дапускалі».

Як хлопец скончыў школу, кажуць людзі, яго забралі адбываць пакаранне. Узімку ён выйшаў. У той вечар у канцы лютага, калі знікла Алена Кумагерчык, Андрэй ездзіў у Слуцк.

«Адтуль і прывёз гэту жанчыну. Яна хоць і старэйшая за яго, але, кажуць, вельмі прыгожая была.

А што пасля паміж жанчынай і Андрэем здарылася — мы не ведаем. Ён прыйшоў з жанчынай дадому, сказаў маці, каб сыходзіла. Тая сабрала рэчы, сышла ў суседнюю вёску, дзе раней жыла. Узяла два выхадныя, на працу не хадзіла, пасля да яе далучыўся і айчым. Удвух яны чакалі, пакуль сын адпачываў з жанчынай. Праз два дні вярнуліся ў Ленькі», — расказваюць жыхары вёсцы.

Пасля ў вёску пачалі ездзіць следчыя. Але нібыта ніхто з мясцовых не ведаў, што з Андрэем была менавіта зніклая Кумагерчык.

«У нас тут следчыя бывалі не раз і не два. Пастаянна ездзілі, аднекуль мелі інфармацыю, што зніклая жанчына можа быць у нас, у Леньках. Аўтобусамі прыязджалі, хадзілі па дварах, але знайсці нічога не маглі. Людзей апытвалі, але безвынікова. І Андрэя перыядычна таксама дапытвалі», — кажуць мясцовыя жыхары.

Апошні раз міліцыя прыехала ў Ленькі ў пятніцу, 3 красавіка. Андрэя М. затрымалі і забралі. Ён быў нападпітку, можа, гэта і дапамагло раскалоць хлопца?

У нядзелю міліцыянты вярнуліся ў Ленькі — выкапваць труп у двары.

«Мама Андрэя як убачыла, што ў яе куратніку адкапваюць труп, дык ёй стала кепска. Следчыя самі выклікалі хуткую. Цяпер яна ў бальніцы ў Мінску», — кажуць мясцовыя жыхары.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера