Знайсці
06.04.2020 / 14:3713РусŁacБел

Каранавірус у БПС-Сбербанку: 51-гадовы кіроўца памёр, топ-менеджары ў бальніцы

Галоўны офіс БПС-Сбербанка на бульвары Мулявіна. Скрыншот з панарамы «Яндэкса»

«Нашай Ніве» стала вядома пра яшчэ адну ахвяру каранавіруса — гэта 51-гадовы кіроўца галоўнага офіса «БПС-Сбербанка» Эдуард Ціхаміраў.

Ён памёр у 6-й бальніцы Мінска ў суботу, 4 красавіка. 

Пра гэта паведамілі брат і жонка Эдуарда. Сваякі выказваюць намер судзіцца з банкам. 

«Мой малодшы брат памёр па віне банка, — перакананы брат памерлага. — Работнік банка нібыта прыехаў з Іспаніі і выйшаў на работу да таго, як прыйшоў станоўчы вынік тэста. Ён адпрацаваў некалькі дзён і пазаражаў астатніх.

Эдуард нават не ведаў, што працуе побач з заражаным! У выніку мой брат стаў кантактам першай групы. Яго жонка таксама ў інфекцыёнцы. І ў мяне, і ў яе ёсць цвёрды намер засудзіць банк». 

А вось што расказвае жонка Таццяна. Яна, дарэчы, не была афіцыйна распісана з Эдуардам, але разам яны пражылі «14 цудоўных гадоў» і выгадавалі яе сына.

«Усё было так: 21 сакавіка мой муж захварэў, пачало ламіць косткі, тэмпература паднялася да 37,5. Ён прахварэў выхадныя, у панядзелак-аўторак яшчэ схадзіў на работу, бо тэмпература збівалася да 36,8. У сераду, 25 сакавіка, яму ўжо стала млосна, я сказала: ідзі на бальнічны, ён пайшоў. Увесь гэты час дома ён кантактаваў са мной, маім сынам і маім бацькам.

У суботу тэмпература пачала павышацца да 38 градусаў і далей. І тут пазваніў яго калега і кажа: «Эдуард, паколькі ты хворы, то я табе неафіцыйна скажу, што ў нас пацвердзіўся выпадак каранавіруса ў калектыве». 

Я выклікала хуткую, мужа забралі ў бальніцу. І вось праз 14 дзён ад пачатку захворвання Эдуард памёр… У пасведчанні аб смерці стаіць сардэчна-лёгачная недастатковасць, вірусная пнеўманія, каранавірусная інфекцыя COVID-19», — сказала Таццяна. 

Па яе словах, з пахаваннем узніклі праблемы. 

«Развітання не было, натуральна: ні дачка, ні я, ні брат, ні маці. Але гэта зразумела — бяспека. Яго крэміравалі, але як было: некалькі пахавальных арганізацый нам адмовілі, як толькі даведаліся пра каранавірус і інфікаванае цела. Я пазваніла ў МНС і папрасіла дапамагчы, там мне не адмовілі, але і не дапамаглі. У выніку мы знайшлі машыну, якая даставіла цела ў крэматорый. Целы зашываюць у вакуумныя пакеты», — кажа яна. 

Па словах жанчыны, у яе самой хвароба працякае ў лёгкай форме, але яе 71-гадовы бацька ў вельмі кепскім стане, ён пасля двух інсультаў. 

«Я вельмі ўдзячная медыкам, яны вельмі стараліся, удзячна аддзяленню рэанімацыі 6-й клінікі, калектыву інфекцыйнай бальніцы, дзе я і мой сын цяпер. Дзяўчаты вельмі прыязныя, яны сапраўды для людзей працуюць. У мяне няма прэтэнзій ні да каго ў белым халаце, я ўпэўнена, што яны зрабілі для мужа ўсё, што маглі», — кажа жанчына. 

«Крыўдна чытаць, што паміраюць людзі, якія пакутавалі на хранічныя хваробы, крыўдна чытаць выказванні ў духу: «Як жа ён можа быць здаровы, калі важыць 135 кілаграм?».

Мой муж быў 2 метры ростам і таксама важыў 112 кілаграм! Гэта нармальная вага! У яго не было ніякіх хранічных захворванняў, ён не меў ні цукроўкі, ні сардэчных хвароб, у яго не было нават павышанага ціску!

Натуральна, не трэба страху і панікі, але трэба клапаціцца пра людзей, своечасова ім паведамляць інфармацыю.

Калі б у нас былі ў запасе тыя чатыры дні, пакуль ён ляжаў дома і тэмпературыў, заражаючы мяне, майго бацьку, сына… Арганізацыя, у якой працаваў мой муж, дагэтуль з намі не звязвалася (банк гэтую інфармацыю абвяргае з улікам таго, што Таццяна — грамадзянская жонка Эдуарда, таму, маўляў, яны гавораць з афіцыйнымі прадстаўнікамі —Рэд.)

Я пакуль што нікога не вінавачу, у сітуацыі будуць разбірацца Следчы камітэт і пракуратура, калі я выйду з бальніцы», — дадала яна. 

Агулам зараза ў галоўным офісе «БПС-Сбербанка» набыла немалы маштаб: па інфармацыі «Нашай Нівы», прынамсі некалькі чалавек з пацверджаным каранавірусам ізаляваныя.

У прыватнасці, у аднаго з дырэктараў дэпартамента хвароба працякае не вельмі лёгка. Аднак яго жонка кажа пра станоўчую дынаміку, яна спадзяецца, што муж неўзабаве пераможа вірус. Вядома і пра заражэнне на ўзроўні сябра праўлення «БПС-Сбербанка».

Працяг: «БСП-Сбербанк» адказаў на прэтэнзіі жонкі памерлага кіроўцы: «Дапамога будзе. Але мы не згодны з інтэрпрэтацыяй»

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930