Вядомы педагог прапануе змены ў парадку правядзення ЦТ у сувязі з пандэміяй
На прапановы педагога Лявона Баршчэўскага адгукнуўся іншы вядомы педагог, кіраўнік адукацыйных курсаў «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч. Вось што ён піша.
Паважаная «Наша Ніва» надрукавала 6 пунктаў адносна неабходных змен у адукацыйны працэс у сувязі з пандэміяй паводле не менш паважанага Лявона Баршчэўскага.
Адкажу на некаторыя з іх як чалавек, набліжаны да сучасных рэалій сярэдняй адукацыі.
1. Не патрэбна адразу спыняць адукацыйны працэс. Наколькі гэта магчыма, можна перанесці ўсё ў анлайн-рэжым. Гэта не заменіць якасна традыцыйную форму засваення праграмы, але ж будзе адназначна лепш, чым проста спыняць працэс і адпускаць дзяцей боўтацца гэтыя некалькі месяцаў.
2. Частку матэрыялу трэба перанесці ў наступны навучальны год і адаптаваць пад гэта праграмы. Магчыма, наступны навучальны год можна працягнуць на некалькі тыдняў, калі будзе такая патрэба.
3. Ніякім чынам нельга нічога рабіць з ЦТ. Гэта несумленна — змяняць за 2 месяцы да экзамена яго форму. Магчыма,трэба думаць у бок нейкай больш бяспечнай формы правядзення тэстаў ці пераносу на жнівень з пачаткам семестра ў кастрычніку, але не рабіць калапс для ўсей сістэмы. Гэта тычыцца як самой падрыхтоўкі абітурыентаў, так і наладжанай уступнай кампаніі. Не так шмат мы выйграем карысці, а лішніх рухаў наробім зашмат.
4. Балы атэстатаў у сучаснай сістэме не з'яўляюцца паказчыкам падрыхтоўкі абітурыента: адзнакі ці павялічваюцца дзякуючы настаўнікам/сувязям, ці будзе мець месца сітуацыя разумнага гуманітарыя з нізкімі адзнакамі па фізіцы і матэматыцы, які планаваў паступіць на гістфак і не зробіць гэта з-за змены правілаў гульні перад самім іспытам. Разглядаць атэстаты як форму адбору ў беларускай сістэме нерэпрэзентатыўна.