Знайсці
04.04.2020 / 10:3778РусŁacБел

«Мы сапраўдная апазіцыя, а Пазняк і Лукашэнка кажуць адно і тое ж»: купка сталіністаў правяла пікет за аб’яднанне з Расіяй

У так званы «Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі» 2 красавіка ў скверы ля кінатэатра «Кіеў» зусім незаўважна прайшоў пікет прыхільнікаў інтэграцыі. На яго сабраўся дзясятак чалавек.

Пікет у Кіеўскім скверы. Фота Рэгнум.

У руках пікетоўцы трымалі наступныя плакаты «Саюз Расіі і Беларусіі вечны і несакрушальны», «Братэрскія народы! Далучайцеся да саюзнай дзяржавы», «Мы супраць зацягвання аб’яднання валют Беларусіі і Расіі», «Аб’яднайце ўзброеныя сілы Беларусіі і Расіі ў адну вайсковую арганізацыю», «Мы за адзіную саюзную дзяржаву з адзіным кіраўніцтвам».

Арганізатарамі выступілі людзі з каардынацыйнай рады «Айчына», а менавіта Валерый Драко і Васіль Зелікаў. Гэтыя людзі прытрымліваюцца камуністычных поглядаў, прычым у сталінскай інтэрпрэтацыі камунізму. Таму іх не падтрымліваюць ні праўладная КПБ, ні калякінскі «Справядлівы свет».

Абсалютная большасць удзельнікаў пікета былі пенсіянеры. Валерый Драко, які некалі быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, расказаў «НН», што колькасць удзельнікаў абумоўленая грашыма, якія трэба было заплаціць за арганізацыю масавай акцыі.

«За ўдзел дзесяці чалавек мы заплацілі 81 рубель, а каб нас было ўжо 11, то заплацілі б ужо 700. Адкуль такія расцэнкі! —

абураецца Драко. — Тым больш свята дзяржаўнае, таму мы прасілі ў гарадскіх уладаў, каб нам скасавалі аплату, але нам не пайшлі насустрач. Гэта першая наша акцыі, дзе мы былі вымушаныя заплаціць грошы. Так, міліцыя сапраўды была, яна нас «ахоўвала», але вось ні медыкаў, ні камунальнікаў побач не было».

Валерый Драко расказвае, што гарадскія ўлады вызначылі адной з умоваў правядзення, каб удзельнікі былі ў масках, і гэта было выканана.

На пікеце былі прынятыя два звароты да ўлады. У першым Драко, Зелікаў і кампанія патрабавалі хутчэйшага будаўніцтва саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а другі называецца «Не — буржуазнай дэмакратыі ў інтарэсах багатых». У другім якраз і заклікаюць адмяніць грашовыя паборы для арганізатараў масавых акцый.

Заяўнікі адразу прасілі для правядзення гэтую пляцоўку. «Кіеўскі сквер з усіх магчымых варыянтаў — гэта найбліжэйшы да цэнтру, але пляцоўка абсалютна бесталковая. Нават тыя рэдкія людзі, што праходзілі міма, не разумелі, што мы там рабілі», — прызнае Валерый Драко. Камуністы звярнуліся да ўладаў, каб для пікетаў давалі і пляцоўкі ў цэнтры горада.

Валерый Драко адзначае, што ўлада падштурхоўвае іх да таго, каб яны станавіліся апазіцыяй. «Апазіцыя ўжо перайшла на бок прэзідэнта. Помніце, Пазняк казаў пра Балта-Чарнаморскі саюз, а цяпер прэзідэнт яго ўжо малюе. Можна віншаваць БНФ і іншыя арганізацыі, цяпер гэта ваш прэзідэнт, які выконвае вашу праграму. А нас з канструктыўнай апазіцыі выштурхоўваюць у самую сапраўдную апазіцыю».

Таксама Валерый Драко паведаміў, што за пікетам пільна сачыў супрацоўнікі КДБ, які ўсё здымаў на камеру. «З міліцыяй мы хоць знаёмыя, падпісвалі дакументы, а хто гэты чалавек — не ўяўляем».

У цэлым жа арганізатар абураны тым, што ўлады ніякім чынам не адзначалі 2 красавіка. «Раней нейкія канцэрты былі ў філармоніі, а цяпер няма нічога, мы адзіныя, хто адзначыў гэтую дату ў Мінску».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930