Знайсці
01.04.2020 / 15:3517РусŁacБел

Салігорцы абвінавацілі Дзялендзіка ў «рэйдарскім захопе» іх бізнэсу. Дзялендзік: Хай аддаюць мне 11 мільёнаў еўра!

1 красавіка ў сацсетках з’явілася зусім не жартаўлівае відэа. На ім Наталля Заяц з Салігорска абвінавачвае ўласніка «Дарыды» мільянера Уладзіміра Дзялендзіка ў спробе рэйдарскага захопу бізнэса сям’і Зайцаў, а таксама ў шматлікіх пагрозах.

Наталля — жонка Андрэя Зайца, салігорскага бізнэсмена, які стварыў Гандлёвы дом «Радуга-свет». Ён мае сетку крамаў і рэстаранаў у розных гарадах Беларусі.

Па словах Наталлі Заяц, цяпер Уладзімір Дзялендзік пагражае яе сям’і: нібыта патрабуе, каб яе муж перапісаў маёмасць і бізнэс на дачку Дзялендзіка, якая жыве ў Іспаніі.

«Калі вы глядзіце гэтае відэа, то, верагодна, мяне і маёй сям’і ўжо няма», — кажа на відэа Наталля Заяц.

Праўда, з Зайцамі ўсё нармальна. Яны нават сустрэліся з Дзялендзікам у Салігорску. Праўда, сустрэча скончылася крыкамі і скандалам.

Але ж у чым сутнасць канфлікту?

«Наша Ніва» паспрабавала атрымаць каментар Андрэя і Наталлі Зайцаў. Але салігорскі бізнэсмен скідвае ўсе званкі.

У сваю чаргу Уладзімір Дзялендзік ахвотна распавёў сваю версію.

«Два гады таму я ўвайшоў у бізнэс Зайца, прычым па яго просьбе. Я набыў 50% акцый кампаніі. Уклаў 10,3 мільёна еўра. Тады яго бізнэс быў закрэдытаваны: сетка каштавала максімум 11 мільёнаў, крэдытаў на ім было каля 9 мільёнаў. Калі я ўклаў грошы, мы пагасілі палову крэдытаў і дабудавалі некаторыя крамы.

Уладзімір Дзялендзік, фота Надзеі Бужан

Але спадар Заяц пачаў займацца рознай каламутай. Я хацеў увесці ў кампанію свайго фінансіста, але Заяц, як генеральны дырэктар, быў супраць. Тады я напісаў заяву, што больш не хачу быць акцыянерам, маўляў, вяртай мае грошы. Заяц паспрабаваў, але не змог знайсці грошы. Тады сказаў мне, маўляў, давай далей развіваць сетку. Я пагадзіўся.

Праз месяцы тры-чатыры Заяц зноў пачаў рабіць не тое, што трэба. Я зноў напісаў, што выйду са складу заснавальнікаў. Заяц пачаў шукаць грошы, каб вярнуць мне. Ацаніў свой бізнэс — сетка каштавала 14 мільёнаў еўра прыкладна, мне ён быў вінен 11 мільёнаў, яшчэ каля 4 мільёнаў вінен банку».

Па словах Дзялендзіка, Заяц зразумеў, што вярнуць грошы не зможа і прапанаваў усё ж неяк памірыцца. Тады Дзялендзік прапанаваў свой варыянт.

«Я сказаў: давай акцыямі! Ён падпісаў: 15% яго, маіх цяпер стала 85%. А жонцы Заяц схлусіў.

У выніку я вырашыў пасадзіць на пасаду дырэктара іншага чалавека, а Зайца зняць. І пачалося тое, што пачалося, нібыта я хачу «захапіць іх бізнэс» — распавядае Уладзімір Дзялендзік. —

Сёння я быў у Салігорску, сустракаўся з Зайцам. Яны там сабралі людзей, накруцілі іх, людзі ў атаку пайшлі на мяне: вы прыехалі рэйдарскі захоп рабіць! А я размаўляць прыехаў!

Пасля ўвогуле Наталля Заяц уварвалася ў кабінет, пабілася з начальнікам службы аховы, зламала яму сківіцу! Правакавала мяне, хацела, каб яе ўдарыў, крычала: «Я табе твар падрапаю!» Я кажу: «Драпай!» Затым мяне не выпускалі з кабінета, я выклікаў міліцыю, паведаміў, што не даюць мне выйсці.

Мяне на сустрэчы пачалі прэсаваць, я ім адказваю: ваша сетка крамаў мне не патрэбная! Я паўторна напісаў, што выходжу з бізнэса, і хай да 30 чэрвеня Заяц верне мне ўсе грошы. Размова ідзе пра 11 мільёнаў еўра. Як ён гэта зробіць, я не ведаю, у яго грошай няма.

Але цяпер я буду звяртацца ў ДФР і іншыя інстанцыі, каб праверылі дзейнасць спадара Зайца. І каб праверылі, ці быў нейкі рэйдарскі захоп.

Таксама Наталля Заяц запісала тое відэа, у якім сцвярджае, што я хачу яе з мужам выкінуць з краіны і пагражаю заразіць каранавірусам! У адказ я напісаў заяву ў міліцыю праз гэтыя яе заявы.

Вось такая сітуацыя. Але незразумела, чаму Наталля Заяц так сябе паводзіць. Калі быў рэйдарскі захоп, то чаму яна не пайшла ў міліцыю, а пачала запісваць відэаролікі і спрабаваць мяне дыскрэдытаваць?»

Пазней «Наша Ніва» звязалася з Наталляй Заяц, але яна заявіла, што не будзе даваць каментар, бо ёй не пасуе такая «схема працы»:

«Я б хацела пагаварыць не па тэлефоне, а склікаць прэс-канферэнцыю. Я не ведаю, ці вы на баку Дзялендзіка, ці незалежныя журналісты. А адказваць на выказванні Дзялендзіка я не буду. Калі вы хочаце апублікаваць пункт гледжання Дзялендзіка, а пасля мой — такога не будзе!»

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031