Знайсці
30.03.2020 / 20:1633РусŁacБел

Што адбываецца ў Віцебску? Інфармацыя ад уладаў скупая, людзей трывожаць шматлікія пнеўманіі

У мужа і жонкі Дашкевічаў з Віцебска адначасова дыягнаставалі пнеўманію. Іх адправілі ў тубдыспансэр, «але там было перапоўнена. Таму мы адпрасіліся дадому, дактары далі нам антыбіётыкі і адпусцілі», — расказала «Нашай Ніве» спадарыня Дашкевіч.

Аднак хвароба не адступала, тэмпература расла, і пару зноў шпіталізавалі — ужо ў іншую ўстанову, таксама пераабсталяваную пад лячэння лёгачных захворванняў.

«Дома ў мужа паднялася тэмпература. Нас накіравалі ў скурвендыспансэр, які цяпер абсталявалі пад пульманалогію. Паклалі ў розныя палаты. Там узялі аналізы на каранавірус, але сказалі, што аналіз адмоўны», — працягвае спадарыня Дашкевіч.

24 сакавіка 75-гадоваму Віктару Дашкевічу, заслужанаму артысту Беларусі, стала горш, і яго перавялі ў яшчэ адну ўстанову, якая, трэба разумець, цяпер таксама вызначаная пад лячэнне лёгачнікаў, — у чыгуначную бальніцу.

Як вядома, Covid-19 выклікае ўскладненні ў выглядзе спачатку сухога кашлю, а пасля — пнеўманій, частка якіх працякае ў цяжкай форме.

Выклікае неўразуменне, што праз доўгі час пасля выяўлення пнеўманіі ў артыста Дашкевіча (і ягонай жонкі), ужо калі яны знаходзіліся ў бальніцы, тэст на каранавірус быў нібыта ў абаіх адмоўны, а пасля стаў станоўчы — толькі ў мужа, пасля таго як ягоны стан пагоршаў.

Незразумела таксама, чаму немаладую жанчыну з пнеўманіяй ужо праз пяць дзён пасля шпіталізацыі выпісалі дадому — прытым што ў гэты ж дзень у яе мужа пацвердзілі каранавірус. Звычайна курс лячэння пнеўманіі даўжэйшы. Да таго ж, калі каранавірус у мужа, а пнеўманія адначасова ўзнікла ў яго жонкі, то лагічна было б, каб у яе ўзялі паўторны аналіз і трымалі пад назіраннем.

«У мяне паўторны аналіз не бралі, сказалі ізалявацца і быць дома 14 дзён, — кажа спадарыня Дашкевіч. — Дачка мне носіць прадукты, пакідае іх у пад’ездзе».

Такія рацыянальныя меры перасцярогі сям'я прымае з улікам пагрозы заражэння.

З дакладнасцю тая ж сітуацыя адбылася ў мінскай сям'і, дзе выявілі двух хворых. 60-гадовага мужчыну шпіталізавалі з пнеўманіяй яшчэ 17 сакавіка і толькі 27 сакавіка, калі ягоны стан пагоршаў, сям'і паведамілі пра каранавірус.

І ў віцебскім, і ў мінскім выпадках узнікаюць аналагічныя думкі. Або пацыенты з двух розных гарадоў заразіліся ў бальніцы — і тады пытанне да логікі размяшчэння пацыентаў. Або першыя тэсты, нягледзячы на наяўнасць у абодвух хворых пнеўманій, далі памылковыя вынікі. І тады пытанне да якасці проб, якімі карыстаюцца ў Беларусі.

Па словах спадарыні Дашкевіч, яшчэ сем артыстаў віцебскага тэатра імя Якуба Коласа знаходзяцца ў бальніцы, у пяці з іх пнеўманія. На жаль, атрымаць каментары ў прадстаўнікоў Мінздароўя, каб супаставіць інфармацыю жонкі паважанага чалавека з афіцыйнай пазіцыяй, практычна немагчыма.

У Віцебску ж здарыўся выпадак, які трапіў у СМІ, калі памерла 58-гадовая жанчына, якая была шпіталізаваная з пнеўманіяй і мела пры гэтым спадарожныя праблемы са здароўем. Сваякам пазванілі і папрасілі самаізалявацца, сказалі, што быў пацверджаны каранавірус. Пасля Мінздароўя абверг гэтую інфармацыю і запэўніў, што Covid-19 не меў месца.

На жаль, афіцыйная інфармацыя пра колькасць пацыентаў з дыягназам «пнеўманія» ў Віцебску і вобласці не публікуецца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару
«Нашай Нівы» ў ТГ

Ад 27 сакавіка па распараджэнні міністра ўнутраных спраў міліцыянерам забаранілі выязджаць з Віцебскай вобласці і ўязджаць у яе. 

У той жа час прафілактычныя абмежаванні ў Віцебску не строгія.

Транспарт у горад ходзіць па-ранейшаму. У маршрутках «Паўночнага экспрэса» кажуць, што ўсе рэйсы з Мінска на Віцебск і з Віцебска выконваюць па плане.

Прадпрыемствы Віцебска працуюць, як і раней.

«Зачынена толькі абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» праз тое, што там былі выпадкі захворвання ў супрацоўнікаў», — расказвае жыхар Віцебска Хрыстафор Жаляпаў.

У «Чырвоным Кастрычніку» інфармацыю пра каранцін пацвердзілі. Прычыны не называюць, кажуць толькі, што такі рэжым уведзены ў іх з 16 сакавіка. «Белвест» і «Марка» пры гэтым працуюць у звычайным рэжыме.

«Наша Ніва» пісала, што чуткі пра смерць ад каранавіруса дырэктара «Марка» выявіліся фэйкам.

Віцебскі гарвыканкам зацвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы каранавіруса і іншых рэспіраторных інфекцый. Там шмат пунктаў. Малых дзяцей бацькам дазволілі не вадзіць у садок, іншагароднім студэнтам нельга будзе ездзіць на выхадныя дадому. У бібліятэках не будуць працаваць чытальныя залы, а ў рэстаранах кліентаў будуць рассаджваць на адлегласці не менш за 1,5 метра. Кіраўнікоў арганізацый заклікаюць не дапускаць да працы людзей з сімптомамі рэспіраторных захворванняў.

Час працы кафэ і начных клубаў проста абмежавалі. Уласнікам пра гэта рашэнне паведамілі яшчэ пару дзён таму. 

«У суботу патэлефанавалі з гарвыканкама, а потым хадзілі і супрацоўнікі міліцыі, казалі, каб працавалі толькі да 23-й гадзіны», — расказвае дырэктар арт-паба «Торвальд» Віталь Броўка.

На які час уводзіцца гэтае абмежаванне графіка працы, пакуль невядома.

«Нас проста папярэдзілі: «Не надумайце жартаваць». Супрацоўнікі, кіраўнікі іншых устаноў хвалююцца», — кажа Віталь Броўка.

Па яго словах, людзей у віцебскіх кафэ значна паменела. Наведвальнасць арт-паба, напрыклад, упала напалову.

У інтэрнэце таксама з’явілася інфармацыя, што ў Віцебск просяць не вяртацца іншагародніх студэнтаў і чакаць далейшых указанняў.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, адносна якога распаўсюджваюцца такія чуткі, гэта адмаўляюць.

«Не, канечне, такой рэкамендацыі не было. На сёння мы толькі размежавалі патокі студэнтаў, каб не было скаплення людзей: першыя пары адмянілі, зрушылі расклад, — расказала «Нашай Ніве» рэктарка ўніверсітэта Валянціна Багатырова. — Мы дазваляем, калі студэнт дрэнна сябе адчуў, працаваць у афлайн-рэжыме. Гэта робіцца па асобнай заяве. Часам бацькі хвалююцца, іх можна зразумець. Але такія выпадкі, калі хтосьці па заяве перавёўся на афлайн-рэжым, адзінкавыя».

У Віцебскім аблвыканкаме адмовіліся пракаментаваць эпідсітуацыю ў горадзе. «Нічога не магу пакуль вам даць», — сказала «Нашай Ніве» намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Людміла Кавалёва, перш чым пакласці слухаўку.

Гэтая абстаноўка сакрэтнасці і нервознасці адрознівае Беларусь ад іншых краін, якія сутыкнуліся з пандэміяй. У адрозненне ад Расіі, Казахстана, Польшчы, Літвы ды іншых краін інфармацыя пра колькасць хворых абвяшчаецца нерэгулярна, абрывачна, часам нават у загадкавай, рэбуснай форме. У адрозненне ад іншых краін у Беларусі не публікуецца афіцыйнай інфармацыі пра геаграфічную лакалізацыю выяўленых выпадкаў Covid-19, што дае падставу для розных чутак. Мінздароўя тлумачыць такі падыход нежаданнем правакаваць паніку. 

Апытанка

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера