Знайсці
29.03.2020 / 22:1038РусŁacБел

Сям'я з Мінска расказала, што два іх сваякі ляжаць з каранавірусам у цяжкім стане

Сям'я наракае, што мужчына быў шпіталізаваны з пнеўманіяй 17-га, але каранавірус ім пацвердзілі толькі 27-га, паведамляе радыё «Свабода». Або ён заразіўся ў бальніцы, або першы аналіз, нягледзячы на наяўнасць пнеўманіі, даў памылковы вынік.

«Цяпер тата ў інфекцыйным шпіталі ў крайне цяжкім стане на штучнай вентыляцыі лёгкіх», — кажа дзяўчына N.

Сама яна знаходзіцца ў 4-м мінскім шпіталі як кантакт першага ўзроўню разам з іншымі сваякамі.

Хвораму менчуку 60 гадоў. Дачка распавядае, што ў яго быў нармальны стан здароўя, без хранічных захворванняў, ён не п’е і не курыць.

Нядаўна ён прастыў, дзён пяць не хадзіў на працу, проста адлежваўся, а пасля зноў пайшоў на працу, бо ўсё было добра.

Але 12 сакавіка ён ізноў адчуў сябе кепска. Тэмпература не спадала, сям’я выклікала доктара.

«Доктар прыехаў, сказаў больш піць вадкасці і збіваць тэмпературу парацэтамолам. Доктар, дарэчы, быў без бахіл сваіх, мы яму прапанавалі пакеты на ногі, і ён пагадзіўся, — кажа дачка. — Бацьку лепш не рабілася, тэмпература ўвесь час 38».

17 сакавіка, кажа дзяўчына, бацьку выклікалі хуткую і адвезлі ў 3-ці шпіталь.

«Яму зрабілі аналізы, і здымак паказаў пнеўманію, і яго паклалі ў пульманалогію. На каранавірус таксама тады бралі аналіз, і ён быў адмоўны, — расказвае яна. — На наступны дзень тэмпература апусцілася да 37, але праз два дні зноў паднялася. Калі мы размаўлялі ў той вечар, ён дыхаў так, нібыта толькі прабег крос. І пачаў кашляць, хоць доктар раней казаў, што ў лёгкіх нічога няма».

Далей становішча бацькі толькі горшала, кажа дзяўчына.

«У панядзелак 23 сакавіка маці прыехала ў шпіталь і пачала дамагацца, каб з ім нешта рабілі. Казала: «Я бачу, што мы здавалі яго ў лепшым стане, а цяпер ягонае становішча нашмат горшае». Там пачалі мітусіцца, хацелі адправіць яго на рэнтген, але так і не давезлі, а адразу адправілі ў рэанімацыю, бо яму было вельмі кепска. Там далі кіслародную падушку падыхаць», — расказвае яна.

Ужо ўвечары, кажа дзяўчына, бацька быў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. У яго таксама ўзялі аналіз на каранавірус.

«У пятніцу 27 сакавіка нам пацвердзілі, што ў яго каранавірус», — расказвае дзяўчына. 

У пятніцу 27 сакавіка ўвечары дахаты ім пазванілі з «раённай санслужбы».

«Сказалі, каб мы збіраліся ў шпіталь, удакладнілі, хто з намі жыве. Мама мая адраклася шпіталізацыі, бо з намі жыве яшчэ татава мама, ёй 93 гады, і яна ў ляжачым стане, даглядаць за ёй няма каму. У мамы ўзялі падпіску, што яна не будзе выходзіць два тыдні з дома. У суботу з нашай звычайнай паліклінікі прыехалі і ўзялі аналізы ў мамы і ў бабулі, — кажа дзяўчына. — А мяне і майго маладога чалавека прывезлі ў 4-ы шпіталь, зрабілі кардыяграму, біяхімію крыві, тэст на каранавірус і флюараграфію».

Пацверджаны аналіз на каранавірус мае і цётка дзяўчыны — родная сястра мужчыны, які цяпер у рэанімацыі. Перад шпіталізацыяй яе дачка дала інтэрв'ю каналу «Народны рэпарцёр». Яна сцвярджае, што яе мама таксама трапіла ў рэанімацыю з каранавірусам, але яе стан лепшы.

«У яе цукровы дыябет, і ў яе здарылася мазгавая недастатковасць, нейкі збой у разумовай дзейнасці. Выклікалі хуткую, прывезлі ў 3-ці шпіталь, паставілі бранхіт і адправілі дахаты, — кажа дзяўчына. — Яе становішча пагоршала моцна. А ў пятніцу прыйшоў яе станоўчы аналіз на каранавірус. Яе забралі ў гэтым купале і ўсю яе сям’ю — дачку з мужам і дзіцём і другую дачку з двума дзецьмі таксама адправілі ў шпіталі на каранцін».

N. распавядае, што ў ноч, калі іх прывезлі ў шпіталь, перад імі былі шпіталізаваныя 64 чалавекі. На наступную раніцу ўвесь іхны паверх быў запоўнены, таму яе стрыечную сястру з дзецьмі паклалі на іншым паверсе. Усё гэта — кантакты першага ўзроўню.

У які момант бацька захварэў на каранавірус, сям’я не ведае.

«Першы аналіз на каранавірус быў адмоўны, — разважае дзяўчына. — З другога боку, калі ён быў адзіны, каго перавезлі з 3-га шпіталя ў інфекцыйны, атрымліваецца, што заразны быў менавіта ён».

Яна не выключае, што аслаблены пасля першай хваробы, бацька мог падхапіць каранавірус недзе ў горадзе.

Атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя пакуль не ўдалося.

Паводле svaboda.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031