Даслаць навіну
Знайсці
28.03.2020 / 11:43 19

Як выглядала Беларусь падчас адной з самых крывавых наступальных аперацый. Унікальныя ФОТЫ Першай сусветнай вайны 

У Пастаўскім раённым краязнаўчым музэі, які месьціцца ў будынку былога палаца Тызенгаўза, працуе выстава «Вайна і людзі», прысьвечаная трагічным старонкам Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі раёну. У прыватнасьці Нарачанскай апэрацыі, якая завершылася 30 сакавіка 1916 году вялізнымі стратамі з абодвух бакоў — і расейскага, і нямецкага, піша «Радыё Свабода».

Экспазыцыю складаюць фатаздымкі, паштоўкі, альбомы, палкавыя кнігі, мапы з калекцыі Ўладзімера Багданава, які больш за паўтара дзясятка гадоў займаецца дасьледаваньнем тагачасных падзеяў і зьяўляецца адным з самых буйных беларускіх калекцыянэраў рарытэтаў Вялікай вайны.

Павялічыць

Нямецкія кулямётчыкі ў акопе на пазыцыі ля вёскі Мажэйкі, 1916 год

Павялічыць

Вузкакалейка да перадавой пазыцыі ў лесе каля Мажэек, 1916 год

Павялічыць

Нямецкі патруль на возеры Споры, 1917 год

На стэндах блізу 100 фатаздымкаў і рысункаў або іх павялічаныя копіі. Усе яны зробленыя ў 1915-1918 гадах на Пастаўшчыне нямецкімі вайскоўцамі.

Выявы можна падзяліць на тры катэгорыі: ваенныя дзеяньні, салдацкі побыт і суіснаваньне зь мірным насельніцтвам.

Павялічыць

Нямецкія салдаты з жыхарамі вёскі Вялікая Ольса, 1916. Фота з альбома лейтэнанта Рубэнса, пяхотны полк № 17

Санітарныя замірэньні для пахаваньня забітых

У сакавіку 1916 году пастаўскія землі трапілі ў эпіцэнтар жорсткага супрацьстаяньня Германскай і Расейскай імпэрый. Найбуйнейшая на ўсходнім фронце наступальная Нарачанская апэрацыя стала адной з самых крывавых у гісторыі Першай сусьветнай вайны, колькасьць загінулых з абодвух бакоў ішла на дзясяткі тысяч, тлумачыць Уладзімер Багданаў геаграфічную прывязку выставы.

Павялічыць

Кулямёт 4-й роты 17-га пяхотнага палка абстрэльвае расейскі патруль, 1916 год

Павялічыць

Расейскія салдаты, якія трапілі ў палон падчас наступу пад Паставамі 26 сакавіка 1916 году

Павялічыць

Некалі густы лес пасьля сакавіцкіх баёў 1916 году

«Адзін з самых складаных эпізодаў вайны, бо страты былі велізарныя. Нягледзячы на тое што найбольш напружаны ўчастак судакрананьня сілаў займаў усяго 4,5 кілямэтра, колькасьць забітых і параненых толькі з расейскага боку перавысіла 50 тысяч чалавек. Цяпер ва ўсім Пастаўскім раёне жывуць 36 тысяч, а тады за чатыры дні палегла ледзь не ў паўтара раза больш», — расказвае «Свабодзе» дасьледчык.

Чаму такая колькасьць ахвяраў з расейскага боку? Як і ў Другую сусьветную вайну, камандаваньне лёгка ахвяравала «гарматным мясам», — працягвае Ўладзімер Багданаў. На тагачасных здымках наступствы жорсткіх змаганьняў непрыхаваныя і могуць шакаваць.

Павялічыць

Поле бою пасьля бітвы пад Паставамі, канец сакавіка 1916 году

Павялічыць

Від зь нямецкіх акопаў пасьля наступу расейцаў, сакавік 1916 году

Павялічыць

Расейскія санітарныя каманды са сьвятарамі зьбіраюць целы на Велікоднае замірэньне 24-25 красавіка 1916 году

Тых царскіх салдатаў, якія загінулі на варожых пазыцыях, немцы пахавалі на сваіх могілках. Але тысячы зьнявечаных целаў яшчэ месяц заставаліся на нэўтральнай тэрыторыі, пакуль у красавіку на Вялікдзень не абвясьцілі «санітарнае замірэньне»: цягам двух дзён зьбіралі трупы. Пра многія пастаўскія палі, у тым ліку вернутыя ў сельскагаспадарчы абарот, можна казаць літаральна: зямля, пакрытая крывёй.

Бясплённая стратэгія — задушыць ворага колькасьцю

За год да Нарачанскай кампаніі адбыўся так званы Сьвянцянскі прарыў немцаў, які ўдалося ліквідаваць пры дапамозе надзвычайнага геройства і самаахвярнасьці салдатаў. Нягледзячы на атрыманы ўрок, у сакавіку 1916-га расейцы распачалі вялікую наступальную апэрацыю.

Павялічыць

Нямецкая траншэя, зраўнаваная падчас сакавіцкага наступу расейцаў

Павялічыць

Кайзэраўцы аднаўляюць разбураныя пазыцыі ля вёскі Мажэйкі

Павялічыць

Амэрыканскія журналісты аглядаюць поле бітвы пад Паставамі, красавік 1916 году

Нагодай стаў зварот па дапамогу ад французаў, якія вялі цяжкія баі пад Вэрдэнам. Аднак час і месца наступу былі выбраныя няўдала. Як вынік праліку камандаваньня — велізарныя страты. Зрэшты, немцы тады так і не змаглі перакінуць войскі на Заходні фронт, таму ў маштабах Эўропы эфэкт усё ж быў. Іншая справа, якой цаной.

«Потым гісторыкі па-рознаму вымяралі лінію супрацьстаяньня, — працягвае Ўладзімер Багданаў. — Германскі бок лічыў тэрыторыю абарончага змаганьня ад Вішнеўскага возера на поўдні і амаль да Дзьвінску (цяпер латыскі Даўгаўпілс) на поўначы. Афіцыйныя расейскія дасьледчыкі дагэтуль чамусьці гавораць толькі пра ўчастак ад Нарачы і да Паставаў, што нашмат меней».

Павялічыць

Нямецка-расейскае вайсковае пахаваньне ў Лынтупах. Часткова захавалася, аднаўляецца валянтэрамі

Павялічыць

Нямецкія могілкі ў Яраве. Не захаваліся, стаіць памятны знак

Павялічыць

Могілкі 3-га батальёну 17-га пяхотнага палка каля вёскі Новы Двор. Часткова захаваліся, аднаўляюцца валянтэрамі

І нават пры гэтым немцы свае агульныя страты ацэньваюць у 20 тысяч чалавек (забітыя падчас баёў і памерлыя пазьней ад ранаў). А ў Расеі агучваюць лічбу ў 78 тысяч байцоў, якіх страціла 2-я армія, хоць папраўдзе іх было нашмат больш, бо ня ўлічаны Паўночна-заходні фронт, Браслаўшчына, дзе, напрыклад, ішлі жорсткія баі пад Відзамі. Уладзімер Багданаў перакананы, што агульныя страты расейскай арміі значна перавышалі 100 тысяч.

Цягам 10 дзён расейскія дывізіі бясплённа намагаліся зламіць непрыяцеля колькасьцю, пакуль нават камандаваньню ня стала відавочна: «мясарубка» ня мае ніякага сэнсу.

Павялічыць

Лейтэнант Рубэнс (зьлева) з прыяцелем на ўмацаваных пазыцыях паўднёвей Мажэйскага возера, чэрвень 1916-га

Павялічыць

Затопленая нямецкая траншэя пад Паставамі

Павялічыць

Афіцэрская прыбіральня (пазначана крыжыкам) у акопах 4-й роты 19-га пяхотнага палка, 1916 год

У той жа час германцы досыць бясьпечна адчувалі сябе ў бэтонных умацаваньнях і за калючымі агароджамі. Як потым успаміналі ў мэмуарах расейскія ўдзельнікі тых падзеяў, па пояс у сакавіцкім балоце і без патрэбнай падтрымкі артылерыі яны былі цудоўнымі мішэнямі для варожых гарматаў.

Павялічыць

Манумэнт германскім вайскоўцам у вёсцы Камаі, 1917. Могілкі не захаваліся, на іх месцы паставілі памятны знак

У памяць пра Нарачанскую апэрацыю засталіся толькі вайсковыя могілкі. Зноў жа, пераважна нямецкія, бо сваіх баявых сяброў кайзэраўцы хавалі адразу, на тых месцах узьнікалі сапраўдныя мэмарыялы. За польскім пратэктаратам над заходнебеларускімі землямі пахаваньні працягвалі даглядацца — гэта значыць, да 1939 году. У савецкі час большасьць зь іх была страчаная ці прыйшла ў заняпад.

Расейцы абыходзіліся брацкімі магіламі з драўлянымі крыжамі. Але бугры зарасталі хмызьняком, памятныя знакі парахнелі. Толькі нядаўна асобныя энтузіясты пачалі вяртаць іх зь нябыту. Менавіта на Пастаўшчыне гэтая праца ў апошнія гады ідзе найбольш актыўна, прычым з падтрымкай і ўвагай з боку адміністрацыі раёну. На афіцыйны ўлік тут узялі і пашпартызавалі тры дзясяткі могілак Першай сусьветнай вайны — больш, чым дзе-небудзь у Беларусі.

Дэмаграфічны сьлед — плён цывільнага суседзтва

Дзеля справядлівасьці ўласна ваенныя дзеяньні не вяліся бесьперапынна — калі не лічыць актыўных наступальных фазаў. Характар зацяжной пазыцыйнай вайны найперш меў на ўвазе чакальную стратэгію — хто каго перасядзіць. За гэты час трэба было замацаваць пазыцыі, заглыбіцца ў акопы, заліць новыя доты, назапасіць атрутны газ.

Павялічыць

Разьвядзеньне трусоў у акопах на перадавой

Павялічыць

Нарыхтоўка вугалю ў лесе пад Паставамі

Павялічыць

Парнік для гародніны ў вёсцы Мольдзевічы

Як вынікае з фатаздымкаў, набытых на міжнародных аўкцыёнах Уладзімерам Багданавым, за непасрэднай лініяй фронту працягвалася мірнае жыцьцё. Хоць сьведчаньняў з расейскага боку засталося ня так шмат, можна ўявіць, што там карціна была аналягічная.

Салдаты аралі і сеялі, гадавалі сьвіней і трусоў, вырошчвалі ў цяпліцах гародніну, пралі ўніформу і рамантавалі абутак. Таксама будавалі дарогі, праводзілі электрычнасьць.

Павялічыць

Сонечныя ванны ў акопе каля Мажэйскага возера, ліпень 1916-га

Павялічыць

Спартовы фэстываль 21-га армейскага корпусу ля вёскі Вярэнькі, жнівень 1916-га

Адрозна ад жорсткага нацысцкіх вайскоўцаў Другой сусьветнай, кайзэраўскія салдаты не ўчынялі зьверстваў і карных апэрацый. Хутчэй наадварот. Ладзілі для вяскоўцаў кінапаказы, хадзілі на танцы, запрашалі на выступы тэатральных трупаў і музычных калектываў.

Мясцовым дзецям нешта перападала з гасьцінцаў, якія салдатам дасылалі з радзімы. Ледзь не міжнародная ідылія, калі ня браць пад увагу абставіны зьяўленьня гасьцей. У пэўным сэнсе мясцовым жыхарам — а на здымках, як відаць, у асноўным жанчыны, дзеці і старыя (усе мужчыны пайшлі ў войска) — пашчасьціла. Іх не пасьпелі эвакуаваць. Блізу 2 мільёнаў беларусаў апынуліся ў расейскім тыле, адкуль вярнулася ў лепшым выпадку палова. Няма ніякай гарантыі, што і гэтыя людзі, увекавечаныя на здымках, урэшце не растварыліся б у чарговай сібірскай глыбінцы.

Павялічыць

Сялянская сям’я каля сваёй хаты ў вёсцы Норкавічы, 1916 год

Павялічыць

Вясковыя дзеці ў Вялікай Ольсе, 1916 год

Павялічыць

Селянін з дачкой ля хаты ў вёсцы Норкавічы

«Задумка выставы — паказаць незвычайнасьць Вялікай вайны. Ні дагэтуль, ні пасьля пазыцыйнай вайны ў Беларусі не было, заўсёды яны пракочваліся праз нас транзытам. А тут амаль тры гады вайскоўцы суіснуюць зь мясцовым насельніцтвам. У тым ліку і дэмаграфічна пакінулі свой сьлед, — усьміхаецца Ўладзімер Багданаў. — Хоць здымкі нямецкія, пэўна, што падобнае было і з расейскага боку, проста ня мелі столькі фотаапаратаў. І жылі мірна, бо не было ні партызаншчыны ў звыклым разуменьні, ні карнікаў, ні правакацый».

Угледзецца ў здымак — пазнаць аднавяскоўца

Цывільныя ў ваенных дзеяньнях ня ўдзельнічалі, гэта была справа прафэсіяналаў, працягвае суразмоўца. А значыць, прыфрантавое жыцьцё на працягу некалькі гадоў мела самыя розныя адценьні. Тым і каштоўны матэрыял, дзе зафіксаваны побыт жыхароў у блізкім тыле.

Павялічыць

Жанчына каля вясковай хаты пад Паставамі

«Мне цікава глядзець на старыя здымкі ня толькі як на сьведчаньне ваенных апэрацый, але і, перш за ўсё, на Беларусь. Якія 100 гадоў таму былі вёскі, самі беларусы? Многіх паселішчаў ужо не існуе, прычым яны зруйнаваныя не вайной, а «мірным» савецкім ладам. Засталіся толькі на фатакартках, малюнках, паштоўках. Тут жа і жыхары: дзе яны, што зь імі? Увесь час чакаю, што нехта пазнае аднавяскоўца. Бо калі немцы рабілі фота, звычайна дарылі асобнік героям. У некаторых сем’ях, адпаведна, засталіся дублікаты. Ёсьць амаль мастацкія партрэты. Упэўнены, калі фатографу дзяўчына спадабалася, ёй таксама як сувэнір перадаў».

Павялічыць

Сям’я зь дзецьмі ў вёсцы Мацковічы, травень 1916-га

Першая сусьветная вайна для Беларусі скончылася вялізнымі незваротнымі стратамі. Гісторыкі кажуць пра мільён загінулых беларусаў, з гэтай лічбай пагаджаецца і Ўладзімер Багданаў. Гаворка ня толькі пра фізычнае зьнішчэньне на палях баяў — з мабілізаваных 700 тысяч беларускіх мужчын не вярнуўся кожны дзясяты. Адбылося вымываньне чалавечага рэсурсу.

Тагачаснае насельніцтва хоць і не зьнішчалі ў канцлягерах і ня спальвалі цэлымі вёскамі, але людзі ў вялікай колькасьці паміралі ад хваробаў, голаду і суровых зімаў. Хтосьці так ці інакш трапляў пад артабстрэлы і газавыя атакі, дамы іх былі разбураныя і спаленыя падчас баёў. Сотні тысяч людзей прымусова вывезьлі ў эвакуацыю, адкуль большасьць не вярнулася. Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі, якая стала непасрэдным наступствам той вайны, жыцьцё так і не аднавілася ў сваім колішнім рэчышчы.

Павялічыць

Беларускія дзяўчаты зь вёскі Рудзі, 1916 год

Павялічыць

Жанчыны на ўборцы ўраджаю, 1917 год

За савецкім часам Першую сусьветную часта называлі «чужой вайной». Але сотні тысяч беларусаў расквіталіся за яе не чужым, а ўласным лёсам…

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Ігар Карней, «Радыё Свабода»

1
Павел Ас / адказаць
29.03.2020 / 07:23
У расейцаў, як і ў немцаў тады была аднолькавая скрэпа, прасоўванне расейскага (нямецкага) света. У выніку не стала ні расейскай, ні нямецкай з Аўстра-венгерскай імперый. Вось бы ЗША І Расея нарэшце вырашылі, хто з іх духоўней, а Свет стаў бы чысцейшы.
1
Чорны Война / адказаць
29.03.2020 / 07:48
Што за лухту піша "Радыё Свабода"? У палацы Тызенгаўза месціцца не музей, а бальніца. Там хворыя ляжаць.
0
Быхау / адказаць
29.03.2020 / 18:35
Павел Ас , А Британская укрепилась и фунт стал эталоном валют. Не странно? А везде была одна правящая династия.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31