Знайсці
28.03.2020 / 10:3913РусŁacБел

Праца экскаватаршчыкам, злівы сілавікоў, кватэрнае пытанне. Пяць фактаў пра арыштаванага Сяргея Сацука

Галоўная падзея апошніх дзён у беларускім медыяполі — затрыманне галоўнага рэдактара Ej.by Сяргея Сацука. Следчыя мяркуюць, што ён атрымаў хабар памерам $5 тысяч ад бізнэсмена за напісанне артыкула.

Сяргей Сацук, фота Euroradio.fm

Сацук чакаў затрымання і нават пакінуў развітальны ліст.

Чытайце. «Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна». Сяргей Сацук прасіў апублікаваць гэты тэкст, калі яго затрымаюць

У гэтым тэксце Сацук сцвярджае, што яго замовілі. «Імя гэтага генерала, які «крышуе» сістэмную карупцыю Мінздароўя, вядомае ўсім, хто круціцца ў гэтым бізнэсе», — піша ён, не называючы, аднак, ніводнага імені.

Сацуку можа пагражаць ад 3 да 10 гадоў зняволення.

«Калі ў гісторыі не замяшаны дзяржаўныя структуры, гэты артыкул [хабар] звычайна не інкрымінуюць. Такое, як правіла, здараецца, калі справа трапляе на кантроль на высокім узроўні», — разважае адвакат Антон Гашынскі.

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра Сацука.

Прыйшоў у журналістыку не адразу

Сяргею Сацуку 52 гады, ён паходзіць з Барысаўскага раёна. Разам з братам-блізнюком Аляксандрам вывучыўся на экскаватаршчыка. Адслужыў у войску, нейкі час працаваў па спецыяльнасці. Брат тым часам пайшоў працаваць у міліцыю, а Сяргей адчуў у сабе пісьменніцкі дар.

Напісанне кніг для расійскага рынку прыносіла, па яго словах, добрыя грошы. Нешта пісаў пад сваім іменем, нешта як «Сяргей Барнацін». Яго аўтарству належаць фантастычныя раманы «Міратворцы конуса», «Спецпадраздзяленне чысткі». У 1990-я кнігі з вокладкамі, ад якіх выцякаюць вочы, карысталіся шалёным попытам.

Але дэфолт Расіі 1998 года сапсаваў выгадную справу. Толькі тады 30-гадовы Сяргей Сацук вырашыў паспрабаваць сябе ў беларускай журналістыцы.

Аўтар БДГ, заснавальнік Ej.by

У пісьмовым інтэрв’ю Аляксандру Тамковічу Сацук згадваў, што спачатку прыйшоў у «Советскую Белоруссию», але кантакт не склаўся. Дарэчы, пасля быў досвед супрацы з «Народнай воляй» — зноў не тое.

Сацук здабыў сабе імя ў «Белорусской деловой газете», выданні Пятра Марцава. Ён быў рэдактарам аддзела права і здарэнняў, займаўся і расследаваннямі. Тагачасная «БДГ» была выразнікам інтарэсаў сталічнага прыватнага бізнэсу і фінансавых колаў, але мела і палітычны складнік. Праз яго існаванне ўлады заўжды ціснула на Марцава, урэшце ў 2006 годзе пасля забароны на друк і распаўсюд БДГ была фактычна знішчана.

На той момант дарогі Марцава і Сацука ўжо разышліся. Сацук стварыў уласны праект — «Ежедневник» (Ej.by). Гэта было нешта падобнае да БДГ, але з яшчэ меншым ухілам на палітыку. Інавацыйная задума была ў тым, каб штодня вярстаць газету і рассылаць яе электронную версію ўсім ахвотным праз электронную пошту. Аднак ідэя не змагла стаць прарыўнай, з цягам часу ад яе адмовіліся.

У сярэдзіне і канцы 2000-х «Ежедневник» быў больш-менш заўважным гульцом на рынку, але патрохі яго ўплыў стаў змяншацца. Апошнім часам колькасць работнікаў складала некалькі чалавек. Паводле даных Similarweb, у лютым 2020 года наведвальнасць сайта не дацягвала нават да 5 тысяч карыстальнікаў за месяц.

Галоўны праект «Ежедневника» — складанне рэйтынгаў топ-100, а пасля і топ-200 беларускіх бізнэсменаў. Гэта ўнікальная база імёнаў прадпрымальнікаў, пра існаванне шмат каго з якіх грамадства нават не здагадвалася. Некалькі гадоў таму рэдакцыі нават удалося знайсці тытульнага спонсара для свайго рэйтынгу — МТБанк.

Адзін у полі

Медыяполе Беларусі падзелена на дзяржаўныя медыя і рэсурсы, незалежныя ад беларускай улады. Прадстаўнікі кожнага з флангаў СМІ працуюць у парадыгме свайго «лагера», ідэйнае адрозненне паміж умоўнымі «Советской Белоруссией» і АНТ не надта вялікае. Падобная блізкасць поглядаў і сярод незалежных медыя.

«У «СБ» ты павінен рабіць тое, што трэба, а не як трэба. Я гэта абсалютна не прымаю. Практычна таксама я не прымаю «Народную волю», дзе мне давялося крыху папрацаваць. Досыць цікавая газета, і журналісты маюць большую свабоду ў выбары тэм. Але зноў жа, хоць у меншай ступені, але ўсё ж і тут часта робяць што трэба, а не як трэба», — наракаў Сацук, які імкнуўся трымацца асабняком.

Захоўваючы прыяцельскія міжасабовыя кантакты з былымі калегамі па недзяржаўных СМІ, Сацук займаў адрозную ад іх пазіцыю, часам нават дыяметральна супрацьлеглую.

У канцы 2011 года ўвесь інтэрнэт сачыў за судом над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, якіх вінавацілі ў арганізацыі тэракту ў мінскім метро. Карыстальнікі аналізавалі нестыкоўкі ў версіі следства, але Сацук нечакага выступіў з рашучай падтрымкай абвінавачвання, назваўшы прыхільнікаў альтэрнатыўнага пункту гледжання неадэкватнымі.

Праз некалькі месяцаў ён фактычна абвінаваціў праваабаронцаў у тым, што іх дзеянні прывялі да расстрэлу Уладзіслава Кавалёва. Маўляў, калі б яны параілі яго маці прасіць аб літасці Аляксандра Лукашэнку, той, можа, і пайшоў бы на саступкі. А праваабаронцы і Еўрасаюз паспрабавалі з дапамогай няшчаснай маці ціснуць на Лукашэнку, таму не пакінулі яму выбару. Гэта пазіцыя Сацука таксама выклікала здзіўленне ў грамадстве.

Калі ж бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч ваяваў з «Новым часам» праз рэстаран у Курапатах, Сацук стаў на бок Ізраілевіча. Рэдактар «Ежедневника» заявіў, што «Новы час» наўмысна грае на габрэйскім пытанні.

Але асноўнае пытанне да Сацука было ў тым, якімі крыніцамі інфармацыі ён карыстаецца.

Галоўны расследавальнік

Жанр расследавання ў беларускім журналістыцы не карыстаецца папулярнасцю. Складана шукаць крыніцы, складана збіраць фактуру, складана абараніцца ў выпадку прэтэнзій ад таго, каго зачапіў.

Большасць журналістаў, якія займаліся расследаваннямі ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х, з умацаваннем дыктатуры змянілі сферу дзейнасці, але не Сацук. Ён і сам працягваў рабіць расследаванні, і арганізоўваў школы для маладых расследавальнікаў.

Сацук заслужана лічыўся галоўным журналістам-расследавальнікам Беларусі.

Ён быў адным з нямногіх, хто меў інфарматараў сярод сілавікоў і не хаваў гэтага. На якіх умовах яны прадастаўлялі інфармацыю і ці патрабавалі штосьці ўзамен, натуральна, было камерцыйнай таямніцай. Што і часцяком выклікала недавер у калег.

«Мяне дагэтуль здзіўляе, як некаторыя журналісты, якія нават рэальна не разумеюць, якая работа праведзена па тым ці іншым расследаванні, якія ніколі гэтым не займаліся, кажуць пра «злівы». Калі казаць адкрыта, то практычна любое расследаванне пачынаецца са «зліву», калі прыходзіць чалавек і прыносіць інфармацыю або дакументы… Тады аналізуецца крыніца, яе інтарэсы, цікавасць і матывы, перспектывы правядзення расследавання (ці магчыма яго правесці, колькі часу на гэта спатрэбіцца, якія выдаткі і рызыкі яно выклікае)», — тлумачыў Сацук падчас дыскусіі ў фэйсбуку.

Апошнія гады яго расследаванні пераважна былі прысвечаныя дзяржаўным закупкам, у тым ліку і ў медыцынскай сферы.

Летась рэзананс выклікалі яго развагі пра вакцыну «Эўпента», ад якой памерла дзіця ў Ганцавіцкім раёне. Сацук інтэрпрэтаваў даныя так, што вакцына не была зарэгістраваная нават у краіне-вытворцы, і ставіў пытанне: ці атрымаў нехта з кіраўнікоў медыцынскай сферы ўзнагароджанне за гэтыя эксперыменты на дзецях.

Гэты матэрыял выклікаў палярныя меркаванні экспертаў наконт аргументаванасці довадаў, але розгалас ад яго быў агромністы. Неўзабаве журналістам заняліся сілавікі і дзяржаўныя прапагандысты. Іх пазіцыя была ў тым, што Сацук імкнуўся дыскрэдытаваць тую «Эўпенту», каб на рынак змог прайсці іншы вытворца.

Кватэрнае пытанне

Следства спрабуе выставіць Сацука хабарнікам, які браў велізарныя грошы за падрыхтоўку і публікацыю таго ці іншага матэрыялу. Але любы чалавек, знаёмы з рэдактарам «Ежедневника», запэўніць, што Сацук ніколі не шыкаваў.

Доўгі час ён — адзін з найлепшых расследавальнікаў Беларусі — штодня катаўся на электрычцы з Жодзіна ў Мінск, а пасля жыў у здымнай кватэры. Урэшце, набраўшы крэдытаў, сям’я (жонка Жанна працавала ў ваенкамаце) змагла набыць недабудаваны дом за 15 кіламетраў ад Мінска.

Пра сваю эпапею Сацук у 2017 годзе напісаў тэкст на «Ежедневнику»: паколькі грошай не было, давялося двухпавярховы дом ператвараць у аднапавярховы, агульнай плошчай 120 метраў. Прычым там жылі яго сям’я і сям’я дачкі са сваім дзіцём. Агульны кошт склаў $60 тысяч.

А ў пачатку 2020 года дом давялося выстаўляць на продаж. «Даўгі за тры гады падвоіліся — зноў пераканаўся, што дрэнны з мяне камерсант. Прыйшлося выстаўляць сваю мару на продаж, бо грошы аддаваць трэба», — напісаў Сацук у фэйсбуку.

Браніслаў Юрэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930