Знайсці
31.03.2020 / 12:4817РусŁacБел

«Аднаразовы посуд і пакеты — найвялікшае зло». Як у Беларусі змагаюцца з пластыкам ФОТЫ

Вынайдзены 150 гадоў таму, пластык стаў штуршком для развіцця прамысловасці. А пасля — сур’ёзным выклікам экалогіі. Для разумення маштабу: толькі ў Беларусі ў год утвараецца 280 тысяч тон пластыкавых адыходаў. Гэта ў сярэднім 25 кг на чалавека.

Ілюстрацыйнае фота з палігона «Трасцянецкі» ў Мінску

Чаму эколагі так не любяць пластык, як у краіне з ім змагаюцца і чым можна замяніць поліэтыленавыя пакеты?

«Нідзе за мяжой не бачыла бясплатных пакетаў»

Сёння вага пластыку сярод іншых адходаў — 11%. Але калі глядзець па аб’ёме, то ён акажацца самай вялікай фракцыяй.

«У Беларусі перапрацоўваецца 35% пластыкавых адыходаў. Гэта ў асноўным ПЭТ-бутэлькі, поліпрапіленавая ўпакоўка (ад касметыкі, шампуняў). Ёсць некалькі прадпрыемстваў, якія прымаюць пакеты, але шчыльныя, не фасовачныя», — кажа супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума.

Марыя Сума. Фота з сацыяльных сетак

Ёсць некалькі прычын, якія перашкаджаюць адпраўляць на перапрацоўку больш пластыку. Першая — часта гэты матэрыял з’яўляецца часткай кампазітных адходаў. Напрыклад, тэтрапак, папяровыя кубачкі, якія ўнутры пакрытыя пластыкам.

Другая прычына — усе віды пластыку трэба перапрацоўваць па-рознаму. У нас жа яны збіраюцца ў адзін кантэйнер, а на заводах сарціруюцца ўручную. Шмат якую ўпакоўку немагчыма адрозніць на вока — яна бракуецца і ідзе на звалку.

Сартавальная лінія на УП «Экарэс»

Трэцяя прычына — лагістычная.

«Нават калі мы зможам сабраць асобна той жа полістырол, для таго каб ён пайшоў на перапрацоўку, патрэбны даволі вялікі аб’ём, некалькі тон. І зразумела, што ўмоўны Жыткавіцкі раён не збярэ столькі. Адпаведна, трэба рабіць прамежкавыя пункты, куды з усіх раёнаў, вобласці звазілі б полістырол, і тады перапрацоўшчыку было б зручна набываць яго ў вялікіх аб’ёмах», — тлумачыць Марыя Сума.

Самай вялікай праблемай эколагі лічаць аднаразовую ўпакоўку і посуд. Гэта тое, што выкарыстоўваецца непрацяглы час і адразу ідзе на звалку. Пластыкавыя відэльцы і талерачкі пакуль не перапрацоўваюць нідзе ў свеце.

Шмат прэтэнзій да фасовачных пакетаў.

Ручная сартавальная лінія адходаў, якія падлягаюць перапрацоўцы. УП «Экарэс»

«За мяжой нідзе не бачыла, каб фасовачныя пакеты былі бясплатныя. А ў нас Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абавязала крамы прадастаўляць іх спажыўцам проста так. Нават калі яны не патрэбныя — у фасовачныя пакеты пакуюцца шкарпэткі ці бананы і апельсіны, якія і так маюць сваю ахоўную абалонку. Гэтыя пакеты тонкія, рвуцца, складана перапрацоўваюцца. Таму многія краіны сваю барацьбу з пластыкам пачалі з адмовы ад пакетаў, таўшчыня якіх менш за 50 мікронаў», — кажа экаактывістка.

Першапачаткова пластык ствараўся як матэрыял, які павінен доўга служыць. І тое, што ён не раскладаецца ў навакольным асяроддзі, было яго плюсам.

«Але цяпер 40% пластыку, які вырабляецца ў свеце, ідзе на ўпакоўку і аднаразовы посуд. На тое, што становіцца адыходам у той жа год. Хоць патэнцыял у гэтага матэрыялу вельмі вялікі. Эколагі не заклікаюць адмаўляцца ад пластыку ва ўсіх галінах. Напрыклад, у медыцыне аднаразовы пластык ратуе жыццё. Але ўпакоўкі трэба рабіць менш. Яна ўжо не нясе функцыю абароны і цэласці прадуктаў, яна ў большай ступені выкарыстоўваецца для рэкламы. Упакоўкі па вазе часта больш, чым сам тавар. Гэта злоўжыванне, і, на мой погляд, гэта можна рэгуляваць», — лічыць Марыя Сума.

Што не так з біяраскладальным пластыкам

Як змагацца з пластыкам? Беларускія меры ў многім прымаюцца з аглядкай на еўрапейскую стратэгію. Напрыклад, у нас нармуюць утварэнне адходаў у прамысловасці і ўведзена пашыраная адказнасць кампаній, якія вырабляюць ці завозяць упакоўку.

Але нічога не гаворыцца пра мікрапластык (дробныя часцінкі, якія трапляюць у глебу і сцёкавыя воды, а пасля і ў наш арганізм). У той жа еўрапейскай стратэгіі ёсць пункт пра адмову ад мікрапластыку ў касметыцы.

З апошніх новаўвядзенняў — адмова ад аднаразовага пластыкавага посуду ў кавярнях і рэстаранах. Забарона пачне дзейнічаць з 2021 года.

Ілюстрацыйнае фота з палігона «Трасцянецкі» ў Мінску

«Яшчэ адна тэма, якую варта было б падняць у кантэксце Еўразійскага эканамічнага саюзу, — гэта пытанні дызайну. Бо вялікая колькасць адходаў, асабліва электронікі, утвараецца праз тое, што гаджэты нельга доўга эксплуатаваць. Ёсць такое паняцце, як запланаванае старэнне — тэхніка хутка выходзіць са строю, часта яе немагчыма адрамантаваць. А з растэрміноўкамі стала настолькі даступна купляць гаджэты, што мы нават не ўсведамляем аб’ёмы нашага спажывання. Падыход экадызайну кажа пра тое, што рэчы павінны быць прыдатныя да рамонту, перапрацоўкі і доўга служыць. У нас гэтага пакуль няма», — дзеліцца Марыя Сума.

У Еўропе і ЗША альтэрнатывай становіцца біяраскладальная ўпакоўка з арганічнай сыравіны. Але ёсць нюанс — каб утылізаваць яе, патрэбна асобная сістэма збору і кампасціравання. У Беларусі такой няма, таму ўсе модныя біяраскладальныя пакеты трапляюць проста на звалку і ніяк не ратуюць экалогію.

«Гандлёвыя сеткі з неахвотай пераходзяць на паперу»

Вытворчасць папяровай упакоўкі на «Суперпак Компані»

Частковай заменай пластыку можа стаць папяровая ўпакоўка. Для яе вырабу выкарыстоўваецца макулатура ці адходы дзелавой драўніны (карані і верхняя частка дрэва, з якіх нельга зрабіць брус ці дошку). Праўда, нашы прадпрыемствы працуюць пакуль на імпартнай сыравіне.

«Чамусьці ўсе кажуць толькі пра вялікія пакеты. Але найперш трэба замяняць фасовачныя. Іх ужываецца больш за ўсё. Практычна ўсё, што мы купляем, кладзём у іх, — звяртае ўвагу заснавальнік «Суперпак компані» Вячаслаў Шах.

— Упакоўка, якая кантактуе з ежай, павінна быць бяспечнай для здароўя чалавека. Гэта папера, метал ці шкло. Мяса ў поліэтылене пранясеш хвілін 40, пакуль едзеш дадому, яно ўжо пакрываецца сліззю. А слізь — гэта шкодныя бактэрыі. Хлеб, калі доўга захоўваецца ў поліэтылене, парастае цвіллю. А ў папяровую ўпакоўку пакладзіце — прадукт максімум высахне».

Заснавальнік «Суперпак Компані» Вячаслаў Шах

У паперу можна запакоўваць большасць прадуктаў. Для мяса і рыбы ёсць тлушчатрывалы варыянт. Не пакладзеш у паперу хіба што саленні і салаты з заправай (тое, што ўтрымлівае шмат вадкасці). Клей і фарба для такой упакоўкі робяцца на воднай аснове.

«Нашы гандлёвыя сеткі з вялікай павольнасцю і нават неахвотай пераходзяць на паперу. З таго, што мы бачым: цэны ў крамах на пакеты часта нашмат пераўзыходзяць тую, па якой мы іх адгружаем. Мы прапануем сеткам браць пакеты для гародніны па 2 капейкі. Вялікія пакеты прадаём за 26 капеек, а ў некаторых крамах яны каштуюць ад 70 капеек да 1.20 рубля», — кажа Вячаслаў Шах.

Чаму крамы не спяшаюцца пераходзіць на паперу? Справа не толькі ў цане. У многіх склаліся даўнія добрыя адносіны з пастаўшчыкамі поліэтыленавых пакетаў, і яны не хочуць іх мяняць.

«Мы прапануем крамам: пакладзіце як альтэрнатыву папяровыя пакеты, няхай чалавек выбірае. Яны ўсё адно не хочуць. Маўляў, не ведаем, як гэта зрабіць, гэта не абгаворана заканадаўствам… Карацей, маса аргументаў, чаму не. Але пакрысе ідуць насустрач. Затое ўся Еўропа ў нас купляе, мы не паспяваем рабіць», — дзеліцца заснавальнік «Суперпак компані».

Ён тлумачыць адну з прычын таннасці пластыкавых пакетаў.

З тоны поліэтылену вырабляецца прыкладна 200 тысяч пакетаў, а з тоны паперы — усяго 10 тысяч. А ўтылізацыйны збор, які ўплывае на сабекошт пакета, плаціцца аднолькавы.

Цікава, што празрыстыя пластыкавыя ўстаўкі ў папяровых пакетах, якія робяць іх менш экалагічнымі, — гэта патрабаванне крамаў. Акенца для таго, каб пакупніку і касіру было бачна, што за тавар унутры.

На «Суперпак компані» расказваюць, што пакеты ў іх закупляюць крамы, кавярні, пякарні.

«Вельмі добра працаваць з маленькімі сеткамі, — адзначае Вячаслаў Шах. — Іх не трэба ўгаворваць — яны самі прыходзяць. Кажуць: «Мы хочам, каб было прыгожа і экалагічна». Уявіце, пякарні свае пірожныя ў поліэтыленавы пакет складалі б — ды вы б проста не пайшлі туды.

Важна працаваць з гандлёвымі сеткамі, бо яны задаюць моду. Калісьці думалі, што і для хлеба пакеты не будуць браць. А ў нас цяпер добра наладжана сувязь с хлебпрамам.

Гэта не значыць, што хтосьці будзе цалкам мяняць пластык на паперу, гэта немагчыма і непатрэбна. Але калі б мы замянілі хаця б 20%, гэта было б вялікім дасягненнем».

«Я лічу, што Аляксандр Лукашэнка больш думае пра экалогію, чым самі людзі. Часта ініцыятыва пераходу з поліэтылену на паперу і іншую экалагічную ўпакоўку зыходзіць ад яго асабіста. Я ведаю, што многія кіраўнікі як гандлёвых сетак, так і ведамасных міністэрстваў, не спяшаюцца рабіць крокі ў гэтым кірунку, не зважаючы на тое, што яны самі і іх родныя, бяздумна выкарыстоўваючы пластык, падвяргаюцца дадатковай рызыцы і забруджваюць экалогію», — перакананы Вячаслаў Шах.

Ядомая плёнка і вафельныя кубачкі для напояў

Беларусы прапануюць і іншыя варыянты замены пластыку. На хімічным факультэце БДУ яшчэ пяць год таму пачалі распрацоўваць ядомую плёнку. Яна падыходзіць для ўпакоўкі цукерак, мёду, спецый, спартыўнага харчавання, сыпучых рэчываў.

«У Кітаі вырабляюць шмат такіх упаковак — напрыклад, для ірысак. Але там іх робяць з чыстага крухмалу, таму плёнкі вельмі нетрывалыя. Плюс вельмі цяжкія ўмовы працы на заводзе — гэта 50 градусаў цяпла і 100-працэнтная вільготнасць. У такіх умовах ніхто ў Еўропе і Беларусі працаваць не будзе, — расказвае прафесар Дзмітрый Грыншпан. — У Амерыцы, Японіі, Германіі таксама вырабляюць ядомую ўпакоўку, але з дарагіх палімераў. Каштуе такая плёнка адпаведна. Мы ж зрабілі плёнку, якая нашмат танней за амерыканскую, але ў адрозненне ад кітайскай мае неабходную трываласць».

Ядомая плёнка, распрацаваная на хімічным факультэце БДУ. Фота us.bsu.by

У складзе айчынная ядомай плёнкі — 90% крухмалу. Растваральнік — ачышчаная вада. У гэтую плёнку можна ўводзіць харчовыя фарбавальнікі, антымікробныя сродкі, сродкі супраць карыесу, смакавыя дабаўкі, напрыклад, перац.

Распрацоўку змаглі маштабіраваць. На Барысаўскім заводзе палімернай тары паўтарылі вопыт і атрымалі ядомую плёнку такой жа якасці, што і ў лабараторыі.

Але пакуль яе не ўкаранілі ў масавую вытворчасць.

«Па-першае, яна даражэйшая за звычайны поліэтылен ці паперу. Хаця напачатку можна прадаваць не проста плёнку, а плёнку з ежай. Напрыклад, да локшыны хуткага прыгатавання ідуць дзве-тры прыправы, і яны ўсе ў абгортках, якія не ўтылізуюцца. Калі абгорткі замяніць плёнкай, якую трэба проста абдаць кіпенем, каб растварыць, вы не ўбачыце розніцы па смаку. А па цане прадукт будзе даражэйшым умоўна на 5%.

Па-другое, працэс вытворчасці трэба рабіць неперарыўным. Нельга на маленькіх аб’ёмах атрымаць прыбытак. Заводы, якія працуюць за мяжой нават на больш дарагіх палімерах, рэнтабельныя. Магчыма, у нас яшчэ не прыйшоў час. Не знайшлі таго, хто гатовы рэалізаваць гэту ідэю і мае грошы ў патрэбнай колькасці», — мяркуе Дзмітрый Грыншпан.

Пластыкавыя кубачкі для вады, якія часта ставяць у офісах, можна замяніць вафельнымі. Такую альтэрнатыву прыдумалі студэнткі біяфаку БДУ. Вафельныя кубачкі апрацоўваюць воскам ці харчовым парафінам — і яны цалкам прыдатныя для халодных напояў. Пасля посуд можна з’есці ці ўтылізаваць без шкоды для прыроды.

Ідэальны ж варыянт, да якога заклікаюць эколагі, — пераход на шматразовую тару і посуд. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўжо анансавала, што магчымасць купляць прадукты ў свае кантэйнеры замацуюць заканадаўча.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031