Знайсці
26.03.2020 / 13:2055РусŁacБел

Кіраўнік ДАІ купіў таўнхаус у «Лебядзіным» за $290 тысяч. Іншы пакупнік аддаў за такое жыллё $450 тысяч

Апошнія гады ДАІ Беларусі ўзначальвае Дзмітрый Карзюк. Пра яго трэба ведаць як мінімум тры факты.

Дзмітрый Карзюк, фота Надзеі Бужан

  1. Карзюк прыйшоў служыць у ДАІ яшчэ ў 1993 годзе. У 37 гадоў ён узначаліў ДАІ Мінска, а ў 45 — ДАІ Беларусі.
  2. Адно з хобі Карзюка — матацыклы. Як і ў экс-міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, як і ў сына кіраўніка краіны Віктара Лукашэнкі.
  3. Карзюк гуляе ў хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі.

«Наша Ніва» даведалася, што ў студзені 2020 года Карзюк стаў гаспадаром паловы дома (плошча — каля 275 м2) у комплексе «Алімпік Парк». Нерухомасць каштавала яму ў паўтара раза танней, чым яго суседзям.

Элітнае жыллё побач з заказнікам

«Алімпік Парк» — жыллёвы комплекс на вуліцы Ратамскай. Яго будуе кампанія «Тапас», звязаная з Паўлам Белым, нападаючым хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Участак пад будаўніцтва быў выдзелены праз прэзідэнцкі ўказ. І неўзабаве пачаўся скандал за скандалам. Праз блізкасць да заказніка «Лебядзіны» забудоўшчык меў шэраг абмежаванняў, але ігнараваў іх. Вышыня будынкаў перавысіла дазволеныя паказчыкі, пачалі высякаць дрэвы, а ў прыбярэжнай зоне пабудавалі рэстаран.

«Тапас» спраектаваў некалькі пяціпавярховікаў і сяміпавярховікаў, а таксама катэджы на дзве сям’і. Жыллё, відавочна, элітнае: параўнайце з 37-павярховым мурашнікам у суседнім квартале ўздоўж праспекта Пераможцаў. Проста за вокнамі пачынаецца заказнік, можна прайсціся паўкіламетра пешшу да вадасховішча «Дразды».

«Алімпік Парк», фота Надзеі Бужан

Катэджаў на дзве сям’і (так званых «дуплексаў») пабудавалі шэсць. Што ўяўляюць сабой гэтыя збудаванні?

У кожнага гаспадара свой парадны ўваход і свой выхад у заказнік. Супольная толькі адна сцяна. Першы паверх цагляны, другі — з керамзітабетонных блокаў. Вышыня столяў — 3 метры. Кожнаму гаспадару выдзяляецца два парковачныя месцы.

Таўнхаусы на вуліцы Ратамскай, фота Надзеі Бужан

На сайце «Алімпік Парка» ўказваюцца цэны на гэтыя дуплексы. Кошт вар’іруецца ад $400 тысяч да $500 тысяч. Чым бліжэй да краю комплексу, тым танней. Карзюк набыў сабе палову самага таннага, крайняга дома.

Скрыншот з сайта «Алімпікпарка»

Дарэчы, палову аднаго з самых дарагіх дамоў нядаўна набыла Аксана Сідорская, дачка экс-прэм’ера Сяргея Сідорскага.

Некалі на размеркаванні яна працавала ў банку, пасля ў адным з мабільных аператараў, адкуль сышла на працу ў мінскі «Дом Масквы» (культурны-дзелавы цэнтр для прасоўвання каштоўнасцяў «рускага свету»). А калі пайшла ў дэкрэт, задумалася пра ўласную справу. Разам з мужам-дызайнерам адкрыла «прастору для эстэтычнага і фізічнага развіцця дзяцей і дарослых». У інтэрв’ю Probusiness.io яна прызнавалася, што рамонт у памяшканні каштаваў каля $50 тысяч: «Частку грошай уклалі мы з мужам, частку ўзялі ў доўг у бацькоў».

Тым не менш, аддаючы доўг бацькам, Аксана Сідорская набыла дуплекс. На сайце «Тапаса» ўказваецца яго прыблізная цана — $500 тысяч.

Аксана Сідорская з мужам. Фота Probusiness.io

Колькі ж заплаціў Карзюк?

«Наша Ніва» запытала выпіску з Рэестра цэн на зямельныя ўчасткі. Паводле дакумента Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у студзені 2020 года ў «Алімпік Парку» было заключана некалькі ўгодаў:

  • 20 студзеня таўнхаус плошчай 279,2 м2 быў набыты за $449 тысяч. Квадратны метр каштаваў $1606.
  • 27 студзеня таўнхаус плошчай 273,6 м2 быў набыты за $288 тысяч у эквіваленце. Квадратны метр каштаваў $1052.
  • 31 студзеня кватэра ў суседнім сяміпавярховіку (таксама ў складзе «Алімпік Парка») плошчай 207,6 м2 была набыта за $346 тысяч у эквіваленце. Квадратны метр каштаваў $1665.

У вочы кідаецца неверагодная розніца у цане квадратнага метра. Як няцяжка здагадацца, палову катэджа па $1050 за метр набыў менавіта кіраўнік ДАІ Беларусі Дзмітрый Карзюк.

Ацэньваць рэальны кошт яго жылля складана, бо яго таўнхаус — і не кватэра, і не паўнавартасны катэдж. Аднак у любым разе за такія грошы нічога прыстойнага не купіш. Паводле Realt.by, сярэдні кошт квадратнага метра на другасным рынку жылля складае $1477, на першасным — $1334.

Але ў любым разе застаецца незразумелым, чаму кампанія «Тапас» вырашыла зрабіць для кіраўніка ДАІ зніжку памерам больш за $100 тысяч у параўнанні з коштам суседніх таўнхаусаў.

«Наша Ніва» неаднаразова спрабавала звязацца з Дзмітрыем Карзюком праз прэс-службу МУС, але марна.

Дадатковы катэдж пад Мінскам

Адметна, што пяць гадоў таму Карзюк ужо пабудаваў сабе дом. Ён набыў на аўкцыёне ўчастак у вёсцы Звянячы за 20 кіламетраў ад Мінска. Гэта месца побач з катэджным пасёлкам гаспадароў рынка ў «Ждановічах», якія неўзабаве могуць страціць сваё жыллё.

Пасёлак у Звянячах, фота Надзеі Бужан

Цяпер у Звянячах стаіць дом Карзюка, яго плошча — каля 250 м2.

фота Надзеі Бужан

***

Дзмітрый Карзюк

Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. У органах унутраных спраў — з 1993 года. Служыў інспектарам ДПС, камандзірам узвода, камандзірам асобнай роты ДПС, начальнікам аддзела ДПС і прафілактыкі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

У 2008-2009 гадах узначальваў ДАІ Партызанскага раёна Мінска, у 2009-2016 — начальнік ДАІ МІнска.

З 2016 узначальвае ДАІ Беларусі.

«Наша Ніва»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031