Знайсці
24.03.2020 / 10:5410РусŁacБел

Уцюрын расказаў у судзе, як будаваў дом у Драздах і карыстаўся месенджарам «Сігнал» 

Учора ў судзе па гучнай справе пачалі дапытваць намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі Андрэя Уцюрына. Па версіі следства, у якасці хабару ён атрымаў $192 тысячы. Уцюрын і ягоны адвакат прасілі закрыць працэс або дапытаць фігуранта за зачыненымі дзвярыма, судовая калегія па крымінальных справах адхіліла гэтыя хадайніцтвы. Падрабязнасці з залы суда перадае TUT.BY.

Сваю прамову былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі пачынае са звароту да суду. Кажа, будзе абвяшчаць службовыя абавязкі і, магчыма, у гэтай частцы допыт варта закрыць. Суддзя нагадвае: абвінавачанне не закрытае, не пад грыфам «для службовага карыстання». І Уцюрын пачынае чытаць загадзя напісаную прамову.

Паводле яго слоў, пасаду намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі ён займаў з верасня 2014 года да красавіка 2019-га.

— Я таксама абавязаны быў курыраваць і ажыццяўляць каардынацыю дзеянняў СК, МУС, МНС, КДК, — пералічвае свае службовыя абавязкі абвінавачаны Андрэй Уцюрын.

Як кажа Уцюрын, аднойчы ў Мінск прыехалі Віталь Гарбачоў (таксама абвінавачаны па справе) і Сяргей Бахаеў, усе трое вучыліся ў Саратаўскім вышэйшым ваенным вучылішчы. Разам з імі быў Анатоль Малін. Уцюрын успамінае: тады Гарбачоў сказаў, што яго інтарэсы ў Беларусі будзе прадстаўляць «малады і энергічны Малін».

— Дакладную дату не памятаю, я папрасіў у Гарбачова пазычыць мне грошай, якія мне патрэбныя былі на будаўніцтва дома. На той момант ён не мог, але даў зразумець, што дапаможа, калі з'явяцца. Я прасіў 300 тысяч даляраў, — адзначае Уцюрын. — (…) Мая памылка ў тым, што мы не прагаварылі гэта з Гарбачовым. Я для сябе лічыў: дапамога будзе ў выглядзе пазыкі.

Чым канкрэтна займаўся Малін у Мінску, Уцюрын запэўнівае, што ўжо не памятае, але той сапраўды звяртаўся да яго. Напрыклад, неяк Малін сказаў, што ў яго ёсць цікавая прапанова для Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

— Пасля гэтага я выклікаў Дарошку (у той час начальнік ДВП МУС. — Заўвага. TUT.BY).

Хачу адзначыць: і я, і Гарбачоў, і Дарошка Сяргей Іванавіч скончылі адну Саратаўскую вучэльню.

Сказаў, што да мяне звярнуўся адзін па вайсковым вучылішчы з просьбай дапамагчы, — кажа абвінавачаны.

Яго пазіцыя такая: ён не лабіраваў нічые інтарэсы, ніякіх указанняў Сяргею Дарошку не даваў (у абвінавачванні сказана адваротнае), аб закрытым конкурсе на закупку абсталявання для калоніі Малін даведаўся сам. Уцюрын прыводзіць прыклад, калі потым убачыўся з Дарошкам на калегіі, начальнік ДВП сказаў: «Нарэшце знайшлася кампанія, якая знізіла цэны. Пастаянныя ўдзельнікі конкурсу знахабіліся з заломваннем коштаў».

— Вучэльнае братэрства дарагога каштуе, кашулю апошнюю аддасі, — такімі словамі Уцюрын тлумачыць свой званок Сяргею Дарошку, адмаўляючы, што ў гэтым было лабіраванне інтарэсаў.

Пазней інтарэсы Гарбачова ў Беларусі замест Маліна стаў прадстаўляць Казанцаў (таксама абвінавачаны).

Амаль усе сустрэчы Уцюрына і Казанцава праходзілі ў кафэ, дамаўляліся праз месенджар «Сігнал» [відаць, Уцюрын лічыў яго самым надзейным, недаступным для перахопу — НН].

— Мы выйшлі з кафэ, зайшлі ў арку дома, Казанцаў перадаў скрутак, які я паклаў у кішэню. Думаў, гэта грошы, іх не пералічваў, вырашыў, гэта грошы ў рамках дамоўленасці з Гарбачовым. Пазней пералічыў — каля $9 тысяч. Здзівіўся такой суме: раз гэта пазыка, павінна быць роўная сума, напрыклад 10 тысяч даляраў, — успамінае Андрэй Уцюрын.

Ён не згодны з тым, што падбухторваў Казанцава даць хабар дырэктару «Белтэлекама» Сівадзедаву. Кажа, што не даваў ніякіх указанняў Сівадзедаву, ні пра што яго не прасіў, не абмяркоўваў з Казанцавым «матэрыяльнае стымуляванне».

У наступны раз да размовы аб дачы грошай у пазыку абвінавачаны і Гарбачоў вярнуліся ў Маскве ў жніўні 2018 года.

— Я папрасіў яго падпісаць пазыку на $150 тысяч, што Гарбачоў і зрабіў. (…)

Калі ён у наступны раз прыехаў у Мінск, сустрэліся ў Union Cafe. Мы не хаваліся, сядзелі адкрыта, Гарбачоў адкрыў заплечнік і паклаў грошы на стол, — так апісвае хабар у лютым 2019 года Уцюрын. — (…) 21 красавіка мы зноў сустрэліся з Гарбачовым у рэстаране. Ён дастаў пакет, сказаў, што там 150 тысяч даляраў. Мы не хаваліся, і Гарбачоў адкрыта паставіў пакет на стол.

Я прапанаваў падпісаць яшчэ адну пазыку на 100 тысяч даляраў, Гарбачоў пагадзіўся.

Падчас допыту Уцюрына гучыць: пры вобшуку ў яго дома і ў кабінеце знайшлі буйную суму грошай.

— Было канфіскавана 210 400 даляраў і 25 760 еўра, — удакладняе Андрэй Уцюрын. — Хачу адзначыць: дом я так і не пабудаваў, на ўчастку знаходзяцца будматэрыялы. Там каробка і дах, ні вокнаў, ні дзвярэй няма. На будаўніцтва я выкарыстаў крэдыт «Беларусбанка», пазыкі і асабістыя сродкі. Я вельмі доўга будую дом, з 2015 года, грашовых сродкаў не хапала. (…) Высокі суд, прашу дазволіць пакрыць грашовыя сродкі, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусу і якія былі прызнаныя рэчавым доказам. Хачу адзначыць, 30 тысяч долараў, знойдзеных у доме, і 25 тысяч еўра былі атрыманы мной у якасці пазыкі.

Адразу пасля затрымання я напісаў чыстасардэчнае прызнанне на імя прэзідэнта і старшыні КДБ.

Дом Андрэя Уцюрына ў Драздах. 

Як гучыць у судзе, на будаўніцтва дома Уцюрын узяў крэдыт на 660 мільёнаў (недамінаваных), яшчэ 300 тысяч узяў пазыкі ў Анатоля Маліна і 300 тысяч у Гарбачова. На пытанне пракурора, як ён збіраўся гасіць крэдыт, Уцюрын тлумачыць: яго зарплата дазваляла штомесяц выплачваць па тысячы, доўг вярнуў бы, калі б прадаў сваю кватэру плошчай у 170 квадратных метраў.

Дакладную суму першага хабару Андрэй Уцюрын не памятае, але не аспрэчвае «не менш за 9 тысяч даляраў». Пракурор цікавіцца, як абвінавачаны распарадзіўся грашыма.

— 9 тысяч долараў выдаткаваў на прадукты і вопратку, — адказвае Уцюрын.

— Усё?

— Зіма вялікая, — кажа фігурант.

Па версіі абвінавачвання, Андрэй Уцюрын таксама звязваўся з міністрам сувязі Сяргеем Папковым і даў указанне арганізаваць заключэнне дагавора на закупку абсталявання Smart-Zala і пастаўку абаненцкіх прыставак. Уцюрын гэта адмаўляе, затое распавядае пра выпадак у 2015 годзе падчас інаўгурацыі прэзідэнта.

— Папкоў быў там у акружэнні сваіх намеснікаў, я падышоў і сказаў, што адзін з яго намеснікаў ездзіць у адпачынак за чужы кошт. Малін мне раней казаў: «Як перамагчы ў конкурсе, калі намесніку міністра аплачваюць адпачынак, даюць грашовыя ўзнагароды». У праваахоўныя органы аб гэтым я не паведамляў, думаў, міністр сам разбярэцца, — распавядае падчас допыту Уцюрын.

Нагадаем, 10 сакавіка Вярхоўны суд пачаў разглядаць «справу Уцюрына». З 16 абвінавачаных — 12 за кратамі, яшчэ чацвярым абраная іншая мера стрымання: хатні арышт, заклад, падпіска аб нявыездзе. Як прагучала з абвінавачання ў судзе, хабары за пастаўку патрэбнага абсталявання перадаваліся ў Мінску і ў Вільні.

16 фігурантам залічылі два артыкулы Крымінальнага кодэксу — арт. 430 (Атрыманне хабару) і арт. 431 (Дача хабару). Канчатковая сума хабару Андрэю Уцюрыну складае 192 тысячы даляраў. А старшыня праўлення ААТ «Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр» Фелікс Каспяровіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка Андрэй Падгорны абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў ў агульнай суме не менш 868 750 даляраў.

Некаторым службовым асобам пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Барысевіч, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930