Знайсці
24.03.2020 / 10:2719РусŁacБел

Новая статыстыка пра каранавірус з Еўропы ўнушае аптымізм — але кошт вымушае завыць

Першая добрая навіна. У Італіі роўна па прагнозе, праз два тыдні пасля ўвядзення абмежавальных мер, пачаўся спад заражэнняў і смерцяў.

Гэта значыць, нават каранцінныя меры сярэдняй строгасці (Італія і блізка не параўноўваецца з Кітаем у гэтым) дазваляюць стрымаць пандэмію.

Другая добрая навіна. Ні ў адной з краін, якія ўвялі прэвентыўныя меры для прадухілення пандэміі, сітуацыя не развіваецца па італьянскім сцэнары.

Чытайце таксама: Былы міністр аховы здароўя Зелянкевіч пра каранавірус: «Перамагае сістэма, а не тэхналогіі. У Італіі няма ніводнай інфекцыйнай бальніцы»

Міністр аховы здароўя Польшчы ўчора нават прызнаў, што дынаміка распаўсюджання каранавіруса ў краіне павольнейшая, чым ён чакаў.

Найгорш сітуацыя складваецца ў тых краінах, дзе каранавірус пайшоў у народ яшчэ да таго, як былі ўведзеныя абмежаванні.

Гэта Францыя — там смяротнасць працягвае расці, учора памерлі 186 чалавек.

Гэта Нідэрланды (4747 выпадкаў / 213 смерцяў), Брытанія (6650 / 335) і Грэцыя (695 / 17), дзе колькасць смерцяў не карэлюе з выяўленай лічбай носьбітаў, што азначае: зашмат носьбітаў проста не ведаюць, што яны інфікаваныя.

У Нідэрландах крызіс можа мець палітычныя наступствы. Кіраўніцтва краіны ўпарта трымалася стратэгіі «каранціну не ўводзіць», і краіна сутыкнулася ў выніку з большай смяротнасцю, чым іншыя.

Чытайце таксама: 58-гадовая жанчына з Жыткавічаў з каранавірусам у цяжкім стане. Ні яна, ні яе асяроддзе не былі за мяжой

У Іспаніі пакуль усё кепска, 2200 смерцяў, а Мадрыд — полюс трывогі, з сітуацыяй, горшай, чым у Ламбардыі. Дастаткова сказаць, што Лядовы палац у гэтым горадзе ператвараюць у дадатковы морг. Але і там можна чакаць, што праз два тыдні пасля пачатку абмежаванняў — бесклапотная Іспанія з імі проста недаравальна запазнілася — сітуацыю ўдасца стабілізаваць.

Гэта асабліва важна, таму што

ўсе еўрапейскія краіны ўводзілі такія меры каранціну, якія грунтуюцца, хутчэй, на звароце да свядомасці і адказнасці грамадзян, чым на пакараннях.

У адрозненне ад Кітая, смяротнага пакарання не ўводзілі. У Францыі, Італіі, Іспаніі паліцыя штодзень штрафуе пару дзясяткаў тысяч людзей за пікнікі і т.п., але не больш за тое, псіхозу і істэрыкі няма.

У суседняй з Беларуссю Літве адзначаныя 179 выпадкаў (1 смерць). У Польшчы — 749 і 8. Ва Украіне — 73 і 3 (магчымая недавыяўленасць). У Расіі — 438 і 1. Але адносна Расіі ў многіх былі сумневы па праўдзівасці статыстыкі.

Чытайце таксама: Магілёвец прыляцеў з Германіі і праз 3 дні памёр ад пнеўманіі. Каранавіруса не знайшлі

Па меры таго, як свету ўдаецца ўтаймаваць пажар заразы, на пярэдні план выходзяць эканамічныя цяжкасці. Кітайскія эксперты прагназуюць, што ВУП краіны ў першым квартале ўпадзе на 10—11 %. Такога проста ніколі ў гісторыі не было.

Нешта аналагічнае чакае і іншыя краіны. Першыя страты дзяржавы, асабліва багатыя, загасяць са сваіх фінансавых рэзерваў. Але калі сітуацыя зацягнецца на паўгода-год, калі полымя пандэміі будзе перапаўзаць з краіны ў краіну, вымушаючы свет трымаць межы закрытымі, могуць пачаць валіцца банкі і вялікія кампаніі, памнажаючы шкоду. Уласна, гэтай сітуацыі ніхто спрагназаваць пакуль не можа.

Краіны Еўрасаюза ўліваюць вялізныя сродкі ў павелічэнне патэнцыялу сістэм аховы здароўя. Учора Польшча абвясціла пра выдзяленне на медыцыну дадатковых 7,5 мільярда злотых (USD 1,76 млрд).

Нават бяднейшыя краіны не шкадуюць на гэта грошай. Балгарыя пачынае выплачваць дактарам, якія ўдзельнічаюць у змаганні з каранавірусам дадатковыя 1000 леваў у месяц (USD 566). Інданезія павялічвае заробкі ўсіх медыкаў у рэгіёнах, закранутых Covid-19, на 300—900 USD.

Пандэміія пайшла на поўдзень.

Зачыняюцца Індыя і Тайланд. У Бразіліі, нягледзячы на супраціўленне прэзідэнта краіны, міністр аховы здароўя і губернатары дабіліся ўвядзення каранцінных мер. Паўднёвая Афрыка перайшла ў рэжым надзвычайнай сітуацыі, як і дзясяткі іншых краін ад Зімбабвэ да Непала, які закрыў межы нават для ўласных грамадзян.

Нават у дысцыплінаваным Сінгапуры колькасць інфікаваных за два тыдні вырасла ў два з паловай разы.

Горкі досвед Еўропы апошніх тыдняў паказаў, што жыцці людзей ўратаваць можна — але ніхто пакуль не ведае канчатковы эканамічны кошт гэтага.

Андрэй Дынько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера