Знайсці
24.03.2020 / 09:5931РусŁacБел

«Якія турысты? Гэта ўжо спісаны аб'ект». Пад Мёрамі знеслі аўтэнтычную канюшню, пабудаваную 100 год таму

Пад Мёрамі, за пяць кіламетраў ад горада, стаіць сядзіба Каменполле — з панскім домам роду Святаполк-Мірскіх, рэшткамі парку і канюшняй. Апошняя заслугоўвае асаблівай увагі. Гэтая канюшня з чырвонай цэглы з гатычнымі вежамі была пабудаваная ў 1907 годзе. Да нашага часу захаваўся толькі фасад, але і ён уражваў.

Але аказалася, што і яго ўжо знеслі — сельгасарганізацыя, якой належала пабудова, такім чынам правяла «добраўпарадкаванне».

Так канюшня ў Каменполлі выглядала пяць год таму. Фота wikimapia.org.

А вось што ад яе засталося. Фота тэлеграм-канала @tropinki.

Мёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак расказвае, што канюшню разабралі ў канцы мінулага года. 

«Узарвалі і ўсё, — уздыхае ён. — А гэта помнік мадэрну. У нашым раёне яны вялікая рэдкасць».

Краязнаўца адзначае, што канюшня ўваходзіла ў турыстычныя маршруты. Спробы яе аднавіць былі ў 1990-я (тады там яшчэ стаяла і кузня), але з развалам Савецкага Саюза стала не да таго. У нулявыя таксама былі ахвочыя выкупіць участак, зрабіць на ім аграсядзібу і арганізоўваць прагулкі на конях, але да справы зноў так і не дайшло.

«Няма ў нас фундатараў, мецэнатаў… Гэты будынак цешыў вока, стаяў непадалёк ад дарогі. Можна ж было хаця б арганізаваць збор сродкаў, падключыць неабыякавых людзей. Не, усё робіцца ў тайне», — бядуе Вітольд Ермалёнак.

Панскі дом у Каменполлі, які за савецкім часам стаў адміністрацыяй калгаса і, на жаль, змяніўся да непазнавальнасці, уваходзіць у Спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Cуседнюю канюшню помнікам не прызналі, таму і клапаціцца пра яе не збіраліся.

Панскі дом у Каменполлі. Фота тэлеграм-канала @tropinki.

«У кожнага будынка ёсць свой уласнік. І ўласнік, сыходзячы з абставін, вырашае, што з ім рабіць»,

— коратка пракаментавала сітуацыю намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама Аксана Ашурко.

Апошнія гады канюшня была ў страшным стане.

«Там засталіся толькі падмурак і фасад. Сцяна моцна нахілілася, амаль падала — а там дзеці бегаюць. Калі мы прыязджалі з турыстычнай групай, то ўся тэрыторыя парасла баршчэўнікам, не прайсці было», — расказвае дырэктарка Мёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Аксана Лагунёнак.

Сядзіба апошнія год 15 знаходзіцца на балансе райаграсэрвісу. Яны засявалі гэтую тэрыторыю, пасвілі там статак. Аўтэнтычнай канюшняй не займаліся. Летась ад пракуратуры ім прыйшло прадпісанне — навесці парадак.

Фота тэлеграм-канала @tropinki.

«Нельга было выратаваць будынак, не было сродкаў», — дзеліцца Аксана Лагунёнак.

Чаму ж канюшню не прызналі гісторыка-культурным помнікам, каб узяць пад дзяржаўную ахову? Па словах дырэктаркі музея, тыя руіны ўжо нельга было ўнесці ў спіс праз іх безнадзейны стан.

У самім райаграсэрвісе, адказным за гэта, вялікай страты не бачаць.

«Канюшня адслужыла свой тэрмін. Гэта ўжо спісаны, патэнцыйна небяспечны аб’ект», — па-гаспадарску адказаў дырэктар сельгасарганізацыі Іван Сушко.

— А чаму было яго не аднавіць?

— Для каго? Для чаго?

— Для турыстаў, людзі ж прыязджаюць паглядзець.

— Якіх турыстаў? Ведаеце, я цяпер вельмі заняты, — скончыў размову дырэктар.

Парк каля сядзібы. Фота тэлеграм-канала @tropinki.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930