Знайсці
23.03.2020 / 19:2418РусŁacБел

Былы міністр аховы здароўя Зелянкевіч пра каранавірус: «Перамагае сістэма, а не тэхналогіі. У Італіі няма ніводнай інфекцыйнай бальніцы»

Ігар Зелянкевіч узначальваў Міністэрства аховы здароўя Беларусі з 1997 да 2001 года. У інтэрв’ю для «Нашай Нівы» былы чыноўнік падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі з эпідэміяй каранавіруса ў Беларусі і свеце, ці патрэбны нам каранцін, а таксама, ці дастаткова ў краіне прафесіяналаў, здольных змагацца з хваробай.

«Наша Ніва»: Ігар Барысавіч, падзяліцеся сваімі думкамі адносна сітуацыі з эпідэміяй каранавіруса ў нашай краіне. На ваш погляд, ці ўсё пад кантролем альбо не?

Ігар Зелянкевіч: Першае, пра што я хачу сказаць, што ў нас усе павінны разумець — ад кіраўніка дзяржавы да, прабачце, конюха, — прыйшоў новы фактар, новы біялагічны агент, якога раней не было. Я лічу, што на сёння сітуацыя кіраваная. Я нават на сабе адчуў гэта: 15 сакавіка вярнуўся ў Беларусь, у мяне адразу спыталі, адкуль я прыляцеў, усё гэта адсочваецца.

Ці адэкватныя дзеянні на сёння? Я лічу, што дзеянні нашай сістэмы на сёння абсалютна адэкватныя. Мы ўсе проста павінны зразумець, што мы ўжо жывём у новых умовах.

«НН»: Не раскажаце, адкуль вы вярнуліся?

ІЗ: З Аўстрыі. У мяне спыталі, ці быў я ў Італіі. Усё нармальна, сустракалі супрацоўнікі Пагранічнага камітэта ў масках. Я нядаўна даведаўся, што ёсць у аэрапорце рамкі для вымярэння тэмпературы. У Мінску плануюць вызваліць шостую бальніцу для лячэння хворых на каранавірус з ускладненнямі.

Ці адэкватнае асвятленне тэмы?

Я лічу, можа быць, трэба і болей гаварыць пра тое, што трэба мыць рукі, не бадзяцца ў месцах вялікага збору людзей. Пра ўсё гэта трэба нагадваць людзям, яны ў нас дысцыплінаваныя і ўсё добра разумеюць. Радасна, што нашы навукоўцы хутка распрацавалі дыягностыку захворвання, ужо праз шэсць дзён пасля атрымання гэтага віруса. Пакуль усё адэкватна, а там паглядзім далей.

«НН»: У інтэрнэце вядзецца шмат спрэчак на тэму, ці варта нам уводзіць у краіне каранцін. Што думаеце на гэты конт?

ІЗ: Я называю гэтыя спрэчкі «размовамі схаластаў». Памятаеце, былі такія псеўданавукоўцы, якія разважалі на тэмы зусім адарвана ад жыцця? Такія рашэнні павінны быць падрыхтаваныя спецыялістамі. На сёння я цалкам давяраю нашым беларускім спецыялістам.

У нас у краіне ёсць выдатная лабараторыя, якая мае статус P4 — гэта найвышэйшая ступені біялагічнай абароны. І мне здаецца, што было б на карысць не толькі нашаму грамадству і дзяржаве, але і ўсёй сусветнай супольнасці, калі б мы вялі працы па прадбачанню нейкіх вірусаў. І я думаю, што гэта магчыма, хаця і складана.

Уводзіць ці не ўводзіць каранцін — гэта пытанне для спецыялістаў, але не блогераў.

«НН»: Чаму, на вашу думку, гэты вірус набыў такі некантраляваны характар у той жа Італіі і Іспаніі?

ІЗ: Я пра гэта думаў і аналізаваў, чаму менавіта ў Італіі. Разумееце, тут перамагаюць не медыцынскія тэхналогіі, а сама сістэма аховы здароўя. Вось Італія, там няма ніводнай інфекцыйнай бальніцы. І я пытаюся, хіба гэта добра? Кепска, правільна?

Павінна быць мабілізаванае грамадства ў цэлым, а не дактары толькі, гэта справа ўсіх. Да нас на офіс прыйшла папера з Цэнтра эпідэміялогіі, дзе канкрэтна сказана, што трэба зрабіць. Мы ўзброеныя пэўнымі ведамі, таму адразу паставілі дазатар з антысептычнай вадкасцю. Уваходзіш у будынак — таксама ёсць дазатар. І мне прыемна гэта бачыць, што ёсць магчымасць засцерагчыся. А чаму ў Еўропе так? Тыя ж французы хутка зразумелі, які ў іх маштаб эпідэміі і хутка прынялі адпаведныя меры. А італьянцы не прымалі гэтых мераў і цяпер дастаткова складана адкруціць назад. Плюс да ўсяго ўклад жыцця: у Італіі прынята жыць вялікімі сем’ямі разам са старэйшым пакаленнем. Гэта таксама фактар. Але самае галоўнае своечасовасць, бо калі дом згарэў, то ўжо позна тушыць пажар.

«НН»: Ці бачыце вы ў Беларусі сімптомы панікі ў грамадстве?

ІЗ: Часам у інтэрнэце бачу, што адбываецца нагнятанне. Пра той жа каранцін. Ну, прабачце, не можа гэтае пытанне вырашаць гінеколаг. Тут патрэбныя ацэнкі вірусолага, інфекцыяніста. Падыход ва ўсім павінен быць прафесійным.

Я не бачыў прыкметаў панікі ў грамадстве, але тлумачальная праца павінна працягвацца. І не трэба так, як на тым плакаце «Ты запісаўся добраахвотнікам?», можна прасцей: «А ты памыў рукі?» Гэта добры напамін, бо мы ўсе забываем, лічым, што няважна. А гэта важна! Нават мыццё рук з мылам дапамагае абараніць сябе і навакольных, родных.

«НН»: На сёння ў нашай краіне дастаткова прафесіяналаў: інфекцыяністаў, вірусолагаў?

ІЗ: Безумоўна! У нас ёсць выдатны Інстытут вірусалогіі, ён быў адным з вядучых навукова-даследчых інстытутаў у былым СССР. І не дарма дырэктара гэтага інстытута ў свой час узнагародзілі Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі: проста так такія ўзнагароды з неба не падаюць. Ёсць добрая школа ў нашых інфекцыяністаў. Гэта пісьменныя людзі. Але галоўнае — у нас ёсць сістэма.

«НН»: На мінулым тыдні мы размаўлялі з вашай папярэдніцай Інэсай Драбышэўскай. Яна вельмі хваліла цяперашняга міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, які дзейнічае спакойна і прафесійна, што вы скажаце пра яго?

ІЗ: Я думаю, што ў цэлым апарат Міністэрства на сёння дзейнічае пісьменна, узважана і своечасова. Я зычу ўсім поспеху.

«НН»: Вы асабіста нейкія меры бяспекі прымяняеце?

ІЗ: Я не хаджу па офісе ў масцы, але рукі апрацоўваю пастаянна. Наліваю сабе кавы ў кубак, апрацоўваю рукі перад гэтым.

***

 Ігар Зелянкевіч

Нарадзіўся ў 1952 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскі медінстытут (1976). Працаваў доктарам-уролагам у Мінску і Эстоніі. Быў начальнікам упраўлення аховы здароўя Мінгарвыканкама. У 1990-1996 — намеснік старшыні Мінгарвыканкама. У 1997—2001 — міністр аховы здароўя. Пасля гэтага працаваў у выканаўчым камітэце СНД, у аналітычным дэпартаменце. Займаецца грамадскай і педагагічнай дзейнасцю.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031