Знайсці
23.03.2020 / 15:1316РусŁacБел

Reuters даведалася пра згоду Масквы павялічыць зніжку на нафту для Мінска

Расія пагадзілася павялічыць зніжку на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, да $15,7 за тону, што на $12 больш, чым прапаноўвалася раней, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў нафтавай галіне. Крыніца РБК, блізкая да адной з нафтавых кампаній, пацвердзіла РБК парадак зніжкі.

Па словах суразмоўцаў Reuters, расійскія нафтавікі гатовыя з 1 красавіка ў поўным аб'ёме аднавіць пастаўкі нафты ў Беларусь. Аднак Беларусь, чые ўлады раней заяўлялі пра жаданне наладзіць закупкі ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, пакуль не паведаміла, колькі менавіта нафты з Расіі ёй трэба.

Reuters адзначае, што здзелка з Беларуссю стала магчымая на фоне падрыхтоўкі Расіі да спынення дзеяння заключанага раней у рамках АПЕК+ пагаднення пра абмежаванне нафтаздабычы. 9 сакавіка — пасля разрыву здзелкі АПЕК+ — кошт бараля нафты маркі Brent упаў на 24,1%, а 18 сакавіка ўпершыню з мая 2003 года апусціўся ніжэй за $25. Такім чынам, менш чым за два тыдні бараль Brent упаў у кошце больш чым на 40%, а з пачатку года — амаль утрая (8 студзеня нафта таргавалася каля $72 за бараль). У сярэдзіне дня 23 сакавіка Brent таргуецца каля $25,5 за бараль.

Згодна з міжурадавым пагадненнем ад 2017 года, да 2024 года Расія павінна пастаўляць Беларусі 24 млн т нафты ў год, гэта значыць па 2 млн т нафты ў месяц. Аднак расійска-беларускі кантракт на пастаўкі нафты скончыўся 1 студзеня, і бакі пакуль не дамовіліся пра новае пагадненне. Галоўнай перашкодай лічыцца пытанне цаны.

21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расіяне «цалкам пайшлі» на прапановы Беларусі па пастаўках нафты. Раней крыніца, блізкая да беларускага ўрада, казала РБК, што Расія прапанавала краіне зніжку ў $7 на тону нафты, але Беларусь гэтая прапанова не задаволіла.

У той жа дзень прэс-служба ўрада Расіі паведаміла, што прэм'ер-міністры дзвюх краін Міхаіл Мішусцін і Сяргей Румас у ходзе перамоў дасягнулі «прынцыповых дамоўленасцяў па параметрах супрацоўніцтва ў нафтавай сферы, якія ўлічваюць узаемныя інтарэсы бакоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930