Знайсці
23.03.2020 / 15:052РусŁacБел

Расказваем, якія сем стужак пакажуць на анлайн-фестывалі беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs-2020

Трэці анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs пройдзе з 7 па 13 красавіка. За фестывальны тыдзень можна будзе ўбачыць сем адметных фільмаў сямі беларускіх аўтараў, не выходзячы з дому. Кожны з фільмаў фестывалю будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субцітрамі на сайце belarusdocs.com.

Прызнанне беларускага дакументальнага кіно ў прафесійным асяроддзі кінематаграфістаў не выклікае сумневаў. Толькі за 2018-2019 гады беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на вядучых фестывалях дакументальнага кіно свету — Амстэрдамскім IDFA, Кракаўскім кінафэстывалі, кінафестывалі Go East у Нямеччыне, Артдокфэсце (Масква), але ўбачыць гэтыя фільмы жыхарам Беларусі амаль немагчыма. Анлайн-фестываль BelarusDocs робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага.

Анлайн-фестываль BelarusDocs — гэта біенале актуальнага беларускага дакументальнага кіно. Папярэднія фестывалі з поспехам праходзілі ў 2016 і 2018 гадах. Праграма BelarusDocs фарміруецца з фільмаў, якія адлюстроўваюць важныя для беларускага грамадства тэмы, маюць мастацкія якасці і зазвычай — добрую фестывальную гісторыю.

У праграму BelarusDocs-2020 увайшлі 7 фільмаў. Прыводзім іх разам з датамі паказу і апісаннем:

7 красавіка — «Трэнер»

2019, рэжысёр — Вольга Абрамчык

Фільм-удзельнік фестываляў «Docudays UA» (Кіеў), «Артдокфэст» (Масква) і «Лістапад» (Мінск)

Алег Кірылаў — трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя — невідушчыя. У кожнага свая гісторыя, свой шлях у вялікі спорт, але сёння перад імі стаіць агульная задача — перамагчы.

8 красавіка — «Дэбют»

2017, рэжысёр — Настасся Мірашнічэнка

Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестывалю

У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі турэмнага тэатра…

9 красавіка — «Лебедзі»

2018, рэжысёр — Галіна Адамовіч

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік «Артдокфэста» (Масква)

«Лебедзі» — працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі…

10 красавіка — «Перазімаваць»

2017, рэжысёр — Ева-Кацярына Махава

Фільм-удзельнік фестываляў «Артдокфэст»(Масква) і «Лістапад» (Мінск), намінант на прэмію «Лаўр»

Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’яжджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам. Дні цягнуцца ў хваробах, размовах, успамінах, сумесных тэлепраглядах… Пасярод зімы прыязджае новы жыхар, і атмасфера ў доме змяняецца.

11 красавіка — «Цар гары»

2017, рэжысёр — Андрэй Куціла

Фільм-удзельнік фестываляў «Артдокфэст» (Масква) і «Лістапад» (Мінск), пераможца фестывалю «Golden Beggar» (Кошыцэ, Славакія)

Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкай і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…

12 красавіка — «Фальклор і жыццё»

2020, рэжысёр — Юрый Цімафееў

Нацыянальная прэм’ера фільма

Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання, толькі ў вобразнай, метафарычнай форме. Не выключэнне тут і эратычны складнік жыцця. Абрады з эратычным падтэкстам у нашых продкаў былі падрыхтаваны да кожнага свята і цесна знітаваны з паняццем урадлівасці…

13 красавіка — «Полацкі вальс»

2019, рэжысёр — Вольга Дашук

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў

Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васі таксама стары, у ім бракуе некалькі клавіш. Васева машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца.

Сёлета анлайн-фестываль упершыню абвяшчае нефармальную ўзнагароду за фільм, абраны праз галасаванне гледачоў, — «Прыз глядацкіх сімпатый». Сябрам журы можа стаць кожны: дастаткова запоўніць анкету па спасылцы, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.

Анлайн-фестываль BelarusDocs — некамерцыйны праект, існаванне якога можна падтрымаць на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930