Знайсці
23.03.2020 / 22:108РусŁacБел

«Ты дэбіл?». Як перадвыбары спатыкнуліся аб галоўную дылему беларускай апазіцыі

З моманту, калі праймерыз — дакладней было б caucuses, партыйныя сходы, — пачаліся ў Гарадку, меркаванне пра іх у сацыяльных сетках было пераважна паблажліва-іранічным.

Дый не толькі ў сацыяльных сетках. На Белсаце, напрыклад, Уладзімір Мацкевіч паслядоўна крытыкуе ўдзел у выбарах як такі.

Але і былі галасы ў падтрымку гэтай ідэі — напрыклад, Юры Дракахруст паслядоўна даводзіў, што крытыкі не могуць прапанаваць ніякай альтэрнатывы.

Першыя сходы былі нешматлікія: ім відавочна бракавала рэкламы.

Да 7 сакавіка Укантакце з’явілася, здаецца, толькі адна абвестка, якая мела вялікую аўдыторыю, у суполцы «Типичный Борисов». Больш як дзесяць тысяч праглядаў, дзясяткі каментароў. Астатнія аб’явы былі на той момант у маланаведваных палітызаваных пабліках.

Так і цяпер лягчэй знайсці паведамленні пра вынікі — а не рэкламу: суполкі «Пинск. Pinsk is Love» (больш за сорак тысяч удзельнікаў), «Подслушано Столин» (трынаццаць тысяч удзельнікаў) паведамілі і абмеркавалі вынікі сходаў у сваіх гарадах. Рэклама радзейшая (напрыклад, бярозаўская суполка).

Але і без належнай рэкламы сходы збіралі людзей. Але, актывісты, але, прыхільнікі апазіцыі, а ўсё ж спрабавалі зрабіць калектыўны «здымак» бягучай сітуацыі, намацаваць ейныя праблемы праз калектыўную гутарку. На кокусах спеліўся дыялог пра Беларусь.

Гэта рабілася не ўпершыню, безумоўна. Але новы гістарычны момант абяцаў раней немагчымыя шанцы і магчымасці. Сустрэча з Севярынцам у Гомелі, нешматлікая offline, сабрала на канале «Страна для жизни» больш як тысячу каментароў, больш за шэсцьдзесят тысяч праглядаў. Як казала Элізабэт Уорэн, колькасць сэлфі мае быць новай мерай дэмакратыі. Нездарма Губарэвіч цяпер гаворыць пра чаты і рэкламу ў сацыяльных сетках.

Гэткіх камунікацыйных магчымасцяў апазіцыя не мела ў 2006 годзе, нават у 2010, нават, здаецца, у 2015. Прарыў «РЧСС» тут абмінуты, бо гаворка ідзе найперш пра выпрацоўванне і абмеркаванне ідэй.

Некалі дзяржава мела поўную манаполію на інфармацыйныя патокі ў грамадстве. І вось новы медыйны свет узнік, інфраструктура, якая можа данесці ідэі і каштоўнасці апазіцыі да шырокай публікі. Безумоўна, структура гэтай публікі ўсё яшчэ незбалансаваная проці ўсяго грамадства. Здаецца, аўдыторыя блогераў і суполак дыспрапарцыйна маладая. Але і гэтая моладзь неаднародная. Не ўсе з іх вучыліся ва ўніверсітэтах і засвоілі расказы пра вялікую гістарычную мінуўшчыну, мілагучную родную мову, еўрапейскую будучыню.

Беларускай палітыцы страшна бракуе між тым рытарычнай падрыхтоўкі. Мастацтва дыскурсу, ягоны занядбаны стан, тонка адлюстроўвае перыферыйны, маргіналізаваны статус палітычнай работы. Балесна было бачыць гэта на дэбатах у часе парламенцкай кампаніі: кандыдаты парою не ведалі нават, што рабіць са сваім часам.

Гэты рахунак трэба выставіць не толькі беларускай палітыцы.

Мішэль Фуко некалі здзіўляўся пытанням, чаму ён цікавіцца палітыкай: бо як можна ёй не цікавіцца? Дэградацыя палітычнага адлюстроўвае і спрыяе дэградацыі самой тканіны беларускага грамадства. Гэтага разумення часта бракуе ў дыскусіях на Facebook, дзе з беларускай палітыкі ахвотна жартуюць.

Schadenfreude, беларускі нацыянальны спорт (беларуская назва збыткоўнейшая за нямецкую: чужая бяда — людзям каляда), недарэчны ў гэтай сітуацыі. Ён множыць блытаніну. Аднойчы пераняты, гэты пункт гледжання на апазіцыю і палітыку не ўмее разгледзець змястоўныя гісторыі.

Першапачатковая канфігурацыя праймерыз, гонка паміж Севярынцам і Губарэвічам, абяцала не толькі інтрыгу. У ёй акрэслівалася асноўная дылема цяперашняй апазіцыйнай палітыкі: вуліца ці кампрамісы, радыкалізм ці цэнтрызм?

Перад Губарэвічам і ўсімі цэнтрыстамі стаіць цяжкі выклік. У незалежных медыя, у сацсетках гучнейшыя і чутнейшыя (так паўсюль) радыкалы. Яны цвёрда перакананыя ў сваіх поглядах і не дапускаюць ніякіх адхіленняў ад іх, адценняў.

У 2015 годзе сярод рэдкіх галасоў, якія засцерагалі радыкалізму, быў Сяргей Дубавец. Дубаўцова ацэнка блізкая ходкай праўдзе нямецкага палітычнага дыскурсу: перамога на выбарах дасягаецца ў цэнтры грамадства, не на ягоных ускраінах.

Сацыялогія паказвала, што Караткевіч без цяжкасцяў здабыла падтрымку, суадносную са звычайным паказчыкам апазіцыйнага кандыдата, паміж 20—25%. Гэтае цэннае адкрыццё не вызваляе Сяргея Чалага і сёння ад пытання, якое задаецца з адмысловай інтанацыяй: «Як Вы ўспрымалі Караткевіч, як успрымаеце яе сёння, як самастойнага палітыка?»

Ледзь-ледзь абгрунтаваны ўчынак Севярынца (і «прымкнулага» Янукевіча) працягвае тую ж традыцыю радыкалізму. А быў кароткі момант, калі здавалася, што Севярынец можа «прыстасавацца», што ён мае палітычны патэнцыял. Ягоныя моцныя бакі — энергія, зацятасць, рашучасць. Ён мае перакананні, не баіцца іх адстойваць. Але і здольны рэагаваць на аўдыторыю, на сітуацыю.

Гэтак можна было аргументаваць пасля сустрэчы ў Гомелі. Але там былі і знакі таго, што радыкалізм застаецца ў ранейшай сіле. Лідар БХД ахвотна чаргаваў заўвагі пра ВУП Беларусі з генетычным кодам беларусаў, у якім сядзіць невытручальны Статут ВКЛ.

Бараніць палітыку радыкалізму на Еўрарадыё пайшоў Аляксей Янукевіч. У імпэтнай спрэчцы колішні старшыня БНФ і Губарэвіч не толькі бязглузда закідалі адзін аднаму супрацоўніцтва з КГБ. У дыскусіі яшчэ раз акрэсліліся дзве альтэрнатывы.

Які адказ Янукевіча? Коратка: лепш быць у бурбалцы, чым у «бюракратычных вантробах». Задача Янукевіча (і, трэба думаць, Севярынца) — стварыць дадатковыя фільтры для ўдзелу ў праймерыз. Не дапусціць туды злачынцаў, паслугачоў рэжыму.

Губарэвіч пярэчыў: Севярынцу не пашкодзіла б зірнуць на іншую Беларусь. У якой далёка не ўсе падтрымліваюць лозунг «Жыве Беларусь!». Задача павінна быць — выйсці з бурбалкі, не баяцца людзей.

Радыкалізм такога падыходу ніколі не прыме. Ён квітнее на Facebook, у каментатарскіх секцыях вядучых анлайн-СМІ. Задача Губарэвіча, як і задача беларускай культуры, — дабіцца разнастайнасці сярод публікі, дабіцца сярод яе плюралізму, спаборніцтва ідэй і поглядаў. Выявіць, які мабілізацыйны патэнцыял у грамадстве маюць ідэі, каштоўнасці апазіцыі — аб’яднаныя вакол вяршэнства закона. Так, як свае ідэі правярае Берні Сандэрс у ЗША.

Выбар на праймерыз быў паміж рэвалюцыйнымі рэцэптамі і традыцыямі трансатлантычнага прагрэсівізму, да якога дужа блізкая была і праграма «Нашай Нівы» 1906 года: руцінная праца на стварэнне новай большасці ў беларускім грамадстве.

Парадокс беларускага радыкалізму ў тым, што ён уласнаруч зняў усе сумненні.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031