Знайсці
19.03.2020 / 14:4118РусŁacБел

Былая міністарка аховы здароўя Драбышэўская: Каранік усё робіць правільна, але каранцін пасля ўвядуць

Інэса Драбышэўская ўзначальвала Міністэрства аховы здароўя ў 1994-1997 гадах. Яна была першым кіраўніком ведамства за часамі Аляксандра Лукашэнкі.

У каментары для «Нашай Нівы» яна падзялілася сваім меркаваннем наконт сітуацыі з каранавірусам у Беларусі.

Інэса Драбышэўская. Фота facebook.com

«Я думаю, што нам трэба супакоіцца і спакойна жыць, а таксама менш шастаць па розных кампаніях. Вось і ўсё, — пачынае спадарыня Драбышэўская. — Пакуль сітуацыя не такая, каб абвяшчаць каранцін. Бачу, што Мінздароўя трымае руку на пульсе. Я веру, дакладней, бачу дзеянні міністра Уладзіміра Караніка, усе яны абсалютна слушныя. Я паважаю яго, ён усё робіць актыўна і, галоўнае, спакойна, без дзёргання туды-сюды.

Канечне, чым больш людзей правераць, тым лепей будзе. Гэта дзеянні на папярэджанне. І гэта выяўленне нават простага сезоннага віруснага захворвання, не абавязкова каранавіруса. Вы ж бачыце, якое цяпер надвор’е стаіць, якія перапады тэмпературы.

Абсалютна няма нагоды для панікі, але трэба быць вельмі асцярожнымі і ўважлівымі, бо сітуацыя ў свеце сапраўды вельмі сур’ёзная. Мабыць, паніка з’яўляецца і праз Італію, і праз тыя мемы, якія ходзяць у інтэрнэце. Нехта проста не шкадуе чалавечую псіхіку і здароўе. Італьянцы адразу несур’ёзна паставіліся да праблемы. Вы ж помніце, калі нават у Італіі яшчэ нічога не пачыналася, то Міністэрства аховы здароўя ў нас сур’ёзна займалася тэмай.

У нас усё было правільна. Адбылася перапрафіліроўка ложкавага фонду па ўсіх установах краіны. Цяпер усе яны гатовыя. Дай бог, каб толькі не было ўспышкі. Ніхто не можа патлумачыць, ці яна можа адбыцца. Вы ж бачыце, што гэты каранавірус распаўсюдзіўся па ўсім свеце вельмі незвычайна і актыўна. Самае галоўнае — быць гатовымі. Я ўсё ж думаю, што каранцін будзе ўведзены.

Я цяпер мыю рукі як мага часцей, калі іду ў краму, то адзяваю марлевую маску. Кожны павінен пра сябе паклапаціцца. Прасцей жа адзець маску, чым кагосьці сустрэць і падхапіць вірус. Калі прыходзіце дадому, то прапалашчыце нос і памыйце рукі з мылам, добра памыйце».

***

Інэса Драбышэўская нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Дудзічы Чачэрскага раёна. Скончыла Віцебскі медыцынскі інстытут. Працавала гінеколагам у Гомелі. Ад 1986 да 1994 узначальвала Гомельскі абласны анкалагічны дыспансэр. Ад 1990 была дэпутатам Вярхоўнага савета, дзе ўваходзіла ў камісію па ахове здароўя. Ад 1994 да 1997 узначальвала Міністэрства аховы здароўя. Пасля была членам Савета Рэспублікі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930