Знайсці
17.03.2020 / 17:268РусŁacБел

Як адным няхітрым крокам улады здолелі пасеяць недавер між лідарамі апазіцыі

Калі кіраўнікі апазіцыйных палітычных структур дамовіліся пра запуск працэдуры выбару адзінага кандыдата, многія назіральнікі былі шчыра здзіўленыя. Мала хто верыў, што палітычныя партыі, якія апошнія паўтара дзесяцігоддзі кіраваліся сваімі партыкулярнымі, часам клубнымі інтарэсамі могуць дамовіцца пра доўгатэрміновыя калектыўныя дзеянні.

Аптымізм, аднак, унушаў той факт, што апазіцыйныя структуры пакінулі за дужкамі як тых, хто зрабіў стаўку на ўрастанне ў аўтарытарны рэжым, як «Гавары праўду» Дзмітрыева і Караткевіч, так і краі апазіцыйнага палітычнага спектру, ад Зянона Пазняка да посткамуністаў Калякіна, кааліцыя з якімі заўсёды нагадвала гібрыд вужа і вожыка.

Праймерыз стартавалі ва ўмовах інфармацыйнай блакады з боку ўладаў і боязі дакранацца да апазіцыі з боку бізнэсу — у выніку чаго апазіцыя праводзіць выбары з парай соцень еўра ў кішэні. Але пры гэтым без рэпрэсій. На сходы ў Віцебскай вобласці прыходзіў пераважна цвёрды апазіцыйны актыў. Паступова актыўнасць да працэсу нарастала. 

Калі апазіцыйны караван у выглядзе мікрааўтобуса колеру шэры металік пераехаў на Палессе, здарылася тое, чаго ніхто ў апазіцыі не чакаў.

Паводле інфармацыі намесніка кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, на апазіцыйныя перадвыбары ў Століне і Драгічыне прыйшлі, сярод іншых, наступныя людзі, якія раней не былі заўважаныя ў падтрымцы незалежнага грамадства:

— першы сакратар РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»,

— дырэктар гарадскога Дома культуры,

— спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама,

— галоўны спецыяліст райвыканкама,

— рэдактар ​​раённай газеты,

— Дырэктар КУКП «Кінавідэасетка» раёна,

— супрацоўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі,

— кіраўнік тэатральнага калектыву ГДК,

— мастацкі кіраўнік ансамбля танца ГДК,

— кіраўнік інструментальнага ансамбля ДУА «… дзіцячая школа мастацтваў»,

— педагог раённага цэнтра дзіцячай творчасці,

— галоўны захавальнік фондаў ваенна-гістарычнага музея,

— грамадскі інспектар па ахове працы, раённы цэнтр дзіцячай творчасці,

— дырэктар … сярэдняй школы,

— намеснік начальніка па ідэалагічнай працы пагранічнага паста,

— член выбарчай камісіі ад раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру»

— член выбарчай камісіі ад грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і г.д.

Арганізатары апазіцыйных перадвыбараў не разлічвалі на такое.

«Калі прадстаўнікі некаторых арганізацый у Радзе Народнага галасавання не лічаць заганным ужыванне мясцовай вертыкаллю адміністратыўнага рэсурсу дзеля забеспячэння галасавання на карысць аднаго з кандыдатаў — гэта сапраўды праблема і падстава лічыць праймерыз нелегітымным працэсам», — мяркуе Аляксей Янукевіч з Партыі БНФ.

«І дзе тут праблема? Прыйшлі, скарысталіся сваім правам і прагаласавалі. Галасаванне ж народнае, а не міжсабойскае», — парыруе яму сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў.

«Як можна вырашыць гэтую праблему? Заклікаць большую колькасць сваіх прыхільнікаў прыходзіць на сустрэчы, каб перакрыць ідэолагаў. Але зноў-такі мы сутыкаемся з каранавірусам, і ў такіх умовах не можам запрашаць людзей. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое мы маглі парваць сёння, але не атрымалася», — гаворыць Павел Севярынец з Хрысціянскай дэмакратыі, якія ішоў на першым месцы па колькасці атрыманых галасоў. Севярынец прыняў рашэнне зняцца з праймерыз.

«Паша [Севярынец] вельмі моцна пашкодзіў сваёй рэпутацыі, — піша ў фэйсбуку аналітык Юры Дракахруст. — Тлумачэнні могуць быць любыя. Але пачаў гуляць, трыумфальна выйграваў, потым пару разоў прайграў — і выйшаў з гульні. Вось гэта запомніцца, такая логіка палітыкі. А вірус не вірус — мог прапанаваць абвясціць паўзу, перайсці на анлайн, на трасцу з халерай. Цікава, а калі б ён у Століне і ў Драгічыне выйграў, ён бы таксама спыніў гульню? Ну і другі матыў, наконт выканкамаўцаў — гэта наагул хавайся ў бульбу. Такое шчырае здзіўленне — а яны хіба беларусы? Хто б мог падумаць, і ў галаву ж не прыходзіла».

Так адным няхітрым крокам улады здолелі пасеяць недавер між лідарамі апазіцыі і, па сутнасці, паралізаваць працэдуру перадвыбараў.

Пытанне ў тым, што альтэрнатывы гэтай хай сабе і недасканалай працэдуры па крышталізацыі апазіцыйнага лідарства няма.

Андрэй Дынько, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера