БДУ адмяняе лекцыі для прафілактыкі каранавіруса
Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце ўніверсітэта:
«У БДУ прынята рашэнне перанесці лекцыйныя курсы для ўсіх факультэтаў на больш позні тэрмін. Гаворка не ідзе пра перавод на дыстанцыйнае навучанне і адмену заняткаў, а тычыцца часовых змяненняў у графіку навучальнага працэсу з мэтай пазбягання масавага збору людзей. У найбліжэйшы перыяд рэкамендавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя вучэбнымі планамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лабараторныя і інш.
Па ўсіх пытаннях арганізацыі навучальнага працэсу звяртацца ў дэканаты факультэтаў.
Таксама нагадваем, што ў БДУ прыняты комплекс мер па ўзмацненні прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруса сярод студэнтаў і супрацоўнікаў. Сярод іх:
— абмежавана наведванне студэнцкіх інтэрнатаў на працягу найбліжэйшага месяца, акрамя асоб, якія пражываюць у іх;
— у месцах масавага збору людзей, холах і санвузлах ўстаноўлены дазатары з антысептыкамі для апрацоўкі рук;
— павялічана колькасць вільготных прыборак навучальных, адміністрацыйных карпусоў і інтэрнатаў з выкарыстаннем дэзынфекцыйных сродкаў;
— ва ўсіх навучальных карпусах, інтэрнатах размешчаны інфармацыйныя стэнды па прафілактыцы каранавіруса;
— абмежавана правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Паважаныя студэнты і супрацоўнікі БДУ! Звяртаемся таксама да вас з просьбай уважліва паставіцца да свайго стану здароўя і здароўя навакольных і выконваць усе неабходныя правілы асабістай гігіены і рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі па прафілактычных мерах распаўсюджвання віруснай інфекцыі».