Знайсці
11.03.2020 / 20:0690РусŁacБел

Свабодныя адносіны. Мінчук, які жыве адначасова з пяццю партнёркамі, расказаў, як прыйшоў да такога жыцця

Прадпрымальнік Зміцер Завадскі ўжо шмат гадоў жыве ў свабодных стасунках. Зміцер адначасова сустракаецца з некалькімі жанчынамі — яны ў курсе існавання адна адной і нават між сабой знаёмыя. Ён не саромеецца здымацца аголеным і лічыць, што свабоднае каханне — цалкам арганічнае для прыроды чалавека.

«Факт застаецца фактам: я не манагамны»

Складана паверыць, але раней Зміцер быў вельмі рэлігійным, насіў даўгую бараду, пасціўся…

«Той час я праводзіў у штодзённым чытанні святых тэкстаў, у размовах пра Бога, прытрымліваўся пастоў, ездзіў у Жыровічы да Алега Бембеля, можа з год абменьваўся смс з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам). Памятаю дзясяткі тэлефанаванняў баптыста Сяргея з Біблейскага таварыства. Хрысціянства ўсіх гатункаў клікала да сябе, таму цікава было паглыбіцца, да таго ж у дзяцінстве быў хрышчоны», — расказвае мужчына. 

Так Зміцер выглядаў раней.

У той жа час у яго ў гасцях бывалі будысты і ёгі, ён вывучаў індыйскія рэлігійна-філасофскія тэксты — гэта ўсё ўплывала на ўспрыняцце жыцця. 

«Адзін з самых даўніх успамінаў дзяцінства — як сядзеў на вялікіх камянях за бабулінай вёскай у позе лотаса і доўгі час спяваў «Ом», атрымліваючы асалоду ад гучання. Дый сама бабуля, як і продкі большасці беларусаў, была носьбітам спалучанай хрысціянскай і паганскай духоўнай традыцыі. Таму я хоць і багата чым цікавіўся, але далучацца да якой-небудзь рэлігіі ці гуру, звужаючы ўспрыманне рэчаіснасці, мяне не вабіла. І пэўныя формы майго жыцця станавіліся занадта свабоднымі для канцэптуальнага калідора некаторых вер».

На пытанне, чаму аддае перавагу свабодным адносінам, Зміцер адказвае: 

«Для мяне гэта не столькі пытанне выбару, колькі канстатаванне факта. Я проста шчыра паглядзеў на сваё жыццё: спачатку былі адны любоўныя стасункі — расстанне, другія — расстанне, трэція… То бок мадэль «адно каханне на ўсё жыццё» не спрацавала.

Працягласць стасункаў, прычыны расстанняў ці хто там быў вінаваты не маюць значэння, факт застаецца фактам: я не манагамны.

Хаця некаторыя ў такіх выпадках працягваюць жыць рамантычнай фантазіяй — такія «серыйныя манагамцы», але лічу гэта крывадушшам. Тым больш, калі паралельна ўзнікаюць думкі-жаданні іншых стасункаў. У маім жа выпадку нават па сканчэнні рамантычна-палкага перыяду ці калі прыпыняліся адносіны, каханне да дзяўчат не спынялася. То бок я зразумеў, што кахаў і кахаю не адну жанчыну адначасова. 

Шчырасць перад сабой, перад партнёрам, адкрытасць у сваіх жаданнях, адсутнасць страху быць сабой дазваляюць пераходзіць на іншы ўзровень глыбіні стасункаў. Я памятаю, як калаціліся рукі і грукала сэрца, калі ўпершыню прызнаваўся сабе, а затым блізкім людзям у сваіх сапраўдных пачуццях, думках, жаданнях. Але гэтая ўважлівасць і споведзь у выніку вызваліла з пекла ўнутранай барацьбы і прыгнечання, якое мяне скажала.

Магчыма, у гэтым галоўная роля і прыгажосць стасункаў: праз з іх мы спазнаём сябе, нашы рэакцыі, залежнасці, пазнаём любоў. Не разумею, навошта гэта абмяжоўваць?»

Зміцер упэўнены, што абсалютная большасць людзей палігамная. Шлюб, у яго кансерватыўным разуменні, для іх не працуе ў працяглай перспектыве.

«Не працуе псіхалагічна, эмацыйна, у сэксуальным аспекце. Да таго ж чаканне вернасці на ўсё жыццё можа ствараць моцнае напружанне ў стасунках, а падмануўшыся адносна партнёра, сябе ці сваёй сэксуальнасці, чалавек атрымлівае траўмы. Пры гэтым трэба разумець, што праблемы сучаснага чалавека глыбейшыя, чым проста форма ці колькасць адносін. Многія з праблем проста пераносяцца з адной формы стасункаў у іншую.

Але ўлічваючы, што большасць людзей палігамная, нават прыхільнікі самых кансерватыўных рэлігій не такія бязгрэшныя, якімі сябе малююць, то навошта прыдумляць сабе нейкі нерэальны дыснэеўскі вобраз, у які потым спрабаваць уціснуцца самому і яшчэ ўтрымаць у ім партнёра?

Калі казаць пра мяне, то для маіх стасункаў звычайна выкарыстоўваецца тэрмін «свабодная любоў». Недзе ідэйна блізка знаходзіцца «поліаморыя».

Поліаморыя — гэта любоўныя стасункі з некалькімі людзьмі пры згодзе ўсіх удзельнікаў, а свабодная любоў зыходзіць з таго, што ніхто з удзельнікаў ў прынцыпе не мае маральнага права абмяжоўваць пачуцці, каханне іншага.

Але корань у іх адзін — любоў. У гэтым і адрозненне ад статусу «не ў адносінах», — тлумачыць Зміцер.

Зараз у яго ёсць 4-5 найбольш блізкіх дзяўчат, стасункі з якімі ён падтрымлівае ад 2 да 10 гадоў. Яшчэ столькі ж жанчын Зміцер любіць, але бачыцца вельмі рэдка. Ці не раўнуюць яны адна да адной?

«Гэта праблема не залежыць ад формы стасункаў. Яна хутчэй звязаная з зайздрасцю, прагнасцю, залежнасцю, страхамі, гневам. То бок нават знаходзячыся ў манагамных стасунках, вы не забяспечаны ад рэўнасці. У маёй гісторыі з пяці самых блізкіх дзяўчат дзве часам раўнуюць», — дзеліцца суразмоўца.

Сам ён за ўвесь гэты час раўнаваў тры ці чатыры разы, па пару дзён. Са многімі партнёрамі дзяўчат ён знаёмы.

«У маім архіве пара дзясяткаў здымкаў ню»

Знаёміцца Зміцер праз сацсеткі ці ўжывую.

«Яшчэ раней быў такі беларускі сайт — МаеСэнс. Грошы ад кожнай сустрэчы накіроўваліся на дабрачыннасць, якую ты сам абіраеш. Там крыху знаёміўся, але ў асноўным атрымліваліся сяброўскія і кароткія сэксуальныя стасункі. Большасць шукае сабе адзінага і непаўторнага ці проста хочуць прыгожа правесці вечар.

Сярод вялікай колькасці людзей складана знаходзіць блізкіх па духу. Трэба багата часу. А ўлічваючы, што займаюся і прадпрымальніцтвам, крыху грамадска-палітычнай дзейнасцю, творчасцю, люблю чытаць, рыхтую ўчастак для будаўніцтва дома і гэтак далей, то калі і знаёмлюся, то там, дзе большая канцэнтрацыя «сваіх» людзей. Пара фестываляў, стужка сяброў у сацсетках і прапановы знаёмых.

На Ціндэры года паўтара таму зарэгістраваўся, сустрэч на 7 схадзіў, але ніхто не зачапіў так, каб сустрэліся зноў. Выбіраць дзяўчыну па здымку такое сабе, а багата перапісвацца мне таксама не даспадобы».

У яго анкеце на сайце знаёмстваў сярод інтарэсаў пазначаны ёга, медытацыя, нацыянальная культура, будаўніцтва, шчырасць. І free love, само сабой. Але там, жартуе мужчына, ніхто гэта апісанне не чытае — лайкаюць толькі здымкі.

«Таму я ўсё роўна ў першых паведамленнях дублюю інфармацыю пра стасункі. Заходжу, можа, раз на месяц на 20 хвілін і ні з кім адтуль не сустракаюся. Да новых знаёмстваў адкрыты, але не ў пошуках — апошнія гады рэжым уключаны такі».

Бацькі Змітра ў курсе яго ладу жыцця. Быццам не хвалююцца.

«Маці хіба больш за дзяўчат пераймаецца, чым за мяне. Калі прыехаў з апошняй дзяўчынай першы раз у госці, дык яна прэзентавала ёй прыкладна так: «Дзімка харошы ў мяне, канешне, толькі бабнік. Увесь у бацечку». Яны з татам разам не жывуць. Я ёй кажу: «Не, бацька кажа, што далёкі ад усяго гэтага. Жонка, дзеці — вось што яму цікава». «Ага, — адказвае жартаўліва маці, — а ты запытаўся, калі гэта ён стаў далёкі? У 50 гадоў?» Маці падпісаная на мяне ў інстаграме. А маці дзвюх дзяўчат — ва Укантакце і Фэйсбуку. Усё, здаецца, добра, але і лайкі пад усялякім такім не ставяць».

У стужцы Змітра час ад часу з’яўляюцца здымкі ню. Ён кажа, што ў яго архіве іх некалькі дзясяткаў. Плюс пара інтымных хоум-відэа, якія ён так і не пераглядаў.

Фота Андрэя Дубініна.

«Здымкі — гэта частка творчасці, самавыяўленне. Упэўнены, што мала хто іх разумее, але быў бы рады, каб яны давалі магчымасць іншым глыбей прагледзець свае рэакцыі.

Калі нехта адпісваецца, то стаўлюся цалкам нармальна. Дзіўна, калі наадварот: чалавек не разумее, яму не падабаецца, а ён не адпісваецца. Фэйсбук мяне яшчэ не баніў, але і здымкі там больш стрыманыя. А вось Укантакце баніў, нягледзячы на больш ліберальныя правілы.

Справа ў тым, што ўжо гадоў 6-7 сачу за лёсам цікавага бяздомнага мастака Валерыя Ляшкевіча. Часам нечым дапамагаю і адміню вялікую тэматычную суполку. У 2014 годзе Насця Мірашнічэнка зняла пра мастака дакументальны фільм — «Перакрыжаванне». Дык вось, калі яго паказваюць па расейскіх каналах, то на маю старонку накіроўваецца плынь жанчын з начосамі і мужыкоў з пузамі і рыбай у руках. І вось ад іх скаргаў мяне тады забанілі. Спачатку нават «назаўсёды», але потым разабраліся і разблакавалі, параіўшы хаваць ад лішніх вачэй спрэчныя матэрыялы».

Фота Міхася Аракчэева.

У аголеным целе мужчына не бачыць нічога сарамлівага.

«Ведаеце, я зрабіў больш за сотню масажаў аголеным дзяўчатам, столькі ж разоў быў у лазнях і саўнах з голымі людзьмі, ездзіў на фэсты, дзе свабодна гуляюць галышом. Быў на выступах нашых выдатных тэатраў: «ІнЖэст», «Свабодны тэатр». Так склаўся лёс, што, можа, з тысячу аголеных целаў абодвух полаў я бачыў ужывую і ў некалькі разоў больш — на розных фота і відэа.

Я бачыў целы розных камплекцый. Грудзі, полавыя губы і чэлесы абсалютна розных памераў і формаў. Я бачыў (о, Божа!) голых дзяцей! Але ведаеце, чаго я не бачыў? Я гэтак і не ўбачыў, што там такое страшнае можна знайсці? Чаго там саромецца?»

— разважае Зміцер.

«Каб запаволіць зніжэнне цягі, спіце пад рознымі коўдрамі»

Як часта здараецца сэкс у чалавека, у якога столькі партнёрак? Суразмоўца кажа, што бывае кожны дзень, а бывае — раз на пару тыдняў.

«Па-рознаму. Калі з дзяўчынай ужо займаўся сэксам 500 разоў, то, канешне, цяга зніжаецца. Ці калі паглыбляешся ў працу ці іншыя справы.

А некалі і два гады не займаўся сэксам. Дзяўчына была цнатлівая, і мы вырашылі гэтую справу пакінуць на шлюб.

Але ж яе бацькі былі супраць нашых стасункаў. Бацька — палкоўнік, маці ў выканкаме, а я апазіцыянер — ідэалагічны вораг і ўвогуле ненадзейны элемент. Яны рыхтавалі яе для багатага прынца. У выніку мы вырашылі з'ехаць за мяжу, але калі прыйшлі па візу, прыехалі бацькі, зацягнулі яе ў машыну і я яе больш не бачыў. Забралі яе тэлефон, выдалілі сацсеткі, кантралявалі паштовыя скрыні, але яна і сама здалася. Потым паехала ў Германію — гэта апошняе, што чуў.

Было тое гадоў 11 таму. Раз на паўгода гуглю і шукаю ў сацсетках, але прозвішча, відаць, зменена… Люблю, калі пры расстанні захоўваецца сяброўства і блізкасць», — успамінае ён даўнюю гісторыю.

І дзеліцца лайфхакам, як запаволіць зніжэнне цягі і працэс прывыкання да блізкага чалавека. Узбуджэнне актывізуецца з дапамогай органаў пачуцця — бадай, асноўную ролю грае тактыльнасць. Але калі вы ноччу спіце разам з любімым чалавекам, дакранаючыся адно да аднаго, то мозг перастае ўспрымаць дотыкі як нешта сэксуальнае. Таму лепей спаць асобна ці як мінімум пад рознымі коўдрамі.

Ці гэта найбольшае задавальненне — мець блізкасць з жанчынай? 

«Ёсць нешта вельмі важнае і прыгожае ў жыцці. І жанчына з’яўляецца часткай гэтай прыгажосці»,

— па-філасофску адказвае мужчына.

Яго рэдка спрабуюць павучаць маралі. Але такіх маралістаў Зміцер разумее.

«У іх там унутраная барацьба, аскеза, а тут я са сваёй спакусай. Як тут барацьбу ўтрымаць унутры? Прачытаў быў на Вікіпедыі артыкул пра латэнтны гомасэксуалізм. Там апісаны эксперымент. Спачатку людзям раздалі анкеты, дзе сярод іншых пытанняў было «як вы ставіцеся да геяў?». Потым кожнаму ставілі для прагляду гомасэксуальнае порна. Дык вось у гамафобнай групы узровень эрэкцыі пры яго праглядзе быў вышэйшы, чым у нейтральнай. І зрабілі выснову, што гамафобія можа быць выклікана ўнутраным падаўленнем сваёй гомасэксуальнасці. Я думаю, нешта такое бывае і з некаторымі каментатарамі, якія цкуюць якіх-небудзь порназорак ці людзей свабодных поглядаў.

Верагодна, многія з іх і самі хацелі б стасункаў з некалькімі людзьмі ці нават проста сэксу, але па розных прычынах сябе стрымліваюць. І вось гэтая іх унутраная барацьба праецыруецца вонкі».

Цікава, што Зміцер ужо 10 год не ўжывае алкаголь і цыгарэты.

«Не разумею і не люблю залежнасці, а гэтыя яшчэ і здароўю шкодзяць, — заўважае ён. — З такіх дзівацтваў я яшчэ і рыбнае, і мясное не ўжываю гадоў 12. Ніякай складанасці адмовіцца няма, калі ёсць разуменне. А сілай волі, унутранай барацьбой — гэта дрэнны шлях. Не толькі ад гэтых, але і любых іншых залежнасцяў».

Пра тое, ці застаўся ён вернікам, мужчына адказвае зноў па-філасофску.

«Пагадзіцеся, нават калі б я назваўся вернікам, з Севярынцам мы крыху розныя, праўда? Таму я стараюся не карыстацца гэтымі дэкларацыямі і высокімі словамі: «Вера», «Бог». Ад таго, што ты назавешся ці не назавешся вернікам, сутнасць не зменіцца. Тым больш, што і самае галоўнае ў словах не змесціш».

Наталля Лубнеўская, фота з архіву героя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031