Знайсці
11.03.2020 / 09:1237РусŁacБел

Віктар Марціновіч: У людзях назапашваецца змрочны настрой, які можа нечакана праявіць сябе

Фота з Марша «дармаедаў» у Мінску 15 сакавіка 2017 года, Сяргей Гудзілін

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра тое, як хутка мы губляем разуменне таго, што адбываецца навокал — у нашай краіне і свеце.

Не трэба падманвацца адносным зацішкам пасля падзей «чорнага панядзелка».

«Нафтавая вайна» Беларусі з Расіяй, на якую хаця б гіпатэтычна можна было ўплываць з Мінска, змянілася нашмат больш разбуральнай «нафтавай вайной» Расіі з усім светам. І ў агляднай будучыні цэны на былы ўзровень не адскочаць, трэба рыхтавацца да працяглага перыяду таннай нафты, слабага RUR і як вынік — аслаблення беларускай валюты на фоне далейшай рэцэсіі ў эканоміцы.

У Расіі, дарэчы, ужо рыхтуюцца: агучаныя ў аўторак ў Думе ініцыятывы аб роспуску парламента, датэрміновых выбарах і перадачы права прызначэння прэзідэнта Дзяржсавету — добры сцэнар для адвязвання выбарнасці эліт ад волі народа. А найпрыгажэй будзе, калі ў дадатак да «абнулення» тэрмінаў Пуціна, адлік знаходжання ва ўладзе будзе весціся ад моманту прыняцца змен у Канстытуцыю, як гэта было ў Беларусі ў 1996 (тады «праблемы 2024» проста не будзе, як не было і выбараў у 1999 — цудоўны шлях застацца ў крэсле без аніякага галасавання).

Беларусь жа працягвае роспачна каціцца ў красавік, калі хочаш — не хочаш, а давядзецца прызначаць выбары, бо апошні тэрмін для іх — 31 жніўня, а на падрыхтоўку патрэбныя 3,5-4 месяцы (выбары ў 2015-м былі прызначаныя 30 чэрвеня на 11 кастрычніка).

Каб вы разумелі: раней асноўнай праблемай было тое, што не ўсім бюджэтнікам стала хапаць на заробкі мінулага года. Бо прыбыткаў паменела. І трэба ініцыяваць «рэформы», якія пры гэтай «размеркавальнай» сістэме могуць палягаць толькі ў тым, каб недаплачваць няважным бюджэтнікам (не задзейнічаным проста ў працы выбарчых камісій і разгоне мітынгаў пасля) і дадаваць крышачку «важным».

Цяпер на воз падкінула гною.

Цяпер да змяншэння сум у разліковых лістках дадалося аслабленне пакупніцкай здольнасці. На цэны на Камароўцы аслабленне беларускай валюты пакуль не паўплывала, але цягам 3-4 месяцаў (акурат пад канец жніўня) — паўплывае.

Арцём Шрайбман прадказвае, што «бюджэтнікі ў выбаркамах наўрад ці паспеюць дайсці да той фазы адчаю, каб правесці лагічную сувязь паміж тым, як яны лічаць галасы, і тым, якія ў іх заробкі».

Я б да гэтага дадаў, што сутнасць рэформы заробкаў якраз у тым і была, каб грошы з бюджэтаў размяркоўвала начальства працоўных калектываў зыходзячы з іх асабістага ўдзелу ў важных для сістэмы падзеяў (наяўнасці ў выбаркамах). То тут сапраўды не пра іх размова.

Размова — пра вуліцу.

Збядненне насельніцтва — цяпер ужо не якіх-небудзь прадпрымальнікаў, абкладзеных падаткамі, але «свайго», бюджэтнага, насельніцтва — ласкава запрашае гэтае насельніцтва задумацца.

Сітуацыя ляціць проста ў дзевяностыя.

Вы не дапускалі, што ў 1996-м мітынгі Пазняка былі настолькі масавымі не таму, што грамадзяне былі нашмат больш свядомым, чым цяпер? А проста нафта brent каштавала $23. І ўсе людзі, залежныя ад дабрабыту сістэмы, усе пенсіянеры і службоўцы мусілі палітызавацца, бо не разумелі, што адбываецца, як палучкі могуць быць настолькі малымі, а цэны — вялікімі.

Дадайце да таго, што за апошнія 25 гадоў сістэма паслядоўна выціскала людзей з прыватнай ініцыятывы і рэкрутавала, рэкрутавала вось гэтых «сваіх», залежных ад бюджэтнай рэнты.

Пасля пазаўчорашніх падзей brent каштуе $37, але з улікам планаў арабаў павялічваць здабычу, з улікам яшчэ адной неспадзяванкі для сусветнай эканомікі — каранавіруса, які блакуе вандроўкі і як вынік — патрэбу чалавецтва ў паліве, прагнозы пра падзенне да $20 не выглядаюць так ужо алармічна.

То менавіта несістэмная палітыка можа пачаць уяўляць найбольшую небяспеку для «красаты» выбараў. У людзях назапашваецца змрочны настрой, які можа нечакана праявіць сябе, як толькі пачнуцца першыя прарывы. Нават калі проста не зарэгіструюць каго з тых, што раней не збіралі вялікіх гуртоў.

Каранавірус адкрыў сітуацыю, калі чалавецтва страціла базавае разуменне таго, што адбываецца навокал. Калі ўсе папярэднія мадэлі рацыянальнасці больш не працуюць. Я толькі што атрымаў ліст пра тое, што мой візіт на Ляйпцыгскі кніжны кірмаш адмяняецца. Праз адмену самога Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу… Як і Лонданскага, дарэчы.

Мы быццам зноў у 1348 годзе, калі да Еўропы падступіла чума, што пахіснула сляпую веру ва ўсёмагутнасць і міласэрнасць Бога.

Тады асноўнай версіяй «экспертаў» было, што «чорная смерць» зрабілася Ягонай помстай за моду на занадта доўгія туфлі з загнутымі мыскамі. Быццам Бога могуць раз’юшыць апранахі.

Да каранавіруса зямляне верылі ў медыцыну і антыбіётыкі.

Гаварылі пра гуманізм.

Пяшчоту і цярпімасць да іншага.

Сітуацыя з круізнымі лайнерамі з некалькімі хворымі, лайнерамі, што вымушаныя былі кружыць паміж краінамі, бо ніхто не наважваўся прыняць іх пасажыраў, — новая ілюстрацыя таго, як хутка страчваецца наш хвалёны гуманізм.

Будзем спадзявацца, мы не прыйдзем да нечаканых высноў адносна межаў доўгацярпімасці беларускага народа праз распачаты «каранавірус рубля».

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера