Знайсці
10.03.2020 / 12:5421РусŁacБел

Вернік Кастусь Шыталь: Я прынцыпова не падпісваўся пад зваротам супраць «прапаганды гомасэксуалізму»

Вернікі сабралі 52 000 подпісаў «супраць прапаганды гомасэксуалізму», але я пад гэтым зваротам не падпісваўся.

І не падпісваўся прынцыпова.

Па-першае, мяне ўразіў несур'ёзны падыход арганізатараў. Яны проста не распрацавалі (!) прапановы зменаў у законы. Вы гэта ўяўляеце? 52 000 подпісаў і падтрымка каталіцкага мітрапаліта… ні пад чым.

Калі журналісты спыталі ва Уладзіслава Валаховіча, галоўнага ініцыятара збору, якую адказнасць і за якія дзеянні ён прапануе ўвесці, той не адказаў нічога канкрэтнага (!).

Я не магу ставіць свой подпіс, не ведаючы пад чым.

Па-другое, людзі, якія кіруюць беларускай дзяржавай, — не веруючыя і нават не ў хрысціянскай культуры выхаваныя. Пра хрысціянскі светапогляд, хрысціянскія сямейныя каштоўнасці яны маюць цьмянае ўяўленне.

А вы пішаце гэтым некампетэнтным людзям зварот і просіце, каб яны нешта там «по своему усмотрению» распрацавалі і прынялі. А яны могуць такое прыняць, што мы ад гэтай дурноты плявацца будзем.

Без канкрэтнага, распісанага па пунктах законапраекта да беларускай улады нельга ісці. Іначай гэта безадказнасць, у якой я не магу ўдзельнічаць.

Па-трэцяе, «прапаганда гомасэксуалізму» ёсць занадта размытым паняццем. І яно можа стаць дамоклавым мячом, які завісне над беларускай прэсай.

Журналісты не могуць не пісаць пра гомасэксуальных асобаў. Не можа быць такога, каб нейкая з'ява ў грамадстве была, а пісаць пра яе было нельга. Я сто разоў не падтрымліваю лад жыцця ЛГБТ-асобаў і заўсёды пра гэта казаў і буду казаць. Але я хачу ведаць, што яны кажуць, што яны думаюць, што ім баліць і што іх абурае. Яны жывуць у адным грамадстве са мной, і я павінен іх разумець.

А яшчэ журналісты крытыкуюць уладу, пішуць пра грамадскія праблемы, бо гэта іх місія і пакліканне. І я не хачу, каб дзяржава ўжывала карныя захады супраць выданняў і журналістаў, няўгодных уладам, прыпісваючы ім «прапаганду гомасэксуалізму», калі тыя нейкае інтэрв'ю з геем або лесбіянкай апублікавалі.

Як сябра БАЖ і як чалавек, які чатыры гады адпрацаваў журналістам і спазнаў на сваёй скуры стаўленне ўлады да прэсы, я не маю права падтрымліваць закон, які дасць уладам болей нагодаў душыць прэсу.

І апошняе, галоўнае. Пагрозу сямейным каштоўнасцям у Беларусі нясе не толькі «прапаганда гомасэксуалізму». З усіх шматлікіх чыннікаў, якія разбураюць сямейныя традыцыі беларусаў, гэты, можа, найменш сур'ёзны. Сям'я ёсць Божым устанаўленнем, і моцныя, здаровыя сем'і будуць у тым грамадстве, якое мае хрысціянскі погляд на сям'ю, на сэксуальную мараль, на шлюбную прысягу і мэты шлюбу.

Я не ўяўляю, як «забарона прапаганды гомасэксуалізму» зможа навучыць беларускую моладзь будаваць здаровыя сем'і.

А якраз над гэтым, над выхаваннем у моладзі базавых, неабходных для сямейнага жыцця каштоўнасцяў — любові, узаемапавагі, ахвярнасці, вернасці, стрыманасці ў сэксуальнай сферы, — беларускім хрысціянам, беларускім цэрквам трэба працаваць.

Кастусь Шыталь, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930