Знайсці
09.03.2020 / 19:203РусŁacБел

Кавалькова і Янукевіч адказалі, ці збіраюцца яны здымацца з праймерыз

Паездка па Віцебшчыне кандыдатаў на ролю адзінага кандыдата ад апазіцыі прайшла зусім няўдала для незалежнай кандыдаткі Вольгі Кавальковай (3 галасы, альбо 1,2%) і Аляксея Янукевіча (7 галасоў, альбо 2,9%). «НН» спытала ў палітыкаў, ці збіраюцца яны далей працягваць змаганне, каб стаць адзіным, альбо здымуцца на карысць іншага кандыдата?

«Я мэтанакіраваны чалавек і ні на хвіліну не шкадую, што прыняла рашэнне ўдзельнічаць. Гэта вялізарны досвед, — кажа Вольга Кавалькова. — Такія вынікі пасля сустрэч у Віцебскай вобласці з’яўляюцца чаканымі для маёй каманды. Зразумела, што актывісты палітычных партый будуць падтрымліваць таго лідара, які быў імі вылучаны. Я працавала з іншымі аўдыторыямі, якія дагэтуль не цікавіліся палітыкай, але ж збольшага ў іншых рэгіёнах. Дзякуючы таму, што ў палітыку прыйшлі новыя людзі, мы дабіліся зменаў у антынаркатычным заканадаўстве і працягваем змагацца за незалежныя суды.

Гэта толькі першы тыдзень праймерыз. Наперадзе яшчэ шмат сустрэч і гарадоў, інтэрнэт-галасаванне і кангрэс. Тым не менш мой штаб, безумоўна, прыняў першыя вынікі да ўвагі, і мы вырашылі падкарэктаваць свае падыходы. 

Я з’яўляюся незалежным кандыдатам. Мая задача — прыцягнуць увагу да праймерыз з боку новай аўдыторыі людзей, якія не належаць да палітычных партый. Чакайце наступных сустрэч», — сказала Вольга.

Не збіраецца апускаць рукі і Аляксей Янукевіч: «Я думаю, што гэтае пытанне вам найперш варта адрасаваць Юрыю Губарэвічу. Чалавек лічыць, што ён змагаецца за перамогу на праймерыз, сур’ёзна ўклаўся фінансава, плакаты вырабіў, улёткі каляровыя. Вынік мінулага ўік-энду правальны ў першую чаргу для яго.

Што тычыцца мяне, то я даўно ўжо казаў, што на прэзідэнцкіх выбарах-2020 застанецца Лукашэнка, а на дэмакратычных праймерыз пераможа Севярынец. Мы прапаноўвалі ўсім пагадзіцца на Севярынца без усялякіх праймерыз. І калі сябра Партыі БНФ галасуе за Севярынца, тут абсалютна няма праблемы. Я разумею, што я не кандыдат 2020 года. З гэтым разуменнем уваходзіў у кампанію, і цяпер нічога не змянілася для мяне. Таму не бачу сэнсу здымацца, кепскага выніку для мяне не будзе. Перамога Севярынца будзе добрым вынікам для мяне.

Але я сапраўды змагаюся ў Народным галасаванні — не за тое, хто стане кандыдатам, але за тое, каб нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя здабыла новую якасць. Каб праз пару месяцаў пасля выбараў мы не апынуліся зноў у яме. Я перакананы, што сваім удзелам здольны паўплываць на сцэнар развіцця падзей, у тым ліку на стратэгію і дзеяння Паўла і ягоных прыхільнікаў, якія сёння складаюць большасць у апазіцыі», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера