Даслаць навіну
Знайсці
09.03.2020 / 09:40

Як беларусы вясну гукалі ў Нью-Ёрку ФОТЫ

Павялічыць

У мінулыя выходныя амерыканскія беларусы чарговы раз сустрэліся ў маляўнічым мястэчку Асінінг на беразе Гудзона, побач з Нью-Ёркам, каб разам пагукаць вясну.

Старажытны абрад Гукання Вясны праходзіць ужо не першы раз на ўсходнім узбярэжжы ЗША, дзякуючы нястомнай Валянціне Якімовіч і актывістам беларускай грамады — сям'і Алены і Пятра Рыжых, а таксама Ганне Шарко і Аляксандру Мазгавому, заснавальнікам суполкі ў фэйсбуку «Беларусы ЗША. Разам лягчэй». Для ўдзельнікаў Гукання Вясны сям'я Рыжых падрыхтавала смачныя беларускія стравы: супы, бліны, салаты, кашу, кампот і розныя прысмакі. Як і ўсе вялікія справы, Гуканне Вясны пачыналася з добрага перакусу. Там жа Валянціна Якімовіч дапамагала кожнаму падабраць беларускі народны строй або вышываную кашулю са сваёй прыватнай калекцыі.

Лічыцца, што нашы продкі беларусы, жыццё якіх моцна залежала ад гаспадаркі і спрыяльнага надвор'я, верылі ў прыход вясны на птушыных крылах. Таму птушак усяляк заклікалі і прываблівалі, каб вясна прыйшла своечасова і паспрыяла добраму ўраджаю. Відавочна, што з абуджэннем навакольля пасля халоднай зімы абуджаліся і чалавечыя пачуцці, і якраз супольныя спевы, карагод і забаўляльныя гульні дазвалялі маладым хлапцам і дзяўчатам пазнаёміцца, узяцца за рукі і, магчыма, абняцца ў часе гульні.

Нью-Ёркская зіма ў гэтым годзе была зусім без снегу і не вельмі халоднай (як і ў Беларусі), таму здавалася, што і вясну клікаць няма патрэбы. Але ў дзень Гукання Вясны надвор'е выдалася па-зімоваму халодным з моцным ветрам.

Ад ветру даводзілася ратаваць саламяных птушак і прытрымліваць ляльку Марэну, каб яна не падала. У гэтым годзе з'явіўся новы персанаж — бусел, і ўвогуле святкаванне было падрыхтавана больш грунтоўна, чым у мінулыя гады. Да традыцыйных спеваў і карагодаў арганізатары дадалі больш гульняў і спаборніцтваў. Асабліва эмацыйнай і драматычнай была гульня па кіданні яйка: партнёры мусілі перакідвацца яйкам. Тыя, хто раняў яго, выбывалі з гульні. А тыя, каму ўдавалася злавіць, адыходзілі на крок назад адзін ад другога і працягвалі гульню. Хлопцы спаборнічалі паміж сабой у спрытнасці па нарыхтоўцы дроваў: трэба было збіраць трэскі, раскіданыя загадзя па пляцоўцы. Пераможца вызначалі па колькасці сабраных трэсак. Дзяўчаты спаборнічалі ў хуткасці збору бульбы. Пераможцаў весела павіншавалі і нагадалі, што ў мінулыя часы пераможцы падобных спаборніцтваў звычайна жаніліся або выходзілі замуж у тым самым годзе.

У амерыканскіх рэаліях Гуканне Вясны ў дадатак да захавання беларускай культурнай спадчыны сярод беларускіх эмігрантаў набывае новыя формы і мэты — гэта ўжо свята для ўсіх узростаў: і дзяцей, і старэйшых, а таксама гэта нагода сустрэцца з сябрамі, завесці новыя знаёмствы або проста натхніцца, пакружыўшы карагод з абаяльнай кампаніяй у беларускіх строях.

Болей фота можна пабачыць тут

Фота і тэкст Сяргея Трыгубовіча

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31