Знайсці
08.03.2020 / 22:0311РусŁacБел

Кашмар у Італіі: 133 смерці ад каранавіруса за дзень

Вайскоўцы перакрылі ўезды і выезды з зоны ізаляцыі, у якой пражывае каля 15 мільёнаў чалавек.

Італія не дае рады заразе: ізноў рэкордны па колькасці заражэнняў дзень, і па колькасці смяротных выпадкаў таксама.

133 чалавекі памерлі ад каранавіруса на Апенінскім паўвостраве за апошні дзень. Колькасць заражаных вырасла амаль на 1500 чалавек, сярод іх адзін губернатар і начальнік штаба арміі.

Італьянскі ўрад пайшоў на беспрэцэдэнтныя меры, каб спыніць эпідэмію.

Італьянскі ўрад выдаў дэкрэт, згодна з якім спыняецца ўезд і выезд без важных на тое прычын з цэлага рэгіёна Ламбардыя, з цэнтрам у Мілане. А таксама з 14 правінцый іншых рэгіёнаў, у тым ліку Венецыі, Пармы, Падуі, Рыміні, Пэзара, Модэны ды іншых, паведамляе агенцтва Ansa.

У зоне каранціну жыве каля 15 мільёнаў чалавек. 

Гэта азначае, што тыя, хто знаходзіцца ў дадзеных правінцыях, павінны заставацца там да 4 красавіка. Зрэшты, прэм'ер Італіі паабяцаў, што цягнікі і самалёты туды будуць працягваць курсіраваць. Паведамляецца, што для ўезду і выезду з зоны каранціну трэба будзе паказаць дакументы, якія даказваюць надзвычайную патрэбу для працы, здароўя і асаблівыя абставіны.

Акрамя таго, уводзіцца забарона на любыя публічныя мерапрыемствы. Забараняецца правядзенне вяселляў і пахаванняў, забараняецца праца дамоў культуры, музеяў, басейнаў, спартзалаў, курортаў. Крамы будуць адкрытыя толькі ў працоўныя дні. Установы грамадскага харчавання будуць адкрытыя толькі з 6:00 да 18:00 і пры ўмове, калі могуць забяспечыць адлегласць паміж наведнікамі не меншую, чым 1 метр. Спартовыя матчы могуць адбывацца толькі за закрытымі дзвярыма. Здаецца, каб здарылася і чума, Італія не наважыцца спыніць святое — футбольны чэмпіянат.

Да 31 мая спыненая праца судоў.

На ўсёй тэрыторыі Італіі людзям рэкамендавана не пакідаць дамоў без патрэбы.

Зона каранціну спыніла прымаць міжнародныя авіярэйсы.

Цяжка сказаць, ці ўдасца Італіі спыніць распаўсюд эпідэміі цяпер, калі яе носьбіты зарэгістраваныя ўжо ва ўсіх рэгіёнах краіны. Смяротнасць ад Covid-19 у Італіі перавышае 5 %.

Нічога падобнага за апошнія дзесяцігоддзі ў Еўропе не здаралася.

Можна чакаць, што далейшы распаўсюд каранавіруса прывядзе да падзення эканомікі і непрадказальных фінансавых наступстваў.

Камісар па барацьбе з каранавірусам Грамадзянскай абароны Італіі, які стаў адной з самых медыйных постацяў краіны за апошнія тыдні, 7 сакавіка заклікаў італьянцаў часова змяніць лад жыцця, каб стрымаць эпідэмію.

У той жа час італьянская асацыяцыя рэаніматолагаў і анэстэзіёлагаў прапанавала выпрацаваць дакладную градацыю прыярытэтаў допуску пацыентаў у шпіталі і ў аддзяленні рэанімацыі. Гэтая прапанова з 15 пунктаў зробленая на выпадак, калі магчымасці італьянскіх устаноў аховы здароўя будуць вычарпаныя, піша партал La Repubblica. Прапануецца ўвесці правілы надзвычайнай сітуацыі, якія б аддавалі перавагу пацыентам 1) з большай імавернасцю выжывання і 2) з даўжэйшай патэнцыйнай працягласцю ўратаванага жыцця. Застаецца спадзявацца, што Італіі ды іншым еўрапейскім краінам усё ж не давядзецца сутыкнуцца з такой гранічнай сітуацыяй.

Аднак аптымістычных навін пакуль няма. Ніхто не можа прадказаць, калі Еўропа дасягне піку эпідэміі.

Сяргей Гезгала; фота газеты «Стампа»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930