Знайсці
07.03.2020 / 21:039РусŁacБел

«У яго былі прэзідэнцкія амбіцыі». У Гродне прэзентавалі кнігу пра «самага гераічнага рэдактара»

Новую кнігу з «Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагоддзя» пра журналіста, рэдактара і палітыка Ігара Герменчука «Спадар Свабода» прэзэнтавалі на фэсьце «Прадмова» ў Гродне. Фэст прайшоў 7 сакавіка ў «Цэнтры гарадскога жыцця», паведамляе Радыё Свабода.

Аўтар біяграфічнага раману — журналіст і пісьменьнік Сяргей Астраўцоў, які быў калегам і сябрам Герменчука. Праца над кнігай ішла 5 гадоў.

«Прыгадваючы, каго няма сярод нас, і задаючы сабе пытаньне, каго Беларусі не хапае, я кажу сабе і іншым: «Нам моцна, вельмі моцна не хапае Ігара Герменчука», — адзначыў падчас прэзэнтацыі культуроляг Сяргей Харэўскі.

«Гермянчук быў шчырым беларусам. Жыцьцё яго загартавала. Ён быў цягавіты. Гэта чалавек, які сам сябе рабіў, сам сябе ствараў з маладых гадоў… Ён не хацеў пісаць пра капіталістычнае спаборніцтва: «Я ня буду пісаць пра надоі, пра бітвы за ўраджай». Ён быў вельмі сьмелым чалавекам у парлямэнце. Пазьняк успамінае, што ён вельмі пісьменна выступаў, запальна. Заўсёды добра рыхтаваўся. Калі рыхтаваў выступ, потым яго правіў, як звычайны артыкул у газэту. Лявон Баршчэўскі чуў, як Гермянчук казаў, што ён не баіцца, калі яго заб’юць за ягоныя журналісцкія расьсьледаваньні». Такія словы ня кожны дзень кажуць і на вецер ня кідаюць», — расказаў сваё ўражаньне пра Герменчука аўтар ягонай біяграфіі.

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра сучаснага беларуса, якога параўноўваюць з Кастусём Каліноўскім. Герой кнігі Ігар Гермянчук (1961—2002) — журналіст, рэдактар, палітык. Гісторыя беларускай незалежнай прэсы — гэта шлях ад «Мужыцкай праўды» Каліноўскага да газэты «Свабода», якой прысьвяціў сябе Гермянчук. Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў назваў яго самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты. Гермянчук рэдагаваў «Свабоду» з 1991 да 1997 году, калі суд закрыў яе.

Як распавёў Свабодзе Сяргей Астраўцоў, кніга напісаная ў жанры біяграфічнага раману і чытаецца як дэтэктыў. Яна зьявілася, дзякуючы шматлікім успамінам пра Герменчука ягоных сяброў і калегаў.

Чаму і як закрылі «Свабоду», як яна стала выходзіць зь іншай назвай, чаму і як самога рэдактара звольнілі з фармулёўкай «за непрафэсіяналізм»? Пра гэта — у кнізе.

На думку Астраўцова, Ігар Гермянчук — забыты беларускі герой, які жыў у наш час.

«Моладзь пра яго ня ведае, а старэйшае пакаленьне таксама сыходзіць. Скарына, Каліноўскі — цяперашняй Беларусі не патрэбныя, яны былі патрэбныя ў рыцарскай Беларусі, якой яна была або станавілася на пачатку 1990-х гадоў, і за якую змагаўся Ігар Гермянчук у парлямэнце і газэце «Свабода»», — адзначыў Сяргей Астраўцоў.

На імпрэзе ўзгадалі, якім чалавекам быў Ігар Гермянчук.

«Ён быў, як пацанёнак, сьмяшлівы, рабіў сьмех зь нічога і сьмяяўся да сьлёз. Ён быў вельмі запальчывым чалавека, мог быць вельмі рэзкім», — казаў Сяргей Харэўскі.

Кім мог бы сёньня быць Гермянчук? Ён быў дэпутатам і хацеў трапіць у парлямэнт на другі тэрмін.

«У яго былі прэзыдэнцкія амбіцыі… Ён мог бы стаць накшталт Адама Міхніка ў Варшаве мэдыя-магнатам. Алег Трусаў параўнаў яго з Каліноўскім», — распавёў Астраўцоў.

«Яго біяграфія чытаецца як франтавы раман, таму што вайна за Беларусь — заўсёды вайна за свабоду. Хоць гэтая вайна ня скончаная, ён перамог», — напісаў у прадмове да кнігі бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера