Знайсці
06.03.2020 / 19:5250РусŁacБел

«Мы славянскія немцы»: на праймерыз у Гарадку перамог Губарэвіч, агулам у іх узялі ўдзел восем чалавек

Першая сустрэча і першае галасаванне па адзіным кандыдаце ад апазіцыі адбыліся ў невялікім райцэнтры Гарадок на поўначы Віцебскай вобласці.

Выезд з Мінска прызначылі на 13:00 ад гандлёвага цэнтра «Манетачка» — гэта побач з Камароўскім рынкам і легендарным пунктам продажу шаўрмы «Міраж». Цяпер у гэтым будынку свае офісы здымаюць і Рух «За Свабоду», і БСДП.

Для паездак па рэгіёнах апазіцыя зняла мікрааўтобус «Рэно» шэрага колеру. Праўда, тут пачаліся праблемкі: адмаўлялася выключацца сігналізацыя. «Не можаце справіцца з машынай, а хочаце кіраваць краінай», — засмяяўся Юрась Губарэвіч. Ягонае сяміхвіліннае спазненне на фоне праблемаў з аўтамабілем прайшло зусім незаўважна.

Ужо на месцы высветлілася, што ехаць адным мікрыкам усе кандыдаты не захацелі. У прыватнасці Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч з’ехалі раней, пры гэтым нават нікога не папярэдзілі. Што ж — маюць права, але такое рашэнне сустрэла толькі непаразуменне астатніх удзельнікаў праймерыз.

Мікалай Казлоў шчыра прызнаўся, што не ведаў пра існаванне такога райцэнтру, як Гарадок да гэтай паездкі. «Думаю, што я гарадоў дзесяць са ста пятнаццаці беларускіх не ведаю, мала ездзіў па краіне», — кажа прадстаўнік АГП.

Увогуле Мікалай Казлоў, здаецца, найменш з усіх астатніх палітыкаў, што ўвязалі ў праймерыз, заклапочаны нейкім сваім іміджам, як ён выглядае і што гаворыць. Прафесійнай «палітыкі» ў Казлова нямнога. І незразумела, ці гэта будзе ўспрымацца ў плюс выбарцамі, ці наадварот у мінус.

Вольга Кавалькова прыйшла ў яркім чырвоным паліто і беласнежнай сукенцы. У Вольгі зноў новы манікюр, у дарозе на запраўках яна паспявала фарбаваць вусны. З сабой у дарогу адзіная незалежная кандыдатка ўзяла смажаных арэшкаў. «Частуйцеся, сама гатавала», — запрашае яна. Кавалькова ўпэўнена і безапеляцыйна села на пярэдняе сядзенне.

За стырно аўтамабіля сеў лідар Партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук. І хоць ягоная партыя не бярэ непасрэднага ўдзелу ў праймерыз, тым не менш сам Кучук дапамагае чым можа. Менавіта ён узяў на сябе многія арганізацыйныя моманты. Напрыклад, арганізацыю сайта для інтэрнэт-галасавання. Абяцае, што сайт запрацуе ўжо 12 сакавіка.

«Уявім, што мы едзем, а там на шашы Севярынец з Янукевічам стаяць з прабітым колам, праедзем міма?» — смяюцца ў салоне.

«Усе, хто мог прабіць, тут», — аджартоўваецца Кавалькова.

«Яшчэ Канапацкая ёсць, але Канапацкая хутчэй бы колы Казлову прабіла».

«А самае галоўнае, што Казлоў менш за ўсё гаворыць пра Канапацкую, але скажыце мне хоць пра адну канкрэтную справу, якую яна зрабіла», — абураўся Казлоў.

«Заплаціла грошы», — пасмяялася Кавалькова. Самаіронія — добры паказчык.

Аказалася, што не ўсе кандыдаты нават ведалі, дзе яны будуць начаваць, калі Юрась Губарэвіч агучыў гэтае пытанне, то быў здзіўлены, што начаваць давядзецца на нейкай кватэры, якую знайшоў Севярынец. Здаецца, ён разлічваў, што гэта ўсё ж будзе нейкі гатэльчык.

У дарозе Губарэвіч і Кавалькова ўзіраліся ў свае макбукі, Казлоў часам нешта чытаў у сваім прасцейшым планшэце, а астатнюю частку дарогі праспаў.

Дарэчы, дарога ад Лепеля да Гарадка пакідае жадаць лепшага. Вялікая колькасць выбоін, машына бясконца скакала на такіх «беларускіх горках».

Арганізатарам сустрэчы выступіў Леанід Гаравы, які падзякаваў за тое, што мерапрыемства адбылося, «разуменню мясцовых уладаў». Сустрэча адбывалася ў Доме дзіцячай творчасці ў самым цэнтры Гарадка, на сцэне стаяў раяль, былі развешаныя балонікі. «У нас не дыктатура, калі праходзяць такія сустрэчы, ніхто ім не перашкаджае», — сказаў Гаравы. Сапраўды, ніякай цікавасці з боку сілавых органаў праймерыз не выклікалі.

Гарадок быў добраўпарадкаваны да абласных «Дажынак — 2014», але хутка ўжо спатрэбяцца новыя ўкладанні. Цэнтр горада пакідае добрае ўражанне, шмат шыльдаў на беларускай мове. Над мясцовым музеем флюгер з Пагоняй, арыгінальны помнік Тарасу на Парнасе.

Вялікай цікавасці сустрэча ў жыхароў Гарадка не выклікала. Агулам прыйшло 8 чалавек — гэта ўсё актывісты палітычных партый, якія жывуць тут. Вёў сустрэчу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Пра што гаварылі кандыдаты?

Севярынец: Уладай з’яўляецца народ, не прэзідэнт, не людзі з вертыкалі. У 2020 годзе адбудзецца чарговы спектакль, якія ладзяць Лукашэнка і Ярмошына. За гэтыя 26 гадоў насельніцтва зменшылася на 800 тысяч чалавек. Краіна выйшла на першыя месцы ў свеце па ўжыванні алкаголю, самагубствах, жанчынах у турмах. Мы бачым, як мільён беларусаў працуе ў Расіі і на Захадзе. Лінія Сталіна ёсць, а нацыянальнага ўніверсітэту няма. Мы гатовыя пачынаць масавыя мірныя акцыі пратэсту, калі Лукашэнка будзе вылучацца ў прэзідэнты.

Губарэвіч: Паміж намі няма істотных прынцыповых разыходжанняў. Я сам з малога гарадка, і ведаю, як цяжка ў малым горадзе знайсці працу, як лёгка атрымаць «воўчы білет» праз чыноўнікаў.

Казлоў: Я ў палітыцы нядаўна, але з амбіцыямі ў мяне ўсё нармальна, як і з прынцыпамі. Я 17 гадоў раскрываў злачынствы, разбоі, крадзяжы, карупцыю. На чым трымаецца Лукашэнка? На карупцыі, якая пранізвае ўсю вертыкаль. Я сапраўды добры опер, добры прафесіянал. АГП на сёння мае самую прадуманую праграму рэформаў.

Янукевіч: У мяне няма стратэгіі перамогі і замены Лукашэнкі ў 2020 годзе. Але выбары важныя, бо для многіх людзей ёсць толькі адна альтэрнатыва Лукашэнку — Пуцін і Крэмль. І нам трэба прадэманстраваць, што існуе іншая альтэрнатыва. Я бачу тры кірункі дзейнасці: 1) свабода, нацыянальнае адраджэнне і рух Беларусі ў НАТА і Еўрасаюз; 2) важна заваяваць давер інтэрнэт-супольнасці, якая яшчэ не да канца гатовая падтрымаць апазіцыю; 3) знайсці падтрымку ў бізнэсу.

Кавалькова: Я самы малады кандыдат, мне 36 гадоў. Улада нас не чуе, бо мы яе не абіраем. Калі ўладу прызначае адзін чалавек, то яна не адлюстроўвае настроі людзей. 60 тысяч простых беларусаў сёння фальсіфікуюць выбары. Я заклікаю ўсіх быць сябрамі ўчастковых камісій.

Што цікавіла мясцовых людзей? Рэформа ў сілавым блоку, тое, што людзям раздаюць пашпарты Расіі, ці будзе канкурэнтам адзінаму Канапацкая?

«На праваахоўныя органы праядаецца вялікая частка бюджэту. Пры гэтым у краіне мізэрныя заробкі, жабрацкія пенсіі. Мы як славянскія немцы, законапаслухмяныя. Мы нават калі пратэстуем і пераходзім дарогу на зялёнае святло», — сказаў Севярынец.

«Аб’яднаць МНС, Памежны камітэт і МУС, чаму на Захадзе чалавек усё гэта можа рабіць, а ў нас не? КДК — гэта дзяржаўны рэкет, проста распусціць іх. Павінна быць кантрольная палата пры парламенце, гэтага дастаткова», — адказ Губарэвіча.

«Міліцыі занадта шмат, але я не згодны з Губарэвічам, што трэба рабіць вінегрэт. Міліцыя павінна быць прафесійнай і кампактнай, а то ў нас міліцыя ў два разы большая за армію. Мы можам пераразмеркаваць АМАП у войска і на гэтай аснове зрабіць войска», — прафесійны погляд Казлова.

«Нельга падыходзіць да таго, што міліцыя дармаеды. Там хапае дармаедаў, але ёсць праблема ўчастковых, якіх не хапае, якія загружаныя бюракратычнай працай, замест таго, каб шукаць злачынцаў», — сказаў Янукевіч.

Агулам сустрэча доўжылася гадзіну дваццаць. Пасля гэтага прысутныя прынялі ўдзел у галасаванні. Бюлетэні кідалі ў празрыстыя скрыні.

Прагаласавала столькі ж, колькі было выдадзена бюлетэняў — восем чалавек. Галасы падлічвалі адкрыта. «Пакажам уладзе, як павінен адбывацца падлік галасоў», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

«Севярынец Павел Канстанцінавіч, Губарэвіч Юрый Іванавіч», — стаў агучваць галасы і дэманстраваць бюлетэні Зміцер Кучук. У выніку мінімальная перамога дасталася Юрасю Губарэвічу, за яго аддалі галасы 4 чалавекі, за Севярынца — трое, яшчэ адзін за Янукевіча. Казлоў і Кавалькова галасоў не атрымалі.

7 сакавіка ўдзельнікі праймерыз прыедуць у Віцебск і Наваполацк.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930