Даслаць навіну
Знайсці
08.03.2020 / 11:27

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у сакавіку

Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у першы месяц вясны. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Свет Дзікага Захаду» (Westworld)

Фантастыка, вестэрн. ЗША, 3-і сезон

Павялічыць

У будучыні для багатых людзей будуць стварацца адмысловыя паркі забаў, але яны не будуць падобнымі да Дыснэйлэндаў — гэта будзе свет, поўны жорсткасці і гвалту. Мільянеры змогуць там забіваць, і ім за гэта нічога не будзе, гвалтаваць прыгожых дзяўчат — і за гэта таксама нічога не будзе. Паўставаць у самай нізасці чалавечага існавання, выпускаць сваю агрэсію і сэксуальную напругу. Дэкарацыямі гэтага парку забаваў стаў Дзікі Захад канца ХІХ стагоддзя. Кожны будзе мець магчымасць адчуць сябе ў ролі смелага каўбоя.

Фішкай гэтага парку з’яўляецца тое, што ягоныя насельнікі — гэта звычайныя робаты ў чалавечай абалонцы. Па ідэі, у іх не павінна заставацца ні ўспамінаў, ні пачуццяў, але паступова ўсё гэта мяняецца. І робаты паўстаюць супраць эксплуатацыі, багацеі ж проста трапляюць у пастку.

Фільм, створаны Джонатанам Ноланам («Інтэрстэлар», «Цёмны рыцар») і ягонай жонкай Лізай Джой, уразіў усіх ад першага сезона сваёй нелінейнасцю, філасофскасцю і шматлікімі пластамі. У серыяле багата цытатнасці, спасылак на шматлікія сусветныя літаратурныя, мастацкія шэдэўры. Гэта не той серыял, які вы будзеце глядзець дзеля стралялак, тут давядзецца думаць і думаць нямала.

«Озарк» (Ozark)

Крымінальная драма. ЗША, 3-і сезон

Павялічыць

Фінансавы кансультант Марці Бёрд, у якога «дастаткова сумнае жыццё», загразнуў у пазыках і гульнях з наркамафіяй. Ён не знаходзіць лепшага выйсця, як уцячы з Чыкага ў маленькі гарадок Озарк, штат Місуры, каб уратаваць сваё жыццё, а таксама жыццё сваёй сям’і.

У серыяле можна знайсці дастаткова класічны кактэйль для крымінальнай драмы: мексіканскія наркагандляры, грошы, прастытуткі, пісталеты. Плюс «Озарка» — у дасканалых дэкарацыях, прадуманых дыялогах галоўных герояў, у яго псіхалагізме. Многія схільныя параўноўваць «Озарк» з «Ва ўсе цяжкія», але гэта не гісторыя маральнага падзення канкрэтнага чалавека, гэта гісторыя пра чалавека, які ўвесь час балансуе на мяжы, і для таго, каб выжыць, вымушаны прыдумляць і пераўтвараць у жыццё самае неверагодныя ідэі.

«Каралеўства» (Kingdom)

Баявік, жахі. 2-і сезон. Паўднёвая Карэя, ЗША

Павялічыць

Як прыцягнуць увагу да гісторыі сваёй краіны ў наш час? Можна паспрабаваць праз зомбі. «Каралеўства» — гэта дзівосны кактэйль рэальных гістарычных падзей, што адбываліся ў сярэднявечнай Карэі, разбаўлены зомбі-апакаліпсісам. Фільм настолькі добра разышоўся на радзіме, што яго з радасцю купіў Netflix.

Часон (так у XVI стагоддзі называлася Карэя) разрабаваны і спустошаны пасля вайны з Японіяй, асабліва дасталася паўднёвым рэгіёнам краіны. У каралеўскай сям’і таксама ўсё не дужа добра, стары валадар памірае, а ягоныя спадкаемцы не могуць падзяліць уладу. У прынцыпе, усё дастакова просценька і зусім не цягне ў палітычным сэнсе на «Гульню тронаў», але ў справу ўмешваюцца зомбі.

Зрабіць фільм з зомбі і не скаціцца ў адкрыты трэш — гэта няпростая задача для любога рэжысёра. У карэйцаў атрымалася гэта зрабіць у першым сезоне.

«Змова супраць Амерыкі» (The Plot Against America)

Драма, альтэрнатыўная гісторыя. ЗША, 1-ы сезон

Павялічыць

Чарльз Ліндберг — гэта рэальны гістарычны персанаж, вядомы амерыканскі лётчык, які першым здзейсніў самастойны пералёт праз Атлантычны акіян. Чалавек з надзвычай цікавым лёсам, ён удзельнічаў у распрацоўцы штучнага сэрца, ягонага сына выкралі і забілі, а ў 30-я Ліндберг вадзіў сяброўства з нацыстамі ў ЗША і Германіі, нават атрымаў ад Герынга ордэн Германскага арла. Калі пачалася Другая сусветная вайна, то Ліндберг заклікаў да таго, каб Амерыка не ўцягвалася ў гэты канфлікт пад уплывам яўрэяў, шмат крытыкаваў Франкліна Рузвельта.

«Змова супраць Амерыкі» — гэта чарговая альтэрнатыўная гісторыя, дзе прапаноўваецца варыяцыя на тэму: што было б, каб у 1940 годзе Чарльз Ліндберг стаў прэзідэнтам ЗША. Пад яго кіраўніцтвам краіна дастаткова ўпэўнена спаўзае ў нацысцкую дыктатуру. Серыял зняты паводле рамана вялікага амерыканскага пісьменніка Філіпа Рота (ягонымі бацькамі былі яўрэі з Украіны).

«Дзівосныя гісторыі» (Amazing Stories)

Фантастыка, драма. ЗША, 1-ы сезон

Павялічыць

Гэты серыял бярэ пачатак яшчэ ў 1985 годзе. Ужо вядомы на той час па «Сківіцах», «Індыяне Джонсу» і «Іншапланетніку» рэжысёр Стывен Спілберг бярэцца за серыял. Гэта ніяк не звязаныя паміж сабой гісторыі людзей, з якімі адбываюцца неверагодныя рэчы. Напрыклад, афіцыянтцы Лоіс на дзесяцігоддзе шлюбу муж дорыць пярсцёнак, які скраў у музеі васковых фігур. Лоіс цяпер заўсёды хоча сэксу, але аднойчы яна накідваецца на мужа з нажом у спробе забіць яго. Аказваецца, што пярсцёнак належыў Чорнай Удаве, якая забіла трох сваіх мужоў.

Фільм быў добра сустрэты крытыкамі (пяць узнагарод «Эмі»), а вось гледачы не дужа каціравалі «Дзівосныя гісторыі». У выніку пасля двух сезонаў серыял закрылі. І хоць раней Спілберг неаднаразова скептычна выказваўся пра серыялы, якія робяцца для анлайн-платформаў, усё ж вырашыў паспрабаваць даць новае жыццё свайму даўняму праекту.

Глядзі таксама: 

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лютым

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у студзені

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у снежні

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30