Знайсці
04.03.2020 / 17:3835РусŁacБел

Як я магу прагаласаваць на праймерыз? А колькі разоў? 10 пытанняў і адказаў пра апазіцыйныя выбары

Гарадок у Віцебскай вобласці стане першым горадам, куды завітаюць удзельнікі праймерыз ад апазіцыйных палітычных сілаў. Сярод кандыдатаў Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»), Павел Севярынец (БХД), Мікалай Казлоў (АГП), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ) і Вольга Кавалькова (БХД, але ідзе сама па сабе ). Напярэдадні «НН» падрыхтавала невялікі гайд па праймерыз з кароткімі пытаннямі і адказамі.

Праймерыз — гэта працэдура па вызначэнні адзінага кандыдата, які прадставіць апазіцыйныя сілы на прэзідэнцкіх выбарах. Пяць палітычных сілаў пагадзіліся, што падтрымаюць таго, хто стане пераможцам праймерыз.

1. Колькі разоў я змагу прагаласаваць?

Двойчы. Адзін раз асабіста падчас сустрэчы з апазіцыйнымі лідарамі ў гарадах Беларусі. Другі раз — у інтэрнэт-галасаванцы.

2. Як мне ўзяць удзел у сустрэчах?

Сачыць за абвесткамі на сайтах партый, у сацсетках кандыдатаў, а таксама ў недзяржаўных СМІ. Там будзе пададзены спіс гарадоў, куды кандыдаты прыедуць на сустрэчы, а таксама месца і час тых сустрэч. Прыналежнасць да нейкай палітычнай сілы зусім не абавязковая. Агулам плануюцца сустрэчы ў 56 гарадах і мястэчках краіны.

3. Што мне трэба мець з сабой, каб прагаласаваць?

Пажадана мець пашпарт. Калі пашпарту не будзе з сабой, то вазьміце хаця б вайсковы білет, правы кіроўцы ці студэнцкае пасведчанне. Без дакументаў да галасавання вас не дапусцяць.

4. Калі мае пашпартныя звесткі запішуць, то гэта значыць, што я аўтаматам траплю ў ініцыятыўную групу адзінага кандыдата?

Магчыма, вам пасля патэлефануюць і спытаюцца, ці гатовыя вы працаваць на адзінага кандыдата. Але без вашай згоды ні ў якія групы вас ніхто не запіша.

5. Калі ў мой горад удзельнікі праймерыз не прыедуць, што мне рабіць?

Браць удзел у інтэрнэт-галасаванні.

Падчас першай паездкі апазіцыянераў па Віцебскай вобласці галасаваць змогуць толькі жыхары тых гарадоў і раёнаў, дзе праводзяцца сустрэчы. Робіцца гэта для таго, каб кандыдаты не прывозілі з сабой групы падтрымкі.

Але, магчыма, пазней арганізатары дапусцяць да галасавання жыхароў блізкіх гарадоў.

6. Ці будуць сустрэчы ў Мінску?

Будуць, прычым тры. Адна адбудзецца напярэдадні Дня Волі, другая — перад Чарнобыльскім шляхам, а трэцяя — у сярэдзіне мая.

7. Галасы будуць лічыць па «амерыканскай» схеме, калі кожны рэгіён мае пэўную колькасць галасоў?

Не, галасы будуць лічыцца ў абсалютнай колькасці. Галасы за кожнага з кандыдатаў ва ўсіх гарадах падсумуюць. І ўжо ад агульнай колькасці галасоў будзе вылічвацца працэнт кожнага з кандыдатаў.

8. Галасаванне па кожным з гарадоў будуць абвяшчаць асобна?

Так, пра кожны горад будзе вядома адразу.

9. Як я змагу прагаласаваць у інтэрнэце?

Для гэтага на спецыяльным сайце трэба будзе ўвесці беларускі мабільны нумар. На яго прыйдзе смс-паведамленне для ўдзелу ў галасаванні. У першым галасаванні, якое і будзе ўлічвацца арганізатарамі, будзе ўсяго толькі адзін голас «за».

Будзе і другое галасаванне, «рэйтынгавае». У ім можна будзе аддаць два галасы «за» і адзін голас «супраць», але яно не пойдзе ў залік.

Хутчэй за ўсё, сайт запрацуе ў сярэдзіне сакавіка. Арганізатары разлічваюць на 100 тысяч галасоў.

10. Ці змагу я перагаласаваць, калі перадумаю?

Так, зможаце. Калі цягам кампаніі вам больш спадабаецца іншы кандыдат, то ў інтэрнэт-галасаванні вы зможаце змяніць голас, для гэтага вам патрэбна будзе паўтарыць працэдуру з смс-паведамленнем.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930