Знайсці
04.03.2020 / 13:151РусŁacБел

Беларусь накрыла новая хваля фінансавых афёраў. Як не трапіць у пастку?

Многія з аферыстаў маскіруюцца пад супрацоўнікаў банкаў, сваякоў ці знаёмых. А калі высвятляюць патрэбныя звесткі, здымаюць грошы і афармляюць крэдыты. Спецыялісты Прыёрбанка распавялі пра самыя распаўсюджаныя хітрыкі махляроў.

«Бяспечныя» рахункі і фэйкавыя тэхработы

Часта ашуканцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў, у тым ліку прадстаўнікамі службы бяспекі. Пры гэтым на тэлефоне можа высвяціцца назва банка або нумар, падобны да афіцыйнага — праўда, не гарадскі, а мабільны (з кодамі 25, 29, 33 або 44).

Для атрымання асабістых даных аферысты, напрыклад, могуць паведаміць пра падазроныя альбо ашуканскія аперацыі па карце — іх нібыта трэба тэрмінова адмяніць, а рэшту грошай перавесці на «бяспечны рахунак». Таксама могуць папрасіць пацвердзіць заяўку на крэдыт або адмяніць яе. Нярэдка спасылаюцца на тэхнічныя працы і тэставанне новага абсталявання. Ці паведамляюць пра неабходнасць перавыпусціць карту ў сувязі з пераходам на новую сістэму. Каб «дапамагчы абараніць» рахунак кліента, просяць паведаміць не толькі персанальныя даныя, але і атрыманы ад банка SMS-код. З яго дапамогай ашуканцы могуць не толькі перавесці грошы з рахункаў кліента, але і аформіць на яго імя анлайн-крэдыт.

У сумніўных сітуацыях эксперты раяць перапыніць размову і ператэлефанаваць у банк. І самае галоўнае — ніколі не паведамляць аднаразовы SMS-код, лагін і пароль ад мабільнага або інтэрнэт-банка, а таксама поўныя рэквізіты карты.

«Супрацоўнікі банка ніколі не запытваюць поўны нумар карткі, тэрмін яе дзеяння, CVC/CVV код, паролі ад інтэрнэт-банка, аднаразовыя коды СМС для пацверджання аперацый або змены сакрэтных параметраў доступу. Пры неабходнасці — могуць папрасіць назваць толькі 4 апошнія лічбы карткі. Калі вам тэлефануюць з просьбай паведаміць канфідэнцыйную інфармацыю і тым больш смс-коды — гэта дакладна ашуканцы», — тлумачаць у Прыёрбанку.

Просьбы «сваякоў» і «чорныя» пакупнікі

У апошні час аферысты актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі. Скажам, могуць звярнуцца да патэнцыйнай ахвяры з акаўнта яго сваяка або знаёмага. Для гэтага профіль ўзломваюць або ствараюць «двайніка». Як правіла, просьба гучыць бяскрыўдна: дапамагчы з атрыманнем грошай (маўляў, карта пратэрмінаваная), але для гэтага патрэбныя рэквізіты. Альбо, наадварот, могуць папрасіць пазычыць грошай і перавесці іх на свой рахунак.

«Пры паступленні такой просьбы не варта спяшацца яе выконваць. Неабходна звязацца са знаёмым або сваяком і асабіста пераканацца ў тым, што ён сапраўды просіць дапамагчы», — раяць у Прыёрбанку.

У зоне рызыкі знаходзяцца аўтары аб'яваў на анлайн-пляцоўках па продажы рэчаў. Ашуканцы могуць прапаноўваць аплаціць пакупку па карце, для чаго запытваюць ўсе даныя карты прадаўца і SMS-коды. Альбо ж просяць пацвердзіць атрыманне пераводу на сумнеўнай старонцы.

«Трэба памятаць, што для залічэння пераводу на картку дастаткова толькі яе поўнага нумара. Іншыя рэквізіты ня патрабуюцца. І ўжо дакладна атрымальнік пераводу не павінен нічога пацвярджаць, аплачваць камісію за перавод і, адпаведна, ўводзіць аднаразовы код альбо «уваходзіць у Інтэрнэт-банк» па атрыманай спасылцы. Калі такая просьба паступае, вас хочуць абрабаваць», — звяртаюць увагу эксперты.

Невядомыя «пераводы» і нечаканыя «выйгрышы»

Яшчэ адна пагроза — фішынгавыя сайты. Іх выкарыстоўваюць для атрымання логіна і пароля ад асабістага кабінета, а таксама сакрэтных параметраў. Схемы могуць быць рознымі: напрыклад, паступае паведамленне аб грашовым пераводзе, пацвердзіць які прапануюць па спасылцы. Адкрытая старонка будзе дакладнай копіяй ўваходу ў інтэрнэт-банк, што можа збіць з панталыку. Пасля ўводу логіна, пароля і іншых сакрэтных параметраў на пабочным сайце яны становяцца даступнымі зламысніку. Страт у такім выпадку не пазбегнуць.

Наіўным, але ўсё яшчэ актуальным прыёмам застаюцца «нечаканыя выйгрышы». Чалавека пераконваюць у нечуваным шанцаванні, але для атрымання прыза трэба аплаціць камісію. Справа заканчваецца крадзяжом пераведзеных грошай.

Часам ашуканцы просяць аформіць крэдыт на сваё імя для іншага чалавека. За дапамогу абяцаюць узнагароду і нават робяць першыя ўнёскі, але на справе пакідаюць чалавека з нявыплачаным абавязкам.

«Каб не стаць ахвярай махляра, не трэба паведамляць трэцім асобам свае персанальныя даныя, поўныя рэквізіты карты, паролі або SMS-коды ад банка. Калі гэта ўсё ж адбылося, неабходна неадкладна звязацца з банкам і заблакаваць картку. Калі грошы ўжо выкрадзеныя, то не варта марудзіць з заявай у праваахоўныя органы. Што тычыцца крэдытаў, то ні ў якім разе не трэба афармляць іх для трэціх асоб», — раяць у Прыёрбанку.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930