Даслаць навіну
Знайсці
05.03.2020 / 12:58 13

«Гуляеце ўвесь дзень, а вам яшчэ і грошы плацяць». Дзяўчаты з Wargaming — пра працу ў ІТ, любімыя гульні і беларускую мару «замуж за праграміста»

World of Tanks — самая вядомая беларуская гульня. Па ўсім свеце ў «танчыкі» завісае больш за 160 мільёнаў чалавек. Мужчыны ў асноўным. Але сярод тых, хто дапамагае распрацоўваць WoT, нямала дзяўчат. Мы пагутарылі з імі пра працу ў ІТ, любімыя гульні, стэрэатыпы і беларускую мару пра жаніха-праграміста.

«Працавала на падшыпнікавым заводзе і засумавала»

Павялічыць

Энергетык з адукацыі Алена Сталыгва раней працавала на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Трапіла туды на размеркаванне пасля БНТУ. І засумавала.

«Напэўна, таму, што я прывыкла шмат вучыцца, а на звычайнай працы зусім іншыя задачы. Я вырашыла пашукаць тое, што мне цікава. Успомніла, што заўсёды была з камп’ютарам на ты, захаплялася гаджэтамі, і падумала: чаму б не? Падчас размеркавання я пайшла на перападрыхтоўку ў БНТУ на праграміста-вэб-дызайнера. Паўтара года, вячэрняе навучанне. Па адчуваннях перападрыхтоўка была цяжэйшая, чым першая вышэйшая адукацыя. Было шмат практыкі, дамашняй работы».

Пасля дзяўчына скончыла курсы па спецыяльнасці UX-дызайнера і ўладкавалася на сваю першую працу ў ІТ. Кажа, што знайсці работу было нескладана — складаней утрымацца на ёй. Трэба пастаянна навучацца.

Мінскі цэнтр распрацоўкі Wargaming стаў другой Ленінай кампаніяй. Тут яна робіць інтэрфэйс для WoT. 

«Паколькі наша кампанія вельмі вядомая, звычайна ўсе адказваюць захопленым «воў», калі даведваюцца, дзе я працую. А таксісты адразу пачынаюць скардзіцца, што танк стаў слабым», — усміхаецца дзяўчына.

Сярод цікавых праектаў, над якімі яна працавала, — магчымасць наносіць на танк розныя камуфляжы, фарбы, надпісы, эмблемы. Гэтую опцыю развівалі два гады. Іншы праект — мінулагодні анлайн-марафон, прымеркаваны да 75-годдзя высадкі ў Нармандыі.

Павялічыць

«Мы кожны дзень паказвалі гульцам новы цікавы гістарычны факт пра яе. Гэта высадка адбывалася ў складаных умовах, і, каб адзін бок мог абараняцца, а другі нападаць, трэба было быць вельмі вынаходлівым. На базе танкаў рабілі і агнямёты, і масты, прыдумлялі танкі, якія ўмелі плаваць», — расказвае Алена.

Сама дзяўчына ў танкі гуляе практычна штодзень.

«У мяне каля 5000 баёў. Мне падабаецца гуляць на ЗТ і цяжкіх танках. На лёгкіх — па настроі. Любімыя танкі — scorpion G, Chrysler GF, elc even 90. Я атрымліваю задавальненне ад гульні, у мяне няма прафдэфармацыі.

Наогул, я з дзяцінства гуляю. Памятаю, як мы запісвалі гульні на дыскеты: разбівалі на дзве часткі і двойчы насілі. З апошняга — праходзіла Detroit. Вельмі цікавая і актуальная гульня на PlayStation пра андроідаў, якія дапамагаюць людзям. У Assassin’s Creed люблю пагуляць, у «Ведзьмара». Чакаю «Кіберпанк 2077».

Ленін муж не супраць яе захаплення: ён і сам любіць камп’ютарныя гульні. Працуе 3D-мастаком у «танкавай» кампаніі, дзе яны і пазнаёміліся.

Хапае ў дзяўчыны захапленняў і не звязаных з камп’ютарам.

«Цяпер, напрыклад, мне цікава астралогія, як бы гэта дзіўна ні гучала. Хаджу таксама на малюнак, на кампазіцыю, на курсы па крэатыўнасці. Яны ўсе пашыраюць свядомасць. І займаюся спортам, бо ў нас сядзячы лад жыцця».

Алена расказвае пра стэрэатыпы аб сваёй прафесіі.

«Аднойчы мяне забіраў таксіст з працы і сказаў: канечне, вы там сядзіце, гуляеце цэлы дзень, а вам за гэта грошы плацяць. На што я яму: ну канечне, вы ж цэлы дзень катаецеся па горадзе, і вам за гэта грошы плацяць. Пасмяяліся.

Яшчэ заўважаю, што многія людзі не з ІТ думаюць, што ёсць толькі праграмісты і тэсціроўшчыкі. Насамрэч вельмі шмат спецыяльнасцяў у ІТ: і моўшн-дызайнеры, і дызайнеры эфектаў — бясконцы спіс».

«Праграмістаў не цікавяць паходы ў дарагія рэстараны — іх цікавяць алгарытмы»

Павялічыць

Соф’я Чабанава — кіраўніца UX-лабараторыі мінскага цэнтра распрацоўкі Wargaming. У гэтую лабараторыю запрашаюць гульцоў, каб пратэсціць абнаўленні «танкаў». Стаць удзельнікам даследавання можа любы. 

«Усе нашы гульцы знаходзяцца ў роўных умовах. Мы дасылаем ім запрашэнне, яны могуць запоўніць анкету. За год запрашаем прыкладна 2000 чалавек, — расказвае дзяўчына. — Я дапамагаю зрабіць гульню зразумелай і простай. Мая каманда — сувязнае звяно паміж распрацоўшчыкамі і карыстальнікамі. Я павінна сабраць зваротную сувязь аб’ектыўна. І распрацоўшчыкі ўжо змірыліся з тым, каб мяне не забіваць, калі вынікі даследавання іх не радуюць (усміхаецца)».

Дагэтуль дзяўчына працавала ва ўніверсітэце, дзе кіравала падобнай лабараторыяй, але ў ёй праводзіліся даследаванні ў асноўным простых сайтаў. Гульні сталі для яе чэленджам.

«Паколькі мы ў СНД рабілі гэта першымі, то прабіраліся праз неаранае поле, раіліся з нашымі калегамі за мяжой», — кажа яна.

Соф’я родам з Піцера. Вучылася ў фізматшколе, пасля ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «прыкладная інфарматыка ў галіне мастацтваў і гуманітарных навук».

А вось у гульні ў дзяцінстве завісала рэдка.

«Пецярбург — гэта горад крыху пра іншае, — усміхаецца Соф’я. — Там ёсць шмат месцаў, куды схадзіць, — музеі, тэатры. Гэта наклала адбітак. У мяне Эрмітаж проста ў суседнім доме знаходзіўся, таму мы з сяброўкамі хадзілі туды на выходных».

У Мінску дзяўчына жыве восьмы год — пераехала дзеля працы ў Wargaming. Баялася, што беларуская сталіца будзе правінцыйнай — аказалася, дарма.

«З таго, што мне асабліва тут падабаецца, я б вылучыла чысціню, захаванне правіл дарожнага руху, дранікі з халадніком і азёрны край на поўначы краіны»,

— дзеліцца Соф’я.

А вось музеяў у Мінску ёй не хапае.

«Часам лётаю ў Пецярбург, у Вену ў оперу. У гэтым годзе хадзіла на навагодні баль у Вялікі тэатр Беларусі, рыхтавалася тры месяцы да танцаў».

Беларускую мову Соф’я добра разумее, хоць, заўважае, і не часта чуе яе ў горадзе. Кажа, калі і не ведае нейкае слова, то стараецца здагадацца па кантэксце.

Павялічыць

Ці шмат часу яна сама гуляе ў «танчыкі»?

«Я стараюся правесці хаця б 10-15 баёў на тыдзень. Не вельмі люблю гуляць на «цяжах». Мне больш падабаюцца сярэднія ці лёгкія танкі: ты хуценька прыехаў, пастраляў і збег. Я разумею, што, калі стратэгічную гульню будаваць на карце, на высокіх лэвалах, «цяж» — вельмі захапляльны танк, але для мяне ён занадта павольны».

Большасць супрацоўнікаў кампаніі — мужчыны, але ў камандзе Соф’і дзве траціны — дзяўчаты.

«Я б і хацела наймаць больш маладых людзей, але, на жаль, няма такіх, якія б і цікавіліся гульнямі, і разумелі ў маркетынгавых даследаваннях, псіхалогіі, ІТ, і па-ангельску размаўлялі. Дзяўчаты з усім гэтым разам спраўляюцца ў сярэднім лепш, чым хлопцы. Апошніх звычайна падводзіць або псіхалогія, або ангельская. І яшчэ адзін кірунак, які для нас важны, — гэта user experience. Яму нідзе не вучаць, і трэба самому чытаць кніжкі і разбірацца, што гэта такое. Хлопчыкам, відаць, уседлівасці не хапае. Гэта мае здагадкі.

Ведаю, што спрабуюць казаць, што жанчынам складаней расці ў ІТ. Шчыра, мне здаецца, гэта якраз тая сфера, у якой твой розум вырашае многае. Я ні разу не сутыкалася з абмежаваннямі ці спробамі сказаць «дзяўчына, тваё месца на кухні, ідзі вары боршч».

Прыклад маёй каманды паказвае, што цікаўнасць, уседлівасць і працавітасць дзяўчат дапамагаюць ім дамагчыся нашмат большага, чым мужчынам».

Пракачваць адукацыю ў ІТ даводзіцца пастаянна. Соф’я кажа, што лепшы варыянт — заняткі з трэнерам і навучанне маладых спецыялістаў. Добрую кніжку яшчэ паспрабуй адшукаць: многія — гэта проста прыгожыя гісторыі поспеху. 

Пра мару беларускіх жанчын — знайсці мужа-праграміста — Соф’я жартуе: усё не так проста.

«Памятаю, як прыйшла да свайго майстра па бровах, а яна расказвае: вось, учора пазнаёмілася з айцішнікам, але ён такі дзіўны, кветак мне не дорыць. Я тлумачу: ён праграміст. Яго не цікавяць паходы ў дарагі рэстаран, брэндзіраваныя рэчы — яго цікавяць ягоныя алгарытмы.

Табе трэба своечасова пакласці чыстую футболку ў тое месца, дзе ляжаць футболкі, каб ён яе ранкам надзеў.

Гэта чалавек больш закрыты, выцягнуць яго на вечарыну дастаткова складана. Яны любяць размаўляць пра складаныя рэчы, канцэпцыі, структуры. Толькі вельмі вялікае самавалоданне і развіццё эмацыйнага інтэлекту такога мужчыны можа дапамагчы ў выбудоўванні адносін. Ёсць вялікая розніца паміж марай і тым, якое насамрэч жыццё з праграмістам дома».

Заробкі дзяўчаты не раскрываюць.

«Гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Нават унутры каманды ніхто не ведае, хто колькі атрымлівае», — тлумачыць Соф’я.

«Жартуюць, што прыйшла сюды, каб знайсці жаніха»

Павялічыць

98% гульцоў у танкі — мужчыны. А ў сацсетках на іх пытанні і прэтэнзіі адказвае дзяўчына. Надзея Канавалава працуе ў World of Tanks СММ-менеджарам. Расказвае, што дзяўчатам-гульцам у іх пабліку лёгка стаць папулярнымі. Дастаткова напісаць штосьці па тэме — адразу збярэш кучу лайкаў і каментароў.

Сярод гульцоў шмат цікавых персанажаў.

«Напрыклад, быў механік Белавіі, майстар, які скрафціў для нашай кампаніі цэлы танк з жалезу, — пералічае Надзея. — У нас вельмі шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй ваеннай тэхнікі — інакш адкуль усе гэтыя крыкі «негістарычна, дзе вы бачылі гэты танк». Фактычна да любой лакацыі і танка могуць прычапіцца і сказаць: такога не было».

Працаваць сюды Надзея прыйшла пяць год таму.

«Якраз у той час, калі гэта стала мэйнстрымам, — жартуе яна. — Я думаю, раней сказалі б: о, класна, танчыкі, раскажы, як там што. А зараз такія: а, ну ў мяне знаёмы ў Epam, што тут такога. Гэта стала больш звыклым».

Дагэтуль дзяўчына працавала маркетолагам, займалася СММ, пісала артыкулы пра камп’ютарныя гульні і кіберспорт. І сама абажала гульні.

«Я калісьці ў дзяцінстве хадзіла ў камп’ютарны клуб — ён быў у першым пад’ездзе майго дома, у падвале, — і маёй першай гульнёй была Diablo II.

У анлайн-гульні я амаль не гуляла, бо яны ўсе патрабавалі вельмі шмат часу. Але ў 2012 годзе я зарэгістравалася ў «танчыках», там яшчэ быў прымітыўны інтэрфэйс у параўнанні з сучасным, усё вельмі просценька. Мне падабалася гуляць на арце, бо гэта практычна марскі бой».

Надзея прызнаецца, што калі ёсць вольны час, то можа засесці гуляць на ўсе выходныя. Цяпер вось праходзіць Hades.

Сярод іншых хобі дзяўчыны — фатаграфія, падарожжы і стральба з лука. Стральбой дзяўчына сур’ёзна займалася некалькі год, нават была ў клубе. У вольны час яна таксама аднаўляе домік за горадам, які застаўся ад прабабулі.

Павялічыць

Да стэрэатыпаў пра працу ў ІТ Надзея ставіцца з гумарам.

«Часам жартуюць, што прыйшла сюды, каб знайсці жаніха. На самай справе, я лічу, што дзяўчаты ў ІТ часцяком нашмат больш зайздросныя нявесты»,

— заўважае Надзея.

Яна працуе ў чыста мужчынскім калектыве, разам з ёй у кабінеце адны хлопцы.

«Мне вельмі з імі пашанцавала. Пра мужчынскія калектывы звычайна расказаюць нейкія жахі, але мае хлопцы мяне, мусіць, берагуць ад гэтага».

На святы дзяўчыну завальваюць кветкамі. Кажа, што аднойчы падарылі такі вялізны букет, што давялося купляць вядро, каб давезці ўсё дадому.

У Wargaming, як і ў многіх ІТ-кампаніях, шмат рэлакс-зон. Але, запэўнівае Надзея, работнікі не завісаюць там цэлымі днямі, як можа падацца, большую частку дня ўсе працуюць.

«Я часам спрабую выбрацца ў рэлакс, каб перавесці дух, але і там людзі звычайна працуюць — збіраюць мітынгі. Максімум пару разоў на тыдзень кладуся ў масажнае крэсла і прашу: так, усё, не чапайце мяне», — усміхаецца дзяўчына.

З намі Надзея гутарыць па-беларуску. Родную мову яна добра ведае дзякуючы бацькам-фатографам.

«Да 10 гадоў я размаўляла выключна па-беларуску з сям’ёй і сябрамі, потым стала мець больш зносінаў са знешнім светам і перайшла на рускую мову. Але ў мяне ёсць сябра з Мурманска, які вельмі зацікавіўся вывучэннем беларускай мовы і гісторыі, мы з ім час ад часу размаўляем».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

4
Гензо / адказаць
05.03.2020 / 23:30
Оторванность от реальности и проблемы с психикой - вот и все удовольствия от компьютерных игр .
3
Satan / адказаць
06.03.2020 / 08:18
Несцераў , патамушта я классный. И меня все любят. А еще у меня три любовницы в двух странах.
0
Максим Дизайнер / адказаць
11.03.2020 / 12:40
пилот , Что ты несешь, атеист, вместе со своим Левитанским?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30