Знайсці
25.02.2020 / 16:2515РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Годзе хаваць «Купалу»!

Фота Сяргея Гудзіліна

Віктар Марціновіч на budzma.by пра прычыны, з-за якіх фільм «Купала» Уладзіміра Янкоўскага дагэтуль не паказаны.

Я не разумею, што адбываецца з кінастужкай пра нашага класіка.

У мяне ствараецца трывалае адчуванне, што Янку Купалу, ягоную постаць, ягоную біяграфію, ягоны лёс ці то забаранілі, ці то паклалі на паліцу. Сітуацыя, калі кінакрытык піша, што «аўтары наклалі часовую забарону на водгукі і рэцэнзіі адносна стужкі», — гэта нейкі анекдот.

Я не магу сабе ўявіць, каб я з геапалітычных прычын прыдумаў накласці «часовую забарону» на водгукі і рэцэнзіі адносна майго новага рамана, у мяне проста не паўстае ў галаве такіх вось разваротаў.

То глядзіце, што мы маем.

Ёсць кіно, на вытворчасць якога пайшло багата грошай — 1,5 мільёна даляраў. У межах сусветнай кінавытворчасці — гэта нішто, але для беларускай медыцыны, напрыклад, сума ладная. Апарат МРТ можна купіць у абласны шпіталь.

Гэтае кіно было знятае, паказанае «Аляксандру Лукашэнку» «і ўсім найвышэйшым дзяржчыноўнікам», атрымала, што характэрна, ад іх «станоўчыя водгукі» — і… усё!!!

«Масавы пракат жа па Беларусі перанеслі на лістапад 2020 года, каб фільм паспеў трапіць на міжнародныя фестывалі і каб не правакаваць нападкі з боку крамлёўскай прапаганды», — піша нам паслухмяны кінакрытык, які раней паведаміў пра «часовую забарону на водгукі і рэцэнзіі адносна стужкі».

І вось тут у мяне ўзнікаюць два пытанні.

Па-першае:

Якім чынам пракат у кінатэатрах можа паўплываць на міжнародныя фестывалі? Хіба пракат «Крышталя» Дар’і Жук замінаў вылучыць кіно на «Оскар»? Дык не, не замінаў. Хіба пракат «Возера Радасці» ў Беларусі замінае фільму збіраць узнагароды на міжнародных фестывалях? Дык не, не замінае.

І не можа замінаць!

Адзінае, што аўтаматам вядзе да «дыскваліфікацыі» кіно на міжнародных фестывалях, — з’яўленне ягонай копіі ў сеціве. Дык пры чым тут фестывалі да паказу кіно народу?

Што да другой агучанай прычыны «арыштаванага Купалы» — «каб не правакаваць нападкі з боку крамлёўскай прапаганды», — дык не трэба ля-ля!

Калі б здымалася нешта, вартае нападак крамлёўскай прапаганды, нам бы распавялі гісторыю палымяных адносінаў Купалы з НКУС і савецкай дэбухай. Але гэтага ў фільме не можа быць. Не таму, дарэчы, што аўтары вырашылі не распаляць крамлёўскую прапаганду, а таму, што яны вельмі добра ўсведамлялі, што кіно будзе найперш паказанае ўсім тутэйшым «найвышэйшым дзяржчыноўнікам» — і пад «усімі» маецца на ўвазе і сілавы блок, які шмат у чым лічыць сябе нашчадкам справы Дзяржынскага і Берыі.

Дарэчы, сама гэтая фраза пра «правакаванне» «крамлёўскай прапаганды» ёсць не чым іншым, як нагнятаннем пэўных настрояў вакол гісторыі, таго ну зусім не вартай.

І калі кіно здымалася для таго, каб вярнуць краіне смак свайго, дык ці не найлепшы момант цяпер? Навошта чакаць восені 2020-га, калі «ідэалагічнасць» фільма не хаваецца? У чым сэнс ідэалогіі пасля таго, як выбары ўжо прайшлі?

Нарэшце: нягледзячы на тое што прадукт гэты рабіўся на дзяржаўнай кінастудыі, у яго ёсць рэжысёр, каманда, акцёры, аўтар сцэнарыя. І ніхто і ніколі не скажа, што вось гэтыя людзі і ёсць рэспубліка Беларусь. Ці хаця б ідэалагічны аддзел Адміністрацыі прэзідэнта.

То мне вельмі цяжка ўявіць сабе сітуацыю падаражання газу ці яшчэ большага (куды болей?) пагаршэння сітуацыі з нафтай праз тое, што ў пракат выйшаў фільм «Купала» пра чалавека, які пісаў вершы на беларускай мове (іншай «крамолы» ад Купалы чакаць дарэмна).

То прычыны тут глыбейшыя за дзве афіцыйна агучаныя.

Тут нешта сістэмнае, на ўзроўні светапогляду.

Ну, гэта як дамінаванне ананімнай гарадской скульптуры ў краіне, якая, здавалася б, зацікаўленая ў станаўленні новага пантэону гістарычных герояў. І замест помнікаў Вітаўту, Рэйтану ці Жыгімонту нам прапануюць статуі краўцоў, коней і бабак-Камаровак.

Каб не ствараць сімвалічнай канкурэнцыі наяўнай героіцы.

Але сітуацыя, што склалася з «Купалам», непрымальная.

Людзі, ды гэта проста сорамна!

У любы час нехта наважыўся ўсхваліць нацыянальнага песняра, стварыў твор мастацтва ў ягоную ласку — і што? Забаяўся яго агучваць? Запускайце «Купалу» ў пракат! Героі Беларусі належаць усім людзям, а не тым, што ўваходзяць у першае кола санкцыянаванага прагляду!

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера