Знайсці
23.02.2020 / 22:258РусŁacБел

Каранавірус у Італіі: каранцін у гарадах, Тыдзень моды без гледачоў, зачынена «Ла Скала», а карнавал адмяняецца

corriere.it

Італія ўводзіць надзвычайныя захады па прадухіленні распаўсюду каранавіруса ў сувязі з самай сур'ёзнай успышкай у Еўропе: колькасць захварэлых у краіне перавысіла 150, з іх 110 у Ламбардыі і 21 у Венета. Дзясяткі гарадоў на каранціне, адменены Венецыянскі карнавал, мадэльер Джорджыа Армані вырашыў правесці паказ у пустой зале, піша Бі-бі-сі.

Прэм'ер-міністр Джузэпэ Контэ абвясціў пра новыя меры ў суботу пасля таго, як стала вядома, што двое італьянскіх грамадзян памерлі ад гэтага захворвання.

78-гадовы мужчына з пацверджаным дыягназам «каранавірус» памёр у правінцыі Венета, а 77-гадовая жанчына памерла ў Ламбардыі (пра тое, што ў яе быў вірус, стала вядома толькі пасля ўскрыцця).

23 лютага ўлады Італіі пацвердзілі трэці выпадак: ад каранавіруса памерла пажылая жанчына, што лячылася ад раку ў адной з бальніц горада Крэма, за 45 км на ўсход ад Мілана.

11 гарадкоў у гэтых дзвюх паўночных правінцыях зачыненыя на каранцін. Каля 50 тыс. мясцовых жыхароў атрымалі прадпісанне ад уладаў не выходзіць з дому.

Як растлумачыў прэм'ер-міністр, без спецыяльнага дазволу з гэтага часу забаронена ўваходзіць або пакідаць зоны, дзе быў зафіксаваны новы вірус.

У гэтых раёнах адменены заняткі ў школах і ўніверсітэтах і царкоўныя набажэнствы, зачыненыя музеі, адмененыя ўсе спартыўныя мерапрыемствы, уключаючы чатыры матчы чэмпіянату Італіі па футболе (Серыі А), якія павінны былі адбыцца ў гэтую нядзелю.

Сачыць за выкананнем каранцінных мер даручана паліцыі і, пры неабходнасці, арміі.

Італьянскія ўлады асцерагаюцца, што вірус ужо вырваўся за межы ізаляваных ачагоў у Ламбардыі і Венета, што абцяжарвае барацьбу з яго распаўсюдам.

«Ступень заразнасці гэтага віруса вельмі высокая, ён вельмі магутны», — адзначыў кіраўнік аддзела аховы здароўя Ламбардыі Джуліа Галера.

Пакуль незразумела, як у Італіі ўзнікла гэтая ўспышка без бачнай непасрэднай сувязі з людзьмі, якія кантактавалі з прыбылымі з азіяцкіх краін, дзе ўжо зафіксаваныя сур'ёзныя ачагі.

Каранавірус на Тыдні моды ў Мілане

Успышка каранавіруса адбілася на Міланскім тыдні моды: паказ калекцыі Джорджыа Армані, які стаяў у графіку на 16:00 па мясцовым часе ў нядзелю, прайшоў у пустой зале, бо гасцей папрасілі не прыходзіць.

«Гэта рашэнне было прынята з улікам бяспекі саміх гасцей, каб ім не давялося знаходзіцца ў залішне людных месцах», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Як стала вядома ў нядзелю, італьянскія ўлады вырашылі адмяніць два апошнія дні правядзення Венецыянскага карнавала ў панядзелак і аўторак.

Зачынены тэатр «Ла Скала»

Знакаміты міланскі тэатр «Ла Скала» ў нядзелю абвясціў, што прыпыняе працу з-за распаўсюджвання каранавіруса — у якасці меры засцярогі. Паведамленне пра гэта з'явілася на афіцыйнай старонцы тэатра ў «Фэйсбуку». Закрыты і Кафедральны сабор у Мілане.

Еўракамісар: «Не трэба панікі»

Улады Еўрасаюза заклікаюць не панікаваць. Камісар ЕС па пытаннях эканомікі і фінансаў Паола Джанцілоні, знаходзячыся на сустрэчы фінансавых лідараў «Вялікай дваццаткі» ў Саудаўскай Аравіі, паведаміў журналістам: «Еўрасаюз цалкам давярае ўладам Італіі і рашэнням, якія яны прымаюць».

«Мы таксама занепакоеныя магчымым распаўсюджваннем віруса, але няма патрэбы панікаваць», — дадаў камісар.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930