Знайсці
24.02.2020 / 11:5816РусŁacБел

З партыі Жырыноўскага: чалавек пабыў віцэ-губернатарам у Расіі, а цяпер стаў намеснікам старшыні аблсавета ў Беларусі

Ён родам з Беларусі, зрабіў кар'еру пры Жырыноўскім, а пасля вярнуўся ў Беларусь. Расійскі губернатар, у якога ён быў намеснікам, пазней працаваў на высокай пасадзе ў самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспубліцы. Тым часам герой нашага матэрыялу дарос у Беларусі да тых самых пасад, на якіх ён працаваў у Расійскай Федэрацыі.

Аляксандр Хрыстафораў быў памочнікам Уладзіміра Жырыноўскага. І, калі кандыдата ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі абралі губернатарам Пскоўскай вобласці Расіі, ён стаў яго намеснікам. Цяпер Хрыстафораў — старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Больш за тое, стаў намеснікам старшыні абласнога савета народных дэпутатаў.

На незвычайную гісторыю звярнуў увагу вядучы суполкі «Усё аб Дуброўне» Віктар Бугаёў. Ён змясціў два здымкі чыноўніка. На адным на пінжаку Хрыстафорава расійскі сцяжок, на іншай — дзяржаўны сцяг Беларусі.

Аляксандр Хрыстафораў. Фота vitvesti.by.

«Як думаеце, з якой краіны гэты чыноўнік: Беларусі ці Расіі?» — задаецца пытаннем Бугаёў. Насамрэч абодва адказы правільныя.

Аляксандр Хрыстафораў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Віцебску. Ён скончыў тамтэйшы ветэрынарны інстытут. Доўгі час працаваў у сельскай гаспадарцы, быў дырэктарам саўгаса. Але з 1995 года Хрыстафораў перабраўся ў Расію.

Віцебскі чыноўнік расказаў «Нашай Ніве» як так атрымалася, што ён пабыў чыноўнікам у абедзвюх краінах. «Калісьці даўно па шэрагу прычын я з’ехаў у Маскву, каб дапамагчы свайму таварышу, які стаў дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расіі.

Неяк справы ў мяне там пайшлі, так і застаўся ў Расіі, адпрацаваў там чатырнаццаць гадоў. Працаваў і ў Дзяржаўнай Думе, і ў структуры СНД за часам Барыса Беразоўскага (з'яўляўся выканаўчым сакратаром СНД ў 1998—1999). Я быў нават намеснікам губернатара Пскоўскай вобласці, — расказвае Аляксандр Хрыстафораў. — Калі трапіў на гэтую пасаду, то скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Расіі, вучыўся ўсе пяць гадоў, а не двухгадавыя курсы, як у Беларусі».

Хрыстафораў зрабіў кар'еру праз расійскую Ліберальна-дэмакратычную партыю. Гэта ўльтранацыяналістычная палітычная сіла, якая падтрымлівае ўладу.

«Дастаткова працяглы перыяд на грамадскіх пачатках я пабыў памочнікам Уладзіміра Жырыноўскага. Што сказаць, па партыйным даручэнні гадоў пяць узначальваў філію ЛДПР у Пскоўскай вобласці», — расказаў «Нашай Ніве» Хрыстафораў. 

Калі намеснік галоўнага рэдактара газеты «Правда Жириновского» Яўген Міхайлаў зрабіўся губернатарам Пскоўскай вобласці, Хрыстафораў стаў ягоным намеснікам. Цікава, што Міхайлаў з часам пяройдзе з ЛДПР у «Адзіную Расію», а пасля ў партыю «Радзіма». З пскоўскай пасады ён сышоў у 2004 годзе, працаваў памочнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі. У 2014-м адправіўся ў «Данецкую народную рэспубліку», працаваў кіраўніком спраў савета міністраў гэтага марыянеткавага ўтварэння.

Фота informpskov.ru.

А шлях Хрыстафорава пайшоў у іншым кірунку. 

«Я абіраўся дэпутатам Заканадаўчага сходу Пскоўскай вобласці, быў намеснікам старшыні. А ў 2010 годзе па сямейных абставінах вярнуўся назад у Беларусь», — працягвае Хрыстафораў.

Сам чыноўнік кажа, што пры вяртанні ў Беларусь ён вярнуў сабе беларускае грамадзянства, пры гэтым адмовіўся ад расійскага. «Тут я пачаў будаваць кар’еру наноў. Спачатку стаў дарадцам старшыні Віцебскага аблвыканкама [Аляксандра Косінца — «НН»], а потым мне прапанавалі камітэт па працы і занятасці насельніцтва. Я ўжо ў другі раз абіраюся дэпутам абласнога савета дэпутатаў, і, як і ў Расіі, з’яўляюся намеснікам яго старшыні».

Хрыстафораў хваліцца сваімі дасягненнямі на новай пасадзе. «За апошнія гады наш камітэт па ацэнках Міністэрства працы тройчы займаў другія месцы, а яшчэ чатыры разы першыя. Досвед расійскай працы мне прыдаўся ў Беларусі, таму ўсё тут выдатна атрымліваецца».

«Гэта сапраўды ўнікальна. І справа нават не ў чынавенстве, але і ў дэпутацтве. Там я тройчы абіраўся дэпутатам, і ў Беларусі ўжо два разы. Адзінае, што я тут не быў намеснікам кіраўніка вобласці», — жартуе Хрыстафораў.

Цяжка ўявіць сабе, каб у нейкай еўрапейскай дзяржаве прынялі на дзяржаўную службу чалавека, які зрабіў кар'еру ў ультранацыяналістычнай расійскай партыі, а пасля на дзяржслужбе ў Расійскай Федэрацыі.

Беларускую мову Хрыстафораў выдатна разумее, хаця сам размаўляў па-руску, толькі напрыканцы размовы сказаў: «Поспехаў».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера