Знайсці
18.03.2009 / 13:078РусŁacБел

Адам Глобус. «...Толькі прыйдзе адліга, і мы павымаем з-пад лавы цяжкія сякеры».

Сёння і ў наступныя дні гэтага тыдня ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН штодзень публікуем па адным добрым і трохі падзабытым творы з даробку «Тутэйшых» — суполкі, што рэвалюцыянізавала беларускую літаратуру на выхадзе з СССРу. Лідэрам і зоркай «Тутэйшых» быў паэт Адам Глобус.

Гэты верш Адама Глобуса ўкладальнік, Сяргей Дубавец, змясціў у зборніку «Тутэйшыя» (1989).

У 1980-я Глобус сваім падкрэсленым урбанізмам пікіраваўся з вясковым мэйнстрымам белсаўліту. Тут ён таксама піша пра Заходнюю Беларусь Вільні, не вёскі, як большасць ягоных папярэднікаў (але не Гарэцкі).

Глобусу ўвогуле ўласцівы гістарыцызм. Ён гістарычная жывёліна (які кантраст з агістарычным племем бумбамбомаў). Верш «1939. Вільня. Слова беспрацоўнага» не проста гістарычны, не проста адтварае атмасферу Заходняй Беларусі 1930-х (робіць тое некалькімі штрыхамі — лаканічнасць, роўная Танкавай з ягоным «Хтось «Мацюся» хрыпла запеў Пад струны гавайскай гітары», але 30-гадовы Глобус яшчэ цягнецца да складанейшых паэтычных рытмаў). Гэты верш вялікшы ў сваёй валентнасці — Вільня напярэдадні канца заходнебеларускага свету служыць метафарай для перадачы пахмурай напругі, якая завісла ў пыльным Мінску, сярод беларускага пралетарыяту канца 1980-х, наконадні велікага геапалітычнага разлому, што рэзка зменіць жыццё адрасатаў верша. І самога паэта.

* * *

1939. Вільня. Слова беспрацоўнага

Мы яшчэ будзем доўга зацята глядзець з-пад ілба на сумёты,
Не бетонастваралку, насілкі, каменне, рыдлёўкі дый шуфлі...
Па кутох будуць курчыцца, сохнуць, псавацца рабочыя боты,
Памутнеюць і будуць пыліцца ў бытоўцы святочныя куфлі.
У цвікі, у балты, у пракладкі ўваб’ецца, улезе карозія.
Скарабацяцца бочкі з-пад вапны і вёдры з-пад фарбы парожнія.
Нехта будзе бадзяцца, шукаючы праўду і радасць у стоме.
Нехта стане маліцца, забыўшы, што ў Бога не верыць.
Нехта будзе паціху співацца, а нехта – канаць у дурдоме...
Толькі прыйдзе адліга, і мы павымаем з-пад лавы цяжкія сякеры.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Творы выбірае Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930