Знайсці
01.03.2020 / 16:079РусŁacБел

Зіна Фурор, беларуская Верка Сярдзючка, расказала пра поспех мужчыны ў жаночым вобразе

«Вы — Верка Сярдзючка? Дайце памацаць грудзі. Як вы ходзіце на абцасах?» — гэтыя пытанні найчасцей задаюць артысту Яўгену Ермалковічу, які чатыры гады таму выпадкова на вяселлі сваіх сяброў прымераў на сябе жаночы вобраз і нечакана зразумеў, што вось ён, поспех.

«Наша Ніва» пагутарыла з артыстам пра тое, ці запатрабаваны сёння гэты вобраз, колькі грошай зарабляе ён на карпаратывах, і ці не сорамна яму перад бацькамі і сябрамі за тое, што ў яго гардэробе пераважаюць жаночыя сукенкі.

Яўгену Ермалковічу 33 гады. Зараз ён артыст Моладзевага тэатра эстрады.

У тэатры ён заняты ў рэпертуары як артыст Яўген Ермалковіч, а таксама як артыстка арыгінальнага жанру Зінаіда Фурор. Заробак, праўда, атрымлівае толькі на прозвішча Ермалковіч.

Да эпохі Зінаіды Яўген паспеў скончыць будаўнічае вучылішча, затым універсітэт культуры. Працаваў у аркестры Фінберга і ў прэзідэнцкім аркестры.

«У маім жыцці вельмі шмат чаго вырашаў выпадак. Пачынаючы з таго, што я выпадкова стаў студэнтам Універсітэта культуры», — пачынае Яўген Ермалковіч.

Спяваў хлопчык з дзяцінства, займаўся ў розных вакальных студыях. Але ў сям’і, дзе старэйшы брат і бацька былі чыгуначнікамі, а мама працавала ў дзіцячым садку, пра прафесію артыста гутарка не ішла. Трэба было атрымліваць «нармальную» спецыяльнасць.

«Я нарадзіўся і жыў у Алёхнавічах, што ў Маладзечанскім раёне, акурат паміж Мінскам і Маладзечнам. І ў маім ўяўленні заўсёды было, што электрычка едзе наперад у Мінск, а зад — гэта Маладзечна. Я з дзяцінства ведаў, што калі паеду вучыцца, то толькі ў Мінск, наперад», — распавядае Яўген Ермалковіч.

Калі паступіў у будаўнічае вучылішча, удзельнічаў у самадзейнасці. Кіраўнік гуртка параіў Яўгену схадзіць на праслухоўванне ва Універсітэт культуры. Яўген схадзіў. І так стаў студэнтам гэтай установы. Калі хлопец вучыўся на першым курсе, трапіў у тэлевізійнае шоу «Фэст маладых».

«Хаця я аднекваўся, гаварыў, што не пайду, што ў мяне няма шанцаў. Пасля таксама аднекваўся ад прапановы Міхаіла Фінберга, баяўся, што не пацягну працу ў аркестры. У выніку паспяхова адпрацаваў там год, пакуль не стала пытанне: працягваць вучобу, або праз пропускі заняткаў з-за пастаянных гастроляў быць адлічаным. Я выбраў вучобу. Пасля мне прапанавалі пайсці ў якасці бэк-вакаліста да Алесі Ярмоленка. Працаваў з ёй. Ад універсітэта прымусілі пайсці на кастынг у прэзідэнцкі аркестр. І для мяне таксама было абсалютнай нечаканасцю, калі мяне туды прынялі», — расказвае Яўген Ермалковіч.

Яўген адпрацаваў у аркестры тры гады.

«Нас было 10 салістаў, шмат ездзілі, шмат выступалі, на афіцыйных мерапрыемствах шмат разоў выконвалі любімую песню прэзідэнта — «Галіна». Але салістаў вырашылі распусціць. Міністэрства культуры нам сказала, што мы — іх дзеці, што не кінуць нас, усіх працаўладкуюць», — кажа Яўген.

Так Яўген Ермалковіч трапіў у Тэатр эстрады. Цяпер у рэпертуары Яўгена не толькі выступы як саліста. Ён грае галоўныя ролі ў дзіцячых і дарослых спектаклях. Штогод становіцца галоўнай Бабай Ягой на ёлках у Палацы Рэспублікі. Прычым у некаторых спектаклях ён выконвае жаночыя ролі якраз у вобразе Зінаіды Фурор.

«Зінаіда з’явілася ў мяне гады чатыры таму. Я вёў вяселле ў сяброў. Напісаў сцэнар, дзе па сюжэце мажная, каларытная жанчына сустракае гасцей. Папрасіў сыграць гэту ролю сваю сяброўку, а яна ў апошні момант захварэла і адмовілася. У экстранным парадку вымушаны быў пераапрануцца ў жанчыну. І рэакцыя людзей мяне здзівіла. Усе так добра прынялі. З таго часу стаў паўтараць гэты вобраз», — расказвае Яўген.

Першы час на выхад Зінаіды Фурор была ва ўсіх аднолькавая рэакцыя: «О, Сярдзючка прыехала».

«Я заўсёды гэта прыпыняў. У мяне няма нічога агульнага з Сярдзючкай. Адзінае, што нас яднае, тое, што мужчына пераапранаецца ў жанчыну. У Зінаіды Фурор іншыя формы, яны жаночыя, плаўныя. Зінаіда заўсёды носіць прыгожую жаночую прычоску, у яе прыгожы макіяж, шыкоўныя сукенкі. Я ж не апранаю на сябе зорку. І рэпертуар у нас вельмі розны. Канечне, у мяне ёсць нейкія каверы на вядомыя хіты, без гэтага ніяк, але ніводнай песні Веркі Сярдзючкі я не выконваю прынцыпова, каб нас не параўноўвалі. Я не люблю слова травесці. Не, Зінаіда Фурор — гэта сцэнічны вобраз. Ён жыве толькі на сцэне. Я ж не хаджу ў магазін у такім выглядзе», — пераконвае Яўген Ермалковіч.

Хаця прызнаецца, што ўсё ж у макіяжы даводзілася выходзіць на запраўках.

«Я сам на выступы езджу за рулём. Калі за дзень трэба змяніць некалькі пляцовак, змываць макіяж не мае сэнсу. Уявіце сабе карціну. Хлопец з кароткай стрыжкай у мужчынскім адзенні, з нафарбаванымі вачыма прыходзіць на запраўку і просіць бензіну. Канечне, людзі ў шоку. Неяк ехаў на выступ. Я ўжо ў макіяжы, але трэба ж з’явіцца перад публікай пры поўным парадзе. Я з’язджаю з дарогі, пачынаю апранаць азадак, грудзі. І раптам спыняюцца міліцыянеры. Няёмка атрымалася. Я кажу ім, пачакайце, зараз апрану сукенку і парык. Яны пасмяяліся, нават да месца суправадзілі», — смяецца Яўген.

Ермалковіч прызнаецца, што вобраз яго Зіны больш запатрабаваны, чым вобраз артыста Яўгена Ермалковіча.

«У вобразе Зіны ў мяне і канцэртаў болей, і на карпаратывы запрашаюць вядучым, і на тэлебачанні ў нацыянальным хіт-парадзе ўдзельнічаю. Гледачам падабаецца. Пасля канцэртаў, калі ўжо пераапранаюся ў сябе, не раз даводзілася чуць водгукі пра тое, якая артыстка зараз выступала. Людзі не разумеюць, што я мужчына. А я што? Калі я магу ўзмацніць сваю харызму яркім вобразам, то чаму б гэта не зрабіць?» — перакананы Яўген.

Яўген Ермалковіч прызнаецца, што яго выступ на паўгадзіны на вяселлі будзе каштаваць ад 250 долараў.

«Зіна — гэта сур’ёзная работа. Гэта не выхад да публікі ў маміным халаце. Над вобразам Зінаіды працуе цэлая каманда прафесіяналаў. Гэта і візажысты, і стылісты. Зіне адмыслова шыюць дарагія сукенкі, на якія ідзе па пяць метраў тканіны», — расказвае Яўген.

Рост Зінаіды Фурор — 2 метры 10 сантыметраў.

«Гэта мой уласны рост 1,80, абцасы — 10 сантыметраў і галаўны ўбор — 20 сантыметраў. А на карпаратывах хто толькі не хацеў прытуліцца да грудзей! І гэта як правіла жанчыны. Мужчыны саромеюцца», — расказвае Яўген.

Ёсць у праграме Зінаіды Фурор абавязковы нумар, калі з залы выбіраецца адзін добраахвотнік, якому давяраецца місія памацаць грудзі Зінаіды.

«Я пытаюся тады: «Сапраўдныя?» Глядач ківае, ён задаволены. А негатыў, дарэчы, заўсёды сыходзіць ад жанчын. Мяне аднойчы папрасілі пакінуць памяшканне, бо нейкія гламурныя паненкі паскардзіліся, што Зіна адцягвае ўсю ўвагу на сябе. І скардзяцца калегі-жанчыны, што на зборным канцэрце пасля мяне выступаць не будуць, кажуць, што пасля мяне на сцэне рабіць няма чаго. Канечне, бываюць і водгукі, што мужык пераапрануты ў жанчыну — гэта фу. Людзям жа не забароніш гаварыць. Хаця я думаю, што такія водгукі ад таго, што ў чалавека ёсць нейкія свае комплексы. Можа ён таксама б так хацеў, але праз сваю няўпэўненасць не можа, і не можа мне гэтага дараваць», — прызнаецца Яўген Ермалковіч.

Артыст расказвае, што родныя і сябры прымаюць гэты вобраз вельмі цёпла. Ніхто не кпіць з яго.

«Наадварот, тэлефануюць, віншуюць, калі бачаць, што мая песня заняла нейкае месца ў хіт-парадзе. Раяць мяне знаёмым у якасці вядучай. Ёсць у планах паехаць на гастролі ў Амерыку. Толькі наконт сям’і планаў няма пакуль. Мама хвалюецца, але, дзякуй Богу, у мяне ёсць старэйшы брат, які забяспечыў маму ўнукамі. А я заўсёды адказваю: «Я жанаты на Зінаідзе Фурор», — дзеліцца Яўген Ермалковіч.

Ці можа так здарыцца, што Яўген аднойчы адмовіцца ад гэтага вобразу, хлопец не ведае. Таму што ёсць у планах Зінаіды Фурор падаць заяўку на Еўрабачанне.

«Думаю, што я нарэшце дайду да гэтага. Будуць параўноўваць з Сярдзючкай? Ды калі ласка. Мяне больш бы пакрыўдзіла, каб мяне параўноўвалі з Канчытай Вюрст», — адказвае Яўген Ермалковіч.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера