Знайсці
18.02.2020 / 19:1130РусŁacБел

Што насамрэч адбылося ў «Камунарцы»? Расказвае сапраўдны ўдзельнік гісторыі пра гарбату

Мінчук Арамаіс Міракян прызнаўся, што канфлікт праз беларускую мову ў краме «Камунаркі» адбыўся не з ім, а з яго сябрам — Русланам Юсупавым. «Наша Ніва» спытала версію падзей галоўнага героя гэтай гісторыі.

Руслан Юсупаў (злева) і Арамаіс Міракян (у цэнтры) у той самай краме-кавярні «Камунаркі».

Руслан Юсупаў кажа, што яго сябра занатаваў гісторыю дакладна.

«Я папрасіў фруктовай гарбаты, касірка сказала, каб я размаўляў з ёю па-расейску, бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Я заўважыў, што я якраз на дзяржаўнай мове і размаўляю, а не на якой-небудзь іншай — літаральная цытата і гучала «не на кітайскай і не на чэшскай», здаецца. Мне сказалі, што на мяне не выклікаюць ахову проста тут і цяпер толькі таму, што гэта, маўляў, знак павагі. Я папрасіў кнігу скаргаў і прапаноў, мне яе не далі, бо зрабілі выгляд, што мяне не зразумелі, але паклікалі адміністратарку.

Яна абслужыла мяне па-беларуску, за што я ёй удзячны, але ў гэтым не было патрэбы. Я яшчэ раз спытаў кнігу скаргаў, мне сказалі: «Можа, не трэба?» — і я пагадзіўся, палічыўшы інцыдэнт вычарпаным.

Праз нейкую гадзіну, а можа, нават і болей, да нас падышла наведвальніца, якая зрабіла заўвагу за тое, што мы гучна размаўлялі, бо яна, цытата, «чуе, што мы кажам». Я прапанаваў ёй не слухаць, яна абвінаваціла нас у неадукаванасці і сышла. Ці размаўляла яна з адміністрацыяй увогуле, мне невядома», — апісвае інцыдэнт Руслан.

Хлопец заўважае: касірка не зразумела яго замовы і не ўдакладняла, «якой гарбаты» (у афіцыйным лісце «Камунаркі» прыводзіцца такая версія).

Трэба адзначыць, што відэазапіс у краме вядзецца без гуку. Спраўдзіць словы немагчыма.

Руслан таксама сцвярджае, што яго замова па-беларуску не была дэманстратыўнай. У краме з сябрамі, па словах хлопца, ён гутарыў на роднай мове.

Нагадаем, раней у краме-кавярні «Нашай Ніве» расказалі сваю версію тых падзей. Па словах адміністратаркі, якая працавала ў дзень канфлікту, калі прадавачка не зразумела, што ад яе хочуць, яна папрасіла патлумачыць.

«Яе засмуціла слова «гарбата». Я казала персаналу: вы ж ужо вывучыце «гарбату» і «каву»! Але яна неяк разгубілася.

Потым падышла я, спытала, чым магу дапамагчы. Абслужыла яго вельмі ветліва. Спытала, можа, цукар патрэбны, размаўляла з ім на беларускай мове. Словы прадавачкі пра ахову я не чула. Падышла, калі ўжо пакупнік патрабаваў кнігу скаргаў», — каментавала адміністратарка.

Яна дадала, што пасля здарыўся іншы інцыдэнт. Арамаіс з двума сябрамі засталіся ў кавярні, сядзелі там тры гадзіны, гучна размаўлялі і мацюкаліся.

«Вельмі гучна смяяліся. Мы цярпелі гэта. А потым да нас прыйшла пастаянная пакупніца. Узяла кубачак кавы, пірожнае і села за столік. Падышла да іх і зрабіла заўвагу, што яны непрыгожа сябе паводзяць у кавярні. А потым нам сказала: як вы гэта церпіце, у такіх выпадках выклікаюць ахову. Але мы аховай не пагражалі», — казалі ў «Камунарцы».

«Гаварыце па-руску, а то выклічу ахову!» Дзве версіі канфлікту ў краме «Камунаркі»

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера