Знайсці
18.02.2020 / 15:3630РусŁacБел

«Людзі амаль дайшлі да жабрацтва», — Віктар Каліна распавёў пра адмену канцэрта ў Докшыцах і праверку КДБ 

Віктар Каліна пракаментаваў адмену свайго канцэрта ў Докшыцах: выступ меў адбыцца 16 лютага, але ніводнага квітка не прадалі. Спявак катэгарычна абверг чуткі, што адмена канцэрта звязаная з петыцыяй мясцовых жыхароў, якія былі супраць імпрэзы Каліны ў іх горадзе.

«Канцэрт не адбыўся, бо было прададзена недастаткова квіткоў. Залу мясцовага кінатэатра, дзе я збіраўся спяваць, аддзел культуры арандуе за грошы. Але прадпрыемствы не ўзялі квіткі, звычайныя слухачы таксама не куплялі… І арганізатарам было нявыгадна праводзіць выступ. Мне пазванілі з Докшыцаў, спыталі — ці даю я дабро на адмену ці перанос? Я абурыўся, сказаў, што прыеду, што яны не маюць права адмяняць мой выступ. Але мне патлумачылі: адмяняюць не праз нейкую петыцыю, а таму што камерцыйна нявыгадна.

І мы вырашылі, што пераносім канцэрт на восень, з датай вызначымся пазней, — распавёў «Нашай Ніве» Каліна.

— А пра петыцыю ў Докшыцах: Віцебская вобласць — больш за астатніх спачувае «ДНР» і «ЛНР». Яна самая прарасійская, каб вы ведалі. Яна бліжэй за ўсё да Расіі, гэта гістарычныя сувязі.

І паверце, у мяне штогод у Беларусі да 80 канцэртаў. Я бываю на прадпрыемствах, размаўляю з простымі людзьмі, з прафсаюзамі, з кіраўнікамі. І ў Беларусі людзі маюць іншы зусім настрой — гэта вы варыцеся ў нейкім соусе. Якраз людзі спачуваюць «ДНР» і «ЛНР»: не кіраўніцтву гэтых рэспублік, а жыхарам, якіх бамбяць і якія сталі закладнікамі сітуацыі. Ім жа і ва Украіну назад нельга — іх там парвуць. І ў Расіі іх ніхто не чакае. Гэта бедныя людзі, бедны народ. У нас з жонкай сваякі жывуць у Данецку, мы кожны дзень перапісваемся з імі, ведаем настроі людзей, што адбываецца.

Таму размовы, што людзі не прыйшлі на канцэрт праз петыцыю, што я там нібыта за «ЛНР» і «ДНР» — няпраўда. У Докшыцах за год не адбыўся ніводны камерцыйны канцэрт. Гэта такі заняпад, асабліва ў Віцебскай вобласці. Людзям жэрці няма чаго, а тут тыпу хадзі па канцэртах!

Віцебская вобласць самая складаная ў гэтым плане. Артысты ходзяць па прадпрыемствах, прапануюць квіткі — і нічога, нуль. І я разумею мясцовых жыхароў, бо заробак 200-250 рублёў і трэба карміць сям’ю, мужа…

Людзі амаль дайшлі да жабрацтва. Раней у мяне было штогод два аншлагі ў Докшыцах. А цяпер я туды рэдка заязджаю. Апошні мой выступ там быў два гады таму — і ўжо тады было прададзена толькі 68 квіткоў. І гэта было без усякіх петыцый».

Таксама Каліна запэўнівае, што ў іншых гарадах у яго ідуць паспяховыя выступы. Напрыклад, у Слоніме прададзена 350 квіткоў.

«Днямі будзе канцэрт у Пружанах — і там прадалі амаль увесь зал. Вы ж пісалі, што Пружаны пажыццёва забаранілі мне ў іх выступаць! Дык там ужо выбачыліся перада мною, патлумачылі, што наблыталі, — распавядае Віктар Каліна.

— І яшчэ раз пра петыцыі. Зараз і я свабодна выступаю, і дазволілі апазіцыйным музыкам спакойна выступаць, як таму ж Сяргею Міхалку. А вы пішаце, што ў нас няма дэмакратыі!

Я ж не пішу ніякія петыцыі, каб забаранілі таго ці іншага. Бо калі ёсць забароны — вось тады і няма дэмакратыі!

Калі я ў нечым вінаваты, парушыў закон — то гэта праваахоўныя органы мусяць вырашаць! А я нідзе ніколі не ваяваў! Я займаўся гуманітарнай дапамогай — так. Здымаў там [у «ЛДНР» — Рэд.] кліп — так. Але зброя была бутафорская!

Няма падстаў адмяняць мае канцэрты! Няма! Праверылі мае песні, кожны мой тэкст — няма падстаў! Мяне не могуць забараніць! Мяне праверыла КДБ, праверыла МУС — і не знайшлі ніякіх доказаў, што я служыў у ДНР ці ваяваў, ці забіваў людзей, ці адразаў вушы. Каб такое было — я б даўно сядзеў!»

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930