Знайсці
17.02.2020 / 17:598РусŁacБел

Малады ксёндз з Дзятлаўскага раёна памёр ад запалення лёгкіх

17 лютага не стала 35-гадовага ксяндза, адміністратара парафіі ў Наваельні (Дзятлаўскі раён) Паўла Барысевіча. У сухіх паведамленнях не называліся прычыны смерці маладога святара. «НН» высветліла, што здарылася.

Айцец Павел Барысевіч быў родам са Старых Васілішак Шчучынскага раёна. 10 красавіка яму б споўнілася 36 гадоў. Святарскае пасвячэнне Барысевіч прыняў у лістападзе 2010 года з рук біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча.

Пасля гэтага малады святар быў накіраваны вікарыем у парафію святога Юзафа ў Гродне, таксама нядоўгі час быў вікарыем у Ашмянах. У Наваельні айцец Павел служыў ад 2015 года.

Прэс-сакратар гродзенскай курыі ксёндз Юрый Марціновіч паведаміў «НН», што прычынай смерці стала пнеўманія. «Айцец Павел памёр у шчучынскай бальніцы», — адзначыў святар.

Пробашч парафіі Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула кажа, што ў айца Барысевіча былі даўнія праблемы са здароўем. «Ён неаднаразова ляжаў у бальніцы ў Мінску з нагамі», — кажа айцец Пікула.

Галоўны доктар Шчучынскай раённай бальніцы Іван Загароўскі адмовіўся расказваць падрабязнасці захворвання, спаслаўшыся на медыцынскую таямніцу.

Павел Барысевіч будзе пахаваны 19 лютага на парафіяльных смогілках у Старых Васілішках. Развітальная імша адбудзецца а 12-й гадзіне.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера