Знайсці
13.02.2020 / 15:331РусŁacБел

Міліцыя злавіла яшчэ аднаго «жывога чалавека». Яму далі 20 сутак

Прыгоды суполкі «Жывых чалавекаў» працягваюцца. Нядаўна аднаго з адэптаў гэтага руху затрымлівалі на мяжы з Польшчай.

А трохі раней яшчэ аднаго «жывога чалавека» пасадзілі на суткі — ён паказаў міліцыі «пасведчанне кіроўцы СССР новага ўзору».

Пачалося ўсё 1 лютага: на ўездзе ў Гомель ДАІ спыніла аўтамабілі ўдзельнікаў праекта «Варта». Зацікавіліся персанальна адным з кіроўцаў — Аляксеем Елісеевым.

Аляксей Елісееў. Фота Радыё Свабода

«Міліцэйскіх машын было некалькі. Аўто, у якім быў Елісееў, належала сябру Аляксея. Дакументы ён не паказваў, але іх і не прасілі, яму загадалі выйсці з аўтамабіля. Яму прапанавалі праехаць у міліцыю. Казалі, што ў Аляксея няма пасведчання кіроўцы.

На гэта Елісееў адказаў, што пасведчанне ў яго ёсць. Але гэта «пасведчанне Савецкага Саюза новага ўзору», — распавялі сябры Аляксея на канале блогера Сяргея Ціханоўскага.

Тут трэба патлумачыць, хто такі Елісееў і што за дакументы «Савецкага Саюза новага ўзору».

Аляксею Елісееву 39 гадоў. Фармальна ён прадпрымальнік — але ўжо два гады Елісееў прынцыпова не плаціць падаткі і не робіць адлічэнні ў ФСАН, а таксама ігнаруе ўсе дзяржаўныя дакументы. Робіць гэта таму, што лічыць сябе не беларусам, а «жывым чалавекам» і адным з «грамадзянаў БССР».

Яго жонка Вольга лічыць сябе траўніцай, «экспертам па стварэнню абярэжнай вопраткі» і «інструктарам падрыхтоўкі да натуральных родаў».

У Елісеевых шасцёра дзяцей (са славянскімі імёнамі кшталту Радамір, Дабраслаў, Лучазар) і куча даўгоў: у 2019 годзе паведамлялася, што на Аляксея завялі 20 вытворчасцяў, на яго жонку — 8. Таксама Аляксей быў асуджаны на 4 гады «хатняй хіміі» за нясплату падаткаў. У верасні мінулага года да сям'і ўжо прыходзілі арыштоўваць маёмасць. «Толькі па адной выканаўчай вытворчасці Елісееў павінен пакрыць больш за 189 тысяч рублёў шкоды дзяржаве, у дадатак у мужа і жонкі ёсць запазычанасці па крэдытах», — пісаў progomel.by.

Але такія дробязі сям’я Елісеевых ігнаруе.

Аляксей спачатку захапіўся рухам так званых «анастасіеўцаў», ці «Звінячых кедраў Расіі». «Анастасіеўцы» — людзі, якія начыталіся раманаў расійца Уладзіміра Пузакова (Мегрэ) і пачалі будаваць радавыя сядзібы, верыць у сумесь паганства і таннай фантастыкі, захапляцца выдуманымі псеўдаславянскімі традыцыямі.

Але паступова Елісееў усвядоміў сябе яшчэ і «жывым чалавекам». Гэта аб’яднанне людзей, якія лічаць сябе не грамадзянамі Беларусі, а ці грамадзянамі БССР, ці проста «жывымі чалавекамі». Іх пазіцыя: Беларусь не атрымала адпаведныя акты аб ліквідацыі СССР, таму ўсё навокал незаконнае. «Жывыя чалавекі» тэрарызуюць чыноўнікаў, а адзін з адэптаў руху нават паспрабаваў правесці «грамадзянскі арышт» пракуроркі, за што адправіўся на 2 гады ў калонію.

Праект «Варта», сябрам якога і з’яўляецца Елісееў, і канцэнтруе ў сабе вось такіх «жывых чалавекаў».

«Чалавекі» ігнаруюць беларускія пашпарты, замест іх выдаюць самі сабе дакументы, пасведчанні кіроўцаў, нават аўтамабільныя нумары. Усе гэтыя «дакументы» яны друкуюць недзе ў Маскве.

Менавіта такі «дакумент» Елісееў і паказаў даішнікам. Беларускае пасведчанне кіроўцы ў Елісеева скончылася. Па словах яго сяброў, «атрымаць новае ён не можа, бо не прызнае пашпарт Рэспублікі Беларусь».

1 лютага міліцыянты забралі Елісеева, адвезлі ў РАУС. Пасадзілі ў ізалятар, абвінавацілі ў тым, што ён кіраваў машынай не маючы правоў, а таксама ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Гэта была субота, выходныя Елісееў прасядзеў пад вартай. Днямі адбыўся суд, Елісееў атрымаў 20 сутак арышту.

Елісеева пакаралі за ўдзел у «жывых чалавеках» і грамадска-палітычны актывізм, лічаць яго сябры. «Варта» вылучала сваіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах, Елісееў прымаў актыўны ўдзел у гэтым, быў кіраўніком ініцыятыўнай групы аднаго з кандыдатаў.

Цяпер Аляксееў працягвае знаходзіцца пад вартай. Жонка Вольга кажа, што яны пішуць адно адному лісты. Падрабязна пра справы сям’і і прадпрымальніцтва Аляксея яна расказваць не захацела: «Спытайце лепш у мужа, калі ён выйдзе». Але яго «грамадзянства БССР» Вольга нібыта падзяляе. «Мы ў сям’і мужа ва ўсім падтрымліваем», — тлумачыць яна.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Алексей/адказаць/
24.10.2022
Вам,ущербным рабам, не понять статуса Живого человека. Спите дальше .
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031