Знайсці
12.02.2020 / 11:0231РусŁacБел

Адэпт СССР уступіў у канфлікт з беларускімі памежнікамі

Сёння ў 86-й пагранічнай групе мае адбыцца разбіральніцтва з жыхаром Стаўбцоўскага раёна, які пры перасячэнні мяжы 3 лютага ў пункце пропуску «Пясчатка» зладзіў перад пагранічнікамі перформанс. 

Фота Пагранічнага камітэта

Справа ў тым, што гэты грамадзянін — адэпт моднага ў вузкіх колах культу СССР, ён і яго аднадумцы называюць сябе «чалавекамі».

Асноўная ідэя «чалавекаў» у тым, што ніякага распаду СССР не было: маўляў, адпаведных дакументаў няма. А значыць, «на акупаванай тэрыторыі БССР узнікла юрыдычная фірма РБ, якой кіруе гаўляйтар Лукашэнка». Апроч гэтага, «ніякіх грамадзян Рэспублікі Беларусь няма, бо савецкае грамадзянства ніхто не скасоўваў, таму цяперашнія пашпарты — гэта аўсвайсы для перасоўвання на часова акупаванай тэрыторыі».

Чытайце таксама: Адэпты СССР тэрарызуюць чыноўнікаў: давялі дэпутата да істэрыкі, на ўпаўнаважанага па справах рэлігій выклікалі АМАП. Хто яны? ВІДЭА

Што адбывалася на пераходзе, «Нашай Ніве» расказаў афіцыйны прадстаўнік Пагранічнага камітэту Антон Бычкоўскі. 

«Гэты грамадзянін у пункце пропуску паказаў пашпарт, выдадзены ў 2002 годзе. Натуральна, што аблічча чалавека за 18 год істотна змянілася. У такіх выпадках пагранічнікі задаюць дадатковыя пытанні, напрыклад, у яго папрасілі распісацца на паперцы, каб параўнаць почырк. Ён адмовіўся і пачаў патрабаваць старэйшага змены, заявіў, што пашпарт увогуле не ягоны: маўляў, гэта маёмасць Рэспублікі Беларусь. Уключыў відэазапіс, хаця пункт пропуску — рэжымны аб'ект, на ім здымаць забаронена.

Так выглядаюць самаробныя «дакументы» «чалавекаў» 

Старшы змены прапанаваў яму паказаць нейкія іншыя дакументы, які мае з сабой, а таксама запатрабаваў выключыць відэа. Той адмовіўся, называў сябе «проста чалавекам», а не фізічнай асобай, пачаў патрабаваць падпісаныя арыгіналы нарматыўна-прававых актаў. Урэшце, вярнуўся ў сваю машыну, стварыўшы нязручнасці тым, хто стаяў у той паласе.

Для правядзення працэсуальных дзеянняў яго завялі ў службовае памяшканне з ужываннем сілы, агулам разбіральніцтвы з ім занялі амаль 9 гадзін.

«Адпусцілі яго пад абавязацельствы аб яўцы на адміністратыўны працэс па арт. 23.32 (парушэнне рэжыму ў пункце пропуску) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню) КаАП, санкцыя па кожным артыкуле — штраф да 50 базавых велічынь, сёння адбудзецца працэс», — сказаў Бычкоўскі.

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031